Конкурс талентаў “Песня для “Еўрабачання”

У адзін з суботніх дзён у Залескім яслях-садзе — сярэдняй школе адбыўся конкурс “Песня для “Еўрабачання”.

Такі конкурс талентаў праводзіцца другі раз. Чакалі яго дзеці, бацькі, настаўнікі. Чакалі з хваляваннем і прадчуваннем нечага незвычайнага. Створаны творчыя візіткі, падрыхтаваны касцюмы і дэкарацыі, адпрацаваны кожны рух на шматлікіх рэпетыцыях. На нейкі момант невялікае памяшканне школьнай сталовай ператварылася ва ўтульны зялёны пакой, дзе кожная каманда балельшчыкаў сур’ёзна збіралася даказаць усім прысутным, што прадстаўнік менавіта іх краіны самы лепшы.

Андрэй Гнілазуб, Настасся Ліс, Аляксандра Гнілазуб, Ганна-Марыя Копач, Мілана Кенько, Павел Кохан, дуэты Ульяны Зімагляд і Таццяны Мацаль, Алесі Шып і Таццяны Радзіеўскай. Дзесяць выступоўцаў, дзесяць талентаў, восем краін свету. Усе яны — аматары музыкі, кожны імкнецца стварыць свой імідж у музычнай прасторы, паланіць сэрцы гледачоў.

Абаяльныя вядучыя на рускай і англійскай мовах абвяшчаюць пачатак. Дзве гадзіны еднасці славянскіх моў, яднання краін Еўропы, музычнай асалоды! Усё як на сапраўдным “Еўрабачанні”. Шоу адбылося!

Пакуль кампетэнтнае журы рабіла нялёгкі выбар, у гледачоў была магчымасць зрабіць свой, апусціўшы ў скрыню для галасавання стыкер з нумарам упадабанага выступоўцы.

Мілагучнасць украінскай мовы, нацыянальныя касцюмы, сапраўдны артыстызм выканання не пакінулі раўнадушнымі нікога, і прыз сімпатый гледачоў атрымала вучаніца 11 класа Ганна-Марыя Копач з песняй на ўкраінскай мове “8-й колір”. Яна ж атрымала дыплом ІІ ступені па выніках галасавання журы. Дыплом ІІІ ступені атрымала вучаніца 6 класа Аляксандра Гнілазуб з песняй “А я стамілася”.

Безумоўнай пераможцай конкурсу “Песня для “Еўрабачання” стала вучаніца 4 класа Мілана Кенько з песняй “Мая гармонь”. Моцны вакал, крэатыўнасць, спецэфекты падчас выканання нумара і падтрымка аднакласнікаў. Дыплом І ступені Мілана атрымлівае другі раз. Ужо некалькі гадоў дзяўчынка прафесійна займаецца вакалам, з’яўляецца салісткай узорнай вакальнай групы эстраднай песні “Радасць” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам Веранікі Францаўны Бурынскай.

У нашай установе адукацыі праходзіць шмат цікавых мерапрыемстваў суботняга дня, а конкурс талентаў “Песня для “Еўрабачання” з лёгкай рукі настаўніцы англійскай мовы і арганізатара конкурсу Алены Віктараўны Канапацкай стаў не толькі традыцыйным, але і самым чаканым і запатрабаваным мерапрыемствам года.

Наталля СІДАРАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Залескага
ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна.