Колькі відаў баговак у Баранавічах? Лепшых юных эколагаў вызначылі на Брэстчыне

- 12:35Новости

У ХХХІІ абласным конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ спаборнічалі 59 школьнікаў, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» загадчыца аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Ганна Уварава.

— Конкурс адыгрывае важную ролю ў павышэнні цікавасці вучняў да прыродазнаўчанавуковых прадметаў, даследчай, эксперыментальнай і практычнай дзейнасці, а таксама ў выяўленні і падтрымцы адораных хлопчыкаў і дзяўчынак, іх прафарыентацыі, — адзначыла суразмоўніца. — Удзельнікі абаранялі работы ў 6 секцыях, якія ахоплівалі даследаванні ў галіне эксперыментальнай біялогіі, экалогіі раслін і біяіндыкацыі якасці прыроднага асяроддзя, экалогіі жывёл і выкарыстання рэсурсаў жывёльнага свету, аграэкалогіі і захавання глебавых рэсурсаў, экалогіі ўрбанізаваных тэрыторый, зялёнай эканомікі, устойлівага развіцця і рацыянальнага прыродакарыстання, водных экасістэм, паветранага асяроддзя і змяненняў клімату. Школьныя работы ацэньвала журы з ліку выкладчыкаў БрДУ імя А.С. Пушкіна і БрДТУ, навуковых супрацоўнікаў Палескага аграрна-экалагічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Дзесяцікласніца Ганна Балькіна з сярэдняй школы № 18 Баранавіч удзельнічала ў абласным конкурсе другі раз. І летась, і сёлета дзяўчына атрымала дыплом І ступені. Яна даследавала папуляцыю баговак у ваколіцах роднага горада. Аказалася, што там распаўсюджаны 13 з 64 існуючых відаў гэтых насякомых. Работу па іх вывучэнні школьніца прадоўжыць, каб прэзентаваць у наступным годзе.

Тым, як уладкаваны навакольны свет, Ганна зацікавілася ў 8-м класе дзякуючы настаўніцы хіміі Наталлі Катлярчук. На факультатыўных занятках дзяўчына з цікавасцю вывучае асаблівасці ўзаемасувязей прыроды і чалавека, уплыў навакольнага свету на яго і наадварот. Юная даследчыца ўдзельнічае ў алімпіядным руху і марыць стаць урачом.

Акрамя Ганны Балькінай, дыпломы І ступені атрымалі Марыя Хвалько з Карчоўскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна («Даследаванне ракі Сервеч у межах пасёлка Савецкі»), Ганна Патапчук з Малоткавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна («Аналіз стану навакольнага асяроддзя аграгарадка Малоткавічы і прылеглай тэрыторыі па мясцовых прыродных індыкатарах»), Ягор Кісляк з сярэдняй школы № 7 Брэста («Аэрагелі. Метады сінтэзу ў вытворчых маштабах і сферы прымянення»), Канстанцін Жуковін з Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна («Уплыў вадкай фракцыі метанавага эфлюенту, атрыманага ў біягазавым рэактары, на рост і развіццё расады тамата») і Кацярына Міхалькевіч з сярэдняй школы вёскі Вялікія Матыкалы Брэсцкага раёна («Біяманіторынг антрапагенна змененых геасістэм рознага ўзроўню ператварэння Брэста і Брэсцкага раёна»).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара