Конкурс «Я пазнаю свет» — яшчэ адна прыступка на шляху да значных навуковых адкрыццяў

- 14:30Новости

Вочны этап абласнога конкурсу работ даследчага характару і праектаў навучэнцаў 5—8-х класаў устаноў адукацыі Віцебшчыны «Я пазнаю свет» стаў сапраўдным святам навукі, паведамляе карэспандэнт  «Настаўніцкай газеты».

Традыцыйная канферэнцыя сёлета пашырыла фармат. Зыходзячы з запытаў удзельнікаў і педагагічнай грамадскасці, у напрамку прыродазнаўчых дысцыплін замест ранейшай адной было вырашана вылучыць дзве секцыі: асобна «Геаграфія, экалогія», «Біялогія і хімія». Па словах начальніка цэнтра суправаджэння работы з дзецьмі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай і грамадскай дзейнасці Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аксаны Абаровіч, папулярны і запатрабаваны штогадовы форум трывала ўвайшоў у выбудаваную на Віцебшчыне сістэму матывацыі і падрыхтоўкі юных даследчыкаў.

— Аб росце цікавасці навучэнцаў і педагогаў вобласці да мерапрыемства пераканаўча сведчыць той факт, што колькасць удзельнікаў пастаянна павялічваецца, — паведаміла А. Абаровіч. — Так, у гэтым навучальным годзе было заяўлена 345 работ на адборачны этап, з якіх 80 прайшлі на заключны. Галоўная мэта канферэнцыі —  актывізацыя і развіццё даследчай дзейнасці навучэнцаў, выяўленне і падтрымка таленавітых дзяцей, стварэнне ўмоў для развіцця іх асобасных, міжпрадметных кампетэнцый. У склад журы ўвайшлі выкладчыкі ўсіх устаноў вышэйшай адукацыі Віцебска, вопытныя настаўнікі-прадметнікі, начальнікі цэнтраў і метадысты ВАІРА.

Як старшыня журы прадметнай секцыі, хачу выказаць вялікую падзяку ўсім нашым удзельнікам і іх педагогам: работы па беларускай мове і літаратуры насамрэч парадавалі шэрагам адметных знаходак, ідэй і падыходаў, — адзначыла дацэнт кафедры правазнаўства і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» Таццяна Дубоўская. — Несумненна, удзел у канферэнцыі ўяўляе сабой каштоўны вопыт. Для навучэнцаў гэта ў тым ліку цудоўная магчымасць паглыбіць навыкі самапрэзентацыі, што спатрэбіцца цяперашнім школьнікам у будучай навуковай і творчай дзейнасці, дзелавой камунікацыі.

Самы хвалюючы момант канферэнцыі — урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. З поспехам герояў дня, іх настаўнікаў і бацькоў павіншавалі рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская і дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» Ірына Нікалаева.

— Конкурс «Я пазнаю свет» — выдатны прыклад таго, як школьная адукацыя можа быць прывабнай, займальнай і карыснай для юных даследчыкаў, — падкрэсліла В. Лапацінская. — Такія мерапрыемствы не толькі дазваляюць навучэнцам раскрыць свой патэнцыял, але і натхняюць іх на далейшыя даследаванні. Шчыра веру, што ўдзел і сённяшняя перамога для многіх нашых канкурсантаў — яшчэ адна прыступка на шляху да вялікага поспеху, значных навуковых адкрыццяў.

Настаўніца хіміі сярэдняй школы № 1 Новалукомля імя Ф.Ф. Дуброўскага Лілія Мамойка:

— Мы з вучаніцай 7-га класа Палінай Перагуд у даследаванні на прыкладзе энергазберажэння закранулі актуальную для сучаснага грамадства тэму зваротнага навучання пакаленняў. Справа ў тым, што часам дарослыя ў сем’ях школьнікаў — пакаленні бацькоў і іх бацькоў — не ўсведамляюць глыбіню названай праблемы. Бо ў падсвядомасці жыве: прыродныя багацці бясконцыя, навошта іх берагчы. Дзеці ставяцца інакш. Яны бачаць, як бяздумнае марнатраўства рэсурсаў збядняе і паступова разбурае навакольны свет. Менавіта нашы школьнікі матывуюць родных пачаць эканоміць, берагчы як дзеля захавання прыроднага асяроддзя, так і дзеля ўласнай карысці. Між іншым, добра пераконваюць!

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Міёрскай сярэдняй школы № 3 імя Я.А. Томкі Святлана Яцкоўская:

— У скарбонцы маіх вучняў ёсць перамогі на абласным конкурсе работ даследчага характару «Эўрыка». А вось выступіць на ўзроўні сярэдняга звяна, на конкурсе «Я пазнаю свет», сёлета вырашылі ўпершыню. Дэбют шасцікласніцы Уладзіславы Лапкоўскай атрымаўся ўдалы: дыплом І ступені! Вельмі рады і нацэлены з новымі сіламі працягваць работу.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара