Коміксы для… вучобы. У чым мэтазгоднасць іх выкарыстання ў адукацыйным працэсе

- 11:24Образование

Педагогі брэсцкай сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава знаходзяцца ў пастаянным пошуку новых форм работы, якія павышаюць эфектыўнасць вывучэння замежнай мовы і маюць вялікі лінгвадыдактычны патэнцыял. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі ў дзяцей, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце настаўніца нямецкай мовы Святлана Шлома. — Аналіз вучэбных праграм паказвае патрэбу ў распрацоўцы практыкаванняў, якія дапамага­юць у сціслы тэрмін развіць як мага больш маўленчых уменняў і навыкаў з мэтай удасканалення камунікацыйнай культуры школьнікаў. Адна з інавацыйных форм работы, звязаная з развіццём інфармацыйных тэхналогій, — выкарыстанне крэалізаваных тэкстаў.

— Гэтыя тэксты акружаюць нас паўсюль і ўяўляюць сабой рэкламу, паштоўкі, інструкцыі, коміксы… — працягвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўніца нямецкай мовы Наталля Бойка. — У ілюстраваных тэкстах інфармацыя суправаджаецца рознымі выявамі, якія ствараюць адзінае цэлае, што комплексна ўздзейнічае на адрасата. Так, коміксы — гэта апавяданні ў карцінках, дзе сюжэт раскрываецца пераважна з дапамогай ілюстрацый, а не тэксту, яны валодаюць вялікім вучэбным патэнцыялам для эфектыўнага развіцця маўленчых навыкаў дзяцей і павышэння іх камунікацыйнай культуры.

Першыя коміксы з’явіліся ў пачатку 1970-х гадоў у Францыі. Тамтэйшыя дзеці з вялікім захап­леннем разглядвалі карцінкі і чыталі альбомы, якія расказвалі пра шматлікія прыгоды юнага рэпарцёра Цінціна і яго неразлучных спадарожнікаў у розных кутках свету. Малюнкі бельгійскага мастака Жоржа Рэмі, які меў псеўданім Эржэ, дзякуючы надзвычайнаму поспеху ў чытачоў, прыцягнулі ўвагу мастацтвазнаўцаў, лінгвістаў і іншых спецыялістаў.

— У сучасным адукацыйным працэсе не абысціся толькі друкаванымі тэкстамі без дадатковага матэрыялу, — тлумачыць Святлана Шлома. — Крэалізаваныя тэксты павышаюць цікавасць вучняў да прадмета, утрымліваюць іх увагу, садзейнічаюць лепшаму ўспрыманню, засваенню і запамінанню матэрыялу. Дзякуючы коміксам, школьнікі паляпшаюць чытацкія навыкі, удасканальваюць пісьмо, пашыраюць слоўнікавы запас, развіваюць крытычнае мысленне і творчыя здольнасці, вывучаюць культурныя здабыткі іншых краін.

Мэтазгоднасць выкарыстання коміксаў на ўроках замежнай мовы абгрунтаваў расійскі лінгвіст доктар філалагічных навук Аляксандр Сонін. Так, ідэаграфічныя знакі ў коміксах уздзейнічаюць на дзяцей і задаюць адпаведны эмацыянальны фон для кожнай рэплікі. Усе з іх упісаны ў сітуацыю зносін і ўспрымаюцца менавіта ў кантэксце гэтай сітуацыі. Коміксы адкрываюць шырокія магчымасці для выкарыстання ў сітуацыі зносін краіназнаўчай інфармацыі, а ідэаграфічныя элементы, якія перадаюць дынаміку, форму і колер, актуалізуюць самыя агульныя паняційныя моманты і тармозяць утварэнне асобасных сэнсаў.

— Методыка работы з коміксамі накіравана на ўдасканаленне моўных навыкаў і павышэнне маўленчай актыўнасці вучняў, — расказвае Наталля Бойка. — Спалучэнне карцінак і тэксту дазваляе школьнікам звяртацца да моўнай здагадкі, а педагогам — прымя­няць шырокі спектр заданняў.

Педагогі 20-й школы выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці некалькі відаў работы з коміксамі на вучэбных занятках. Так, прагназаванне зместу комікса на аснове загалоўка дапамагае дзецям вылу­чыць ключавыя словы, вызначыць праблему комікса і абагульніць яго змест, зрабіць высновы і даць характарыстыку персанажам.

— Заданні ў парах ці групах па змесце комікса далучаюць вучняў да абмеркавання праблемы, закранутай у ім, і да аргументацыі яе значнасці, — адзначае Святлана Шлома. — Выконваючы падобныя заданні, дзеці не толькі вызнача­юць тэму і праблему, але і выказваюць уласныя меркаванні, прапануюць асабістую інтэрпрэтацыю і ацэнку матэрыялу. Акрамя таго, гэтыя прыёмы вучаць абменьвацца інфармацыяй, а індывідуальная работа з коміксам дапамагае фіксаваць неабходную інфармацыю з прачытанага і абагульняць яе, вылучаць ключавыя словы, коратка выкладаць змест убачанага і творча прэзентаваць гэта.

Па словах педагогаў, чытанне коміксаў і ўзнаўленне адсутных кадраў ці вербальнага кампанента даволі эфектыўна развіваюць камунікатыўную культуру вучняў, дапамагаючы ім ацэньваць учынкі і характарызаваць персанажаў, факты і падзеі. Выкладаючы змест, дзеці вучацца вылучаць галоўнае, тое, што адпавядае пастаўленым пытанням ці агучаным праблемам, а таксама дыферэнцыраваць асноўную і другасную інфармацыю.

— Коміксы, створаныя самімі школьнікамі на аснове загалоўкаў ці пэўных сітуацый, павышаюць маўленчую актыўнасць, — лічыць Наталля Бойка. — Пры гэтым вучні выказваюць уласны пункт погляду, ставяць творчую мэту і падпарадкоўваюць сваю дзейнасць яе дасягненню, бяруць на сябе ініцыятыву пры абмеркаванні, абараняюць уласныя перакананні, плануюць і кантралююць уласную дзейнасць. Падчас такой работы дзеці вызначаюць мэты сумеснай дзейнасці, выкарыстоўваюць метады творчага праектавання, вучацца самааналізу і самаацэнцы вынікаў дзейнасці.

— Выкарыстанне коміксаў у навучанні мае шэраг пераваг, — заўважае Святлана Шлома. — Лаканічныя дыялогі і эмацыянальна афарбаваная інфармацыя, прадстаўленыя ў коміксах, дапамагаюць лепш засвоіць веды. Лексіка з коміксаў адносіцца да розных сфер жыцця і чалавечай дзейнасці, што дазваляе выкарыстоў­ваць гэты від крэалізаванага тэксту амаль на любым уроку. Коміксы адлюстроўваюць нацыянальны характар носьбітаў мовы, таму развіваюць і сацыякультурную кампетэнцыю вучняў.

Паводле назіранняў педагогаў, лепш за ўсё засвойваецца і трывала запамінаецца тое, што выклікае станоўчыя ці адмоўныя адносіны. А паколькі комікс будуецца па прынцыпе падманутага чакання і ў ім абавязкова ёсць пэўныя неадпаведнасці, перабольшанні ці намёкі на штосьці за кадрам, то ўспрыманне і разуменне комікса заўсёды прадугледжвае пошукавую і творчую дзейнасць.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ