Кніга ад шчырага сэрца

- 11:41Навіны рэгіёнаў

Гэтая гісторыя пачалася з вытворчай экскурсіі. Вучні сярэдняй школы № 35 Гродна пабывалі на прадпрыемстве грамадскага аб’яднання БелТІЗ, убачылі, як працуюць людзі з парушэннямі зроку, пазнаёміліся з імі і былі вельмі ўражаны.

Дзеці актыўна ўключыліся ў праект “Цёплыя кнігі”, які ініцыіравалі работнікі бібліятэчнай сістэмы Гродна. Ідэю праекта па стварэнні тактыльных кніг падхапілі навучальныя ўстановы Кастрычніцкага раёна Гродна. У гімназіі № 3, сярэдніх школах №№ 34, 35, 37 і 40 стварылі шэсць тактыльных кніг. А навучэнцы 37-й школы зрабілі зусім незвычайную кнігу — шрыфт Брайля вышылі бісерам.

У 35-й школе група неабыякавых дзяцей працягнула гэтую работу. Пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Дзмітрыя Аляксандравіча Трафімава тут ствараюць кнігі для невідушчых людзей і людзей з парушэннямі зроку.

— Штодня каля 120 навучэнцаў прыходзяць у прышкольны лагер, кожны дзень праводзяцца новыя мерапрыемствы, дзеці ўвесь час маюць цікавыя заняткі, — расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 35 Анжаліка Казіміраўна Казлоўская. — Арганізаваны тэматычныя пляцоўкі, якія будуць працаваць усё лета. Адна з іх — пляцоўка “Карпарацыя дабрыні”, дзе валанцёры-старшакласнікі пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Аляксандравіча ствараюць тактыльныя кнігі і кнігі са шрыфтам Брайля.

Дзевяцікласніцы Насця Трухановіч і Насця Крывіцкая зацікавіліся гэтай справай і старанна вучацца тэхналогіі стварэння незвычайных кніг. Дзяўчаты гавораць, што прыемна ўсведамляць: іх справа прынясе карысць людзям.

Дзмітрый Аляксандравіч расказвае, што пачыналі з маленькіх кніжак казак “Бабовае зярнятка”, “Вяршкі і карэньчыкі”. Потым з’явілася кніга пра абрадавыя лялькі Крупенічку і Багача. У дадатак дзеці зрабілі і саміх лялек. Тэкст у кнізе ў двух варыянтах — буйным шрыфтам для тых, хто слаба бачыць, і шрыфтам Брайля. Каб усё рабіць правільна, папрасілі быць кансультантамі Станіславу Аляновіч і Яўгена Паплаўскага, якія дапамагалі ў наборы тэкстаў. Тэхналогія тут вельмі складаная: для работы выкары-стоўваюцца спецыяльны інструмент грыфель і прыбор — так называюць дзве металічныя пласцінкі, у адной зроблены акенцы, дзе і наколваюцца літары. На адной старонцы можа ўтрымлівацца 400 літар, таму кнігі, напісаныя шрыфтам Брайля, займаюць значна большы аб’ём у адрозненне ад кніг звычайных.

— Складанасць гэтай работы не толькі ў тым, што патрабуецца вялікая акуратнасць, цярпенне, бо адна няправільна нанесеная кропка — і памылка, а яшчэ і ў тым, што літары трэба набіваць у люстраным адбітку, — расказвае Дзмітрый Аляксандравіч. — Літара а абазначаецца адной кропкай у верхнім левым кутку, а нанесці яе трэба ў правым. Словы пішуцца справа налева.

Ёсць свае асаблівасці і пры стварэнні тактыльных кніг: фарбы павінны быць пастэльных тонаў, а фігуры — пазнавальнымі настолькі, каб даць поўнае ўяўленне аб прадмеце ці жывёле.

Сярод найбліжэйшых планаў — стварэнне кніг “Свет фігур” і “Вясёлы агарод”, якія будуць дапамагаць у навучанні, і наладжванне кантактаў з Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школай-інтэрнатам для дзяцей з парушэннямі зроку. Такія падарункі будуць зусім не лішнімі, а яшчэ ў навучэнцаў дзвюх устаноў з’явяцца новыя сябры. Дзмітрый Трафімаў працуе зараз над стварэннем спецыяльнага гадзінніка, які дапаможа ў навучанні невідушчых дзяцей. Але галоўнае, падкрэслівае Анжаліка Казіміраўна, дзеці вучацца спагадлівасці, разуменню патрэб іншых людзей, займаюцца карыснай справай.

Летам у школе ствараюць незвычайную рукапісную кнігу і збіраюцца ўдзельнічаць у абласным конкурсе, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, на лепшую самаробную кнігу.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.