Кот у ботах, Людаед з сэлфі-палкай

- 12:03Навіны рэгіёнаў

Дзе знайсці шчасце? Да чаго прыводзіць сяброўства са свойскімі жывёламі? Як стаць папулярным блогерам з сусветным імем і пабудаваць Людалэнд? На ўсе гэтыя пытанні напярэдадні навагодніх і калядных свят штодня адказваў калектыў Абласнога цэнтра творчасці, на сцэне якога прайшлі паказы казкі-мюзікла для ўсёй сям’і па матывах аднайменнага твора Шарля Перо “Кот у ботах”.

Практычна ўсе білеты былі раскуплены яшчэ за месяц да пачатку паказаў. На спектаклях — аншлагі, прычым дзеці і дарослыя з нецярпеннем чакаюць не толькі асноўнага дзеяння, якое адбываецца на сцэне, але і вясёлага часу каля ёлкі з песнямі, карагодамі, цікавымі гульнямі і запамінальнымі героямі, добрым Дзедам Марозам і прыгажуняй Снягуркай.

— Апошнім часам мы ставім менавіта аўтарскія казкі, — расказала рэжысёр спектакля Наталля Вячаславаўна Зубкова. — У гэтым годзе ўзялі Шарля Перо “Кот у ботах”, аднак вырашылі зрабіць казку на новы лад. Казка асучаснена самымі папулярнымі на сёння музычнымі кампазіцыямі, новымі сюжэтнымі лініямі і маладзёжным лексіконам саміх герояў. Акрамя гэтага, у пастаноўцы выкарыстоўваюцца яркія дэкарацыі, незвычайныя светлавыя рашэнні, відэатрансляцыі і іншыя мультымедыйныя магчымасці. Усе гэтыя складнікі гарманічна спалучаюцца, ствараючы атмасферу чараўніцтва і навагодняга свята.

У кожным спектаклі задзейнічана больш як 70 акцёраў, 80% з іх — дзеці, выхаванцы калектываў Абласнога цэнтра творчасці: заслужаных аматарскіх калектываў тэатра-студыі “Вясёлка” і ансамбля народнай песні “Ярыца”, узорнага харэаграфічнага ансамбля “Крынічка”, узорнай тэатральнай студыі “Экстрым”, узорнага тэатра гульні і юных вядучых “Бім-бом”. Узрост акцёраў — ад 10 да 18 гадоў. Па словах намесніка дырэктара Абласнога цэнтра творчасці Вольгі Сяргееўны Рамашкевіч, такой вялікай колькасці дзяцей удалося пасябраваць на адной сцэне дзякуючы таму, што стварэнне спектакля — працэс вясёлы і займальны.

— Тое, што ў казках мы задзейнічаем шмат дзяцей, напэўна, і стала залогам поспеху нашых паказаў, — адзначыла суразмоўніца. — Моладзь удзельнічае ў спектаклях з задавальненнем і вялікім энтузіязмам, і такая шчырасць знаходзіць водгук у сэрцах гледача. Больш за тое, казкі становяцца своеасаблівай рэкламай аб’яднанняў па інтарэсах, якія дзейнічаюць на базе нашай установы. Спачатку дзеці прыходзяць паглядзець спектакль, а потым запісваюцца ў гурткі: аднаму спадабаліся танцы, другому — пастаноўка музычных нумароў, трэцяму — тэатралізацыя.

Стварэнне спектакля — даволі працяглы працэс, які пачынаецца з выбару літаратурнага матэрыялу і распрацоўкі канцэпцыі. Напрыклад, над стварэннем казкі “Кот у ботах” творчы калектыў установы працаваў з верасня. Ужо ў кастрычніку пачалося ўвасабленне праектаў дэкарацый, пашыў касцюмаў і рэпетыцыі акцёрскага складу. Дарэчы, для кожнага спектакля шыюцца свае касцюмы, якія павінны быць не толькі прыгожымі, але і зручнымі. Акрамя таго, кожны касцюм павінен адлюстроўваць характар героя, а гэта сапраўдны мазгавы штурм для педагогаў мастацкіх студый цэнтра.

Яшчэ адна няпростая задача — зрабіць казку навагодняй і займальнай для сучаснага гледача, таму ў канву спектакля ўплятаецца шмат цікавых момантаў, разлічаных на публіку розных узростаў. Тут дарэчы і апошнія музычныя хіты — ад Цімаці да Сяргея Шнурава, і асабістыя старонкі казачных герояў у сацыяльных сетках, і цытаты з рэкламных ролікаў. Тым не менш асноўныя рэжысёрскія пасылы — вера ў дабро, чаканне цуду, сіла шчырай дружбы, бескарыслівае каханне — з казкі ў казку застаюцца нязменнымі.

Раскрыць усе задумы дапамагаюць яркія і неардынарныя вобразы казачных персанажаў, характары якіх прадумваюцца да дробязей. Нават першапачаткова адмоўныя персанажы пасля прапрацоўкі атрымліваюцца неадназначнымі і запамінальнымі. Так, Людаед, маг і чарадзей, па задумцы рэжысёра, “людзей не есць, а лайкі ставіць”. Перад гледачом ён паўстае ў вобразе своеасаблівага распешчанага дзіцяці, якому ўсё дазволена: смачна есць, доўга спіць і блогернічае.

— У спектаклі я іграю графа дэ Людо, — расказвае культарганізатар Абласнога цэнтра творчасці Рустам Асманаў. — Роля вельмі сучасная і, наколькі я магу меркаваць, прымаецца дзецьмі на ўра. Па сюжэце, я блогер, гэта цяпер модна, гэта ў трэндзе. Вяду вельмі цікавыя і карысныя блогі пра жывёл, па кулінарыі — карацей, вучу дзяцей зарабляць грошы. Акрамя гэтага, з дапамогай краўдфандынгу збіраю сродкі на свой амбіцыйны праект пад назвай “Людалэнд”, каб там раздаваць шчасце. Паколькі я ўсё ж такі герой з адмоўным ухілам, шчасце буду раздаваць не ўсім, а толькі тым, каму захачу.

Сярод рэквізіту графа дэ Людо — сэлфі-палачка і стыльны смартфон. Ён — яркі прадстаўнік пакалення Next, цалкам пагружаны ў віртуальную рэальнасць. На сцэне яго вобраз пераклікаецца з персанажам Кіяну Рыўза Неа з культавай кінатрылогіі “Матрыца” — той жа доўгі чорны плашч і цёмныя акуляры. У казцы граф дэ Людо хутчэй не адмоўны герой, а менавіта жыццёвы, у ім ёсць як добрыя, так і дрэнныя рысы, не ўзведзеныя ў абсалют.

— Падмяняе мой вобраз паняцці дабра і зла? Не думаю… — шчыра прызнаецца Рустам Асманаў. — Сказаць прама, што ў нашай казцы Людаед атрымаўся дрэнным, нельга. Трошкі адчувае сябе зоркай — так, і гэта дрэнна! Атрымліваецца, што мы вучым дзяцей, каб яны не зазнаваліся, маючы свае каналы на YouTube. Але ж яны не слухаюцца!

Малодшы сын мельніка Жан — персанаж выключна станоўчы, аднак і гэты вобраз можа быць карысным прыкладам у выхаванні дзяцей.

— Жан — просты добры хлопец, нікому не жадае зла, аднак яму па жыцці не шанцуе: не тое каб ён няўдачнік, але нічога не робіць, каб змяніць сітуацыю, — разважае Віктар Яўгенавіч Шаўчук, культарганізатар Абласнога цэнтра творчасці. — Бачачы ўсё гэта, нават Кот вырашыў яму дапамагчы. І нечакана для майго героя адбываецца цуд: на яго галаву звальваецца шчасце, вялікая любоў, багацце. Для мяне гэта спектакль пра сапраўднае сяброўства і ўзаемадапамогу, а таксама пра веру ў цуды, якія абавязкова спраўджваюцца.

Дарэчы, у казцы адказны за чараўніцтва — не хто іншы, як Дзед Мароз. Шмат гадоў у яго ролі выступае канцэртмайстар заслужанага ансамбля “Ярыца” Раман Васільевіч Марозаў. Менавіта ён стварае на сцэне навагодні настрой, дапамагае героям і гледачам паверыць у тое, што ўсё магчыма.

Няпроста ў спектаклі складваюцца адносіны Прынцэсы і Караля. Бацька ўвесь час шукае шляхі выхаду з крызісу, які абрынуўся на каралеўства, а Прынцэса “ад нуды тырчыць у Facebook”. Маладая дзяўчына не хоча вучыцца, а марыць аб вялікім і шчырым каханні. Па сюжэце, за яе руку змагаецца наіўны Жан і гламурны граф дэ Людо. Калі апошні робіць усё, каб заваяваць увагу каралеўскай асобы (становіцца яе сябрам ва ўсіх сацыяльных сетках, папросіць яе рукі ў Караля), то за першага стараецца Кот, абаянне якога можна параўнацца з аналагічным персанажам Антоніа Бандэраса ў мультфільме “Шрэк”. Нягледзячы на ўсе сюжэтныя перыпетыі, казка заканчваецца добра — кожны з герояў атрымлівае свой кавалачак шчасця. І нават Людаед пазбегне недарэчнай смерці ў каціных кіпцюрах, будзе памілаваны і стане сусветна вядомым блогерам. Як кажуць, кожнаму — сваё…

— Акрамя звычайных паказаў казкі-мюзікла “Кот у ботах”, у гэтым годзе на базе Абласнога цэнтра творчасці пройдуць яшчэ і дабрачынныя спектаклі, у тым ліку губернатарская ёлка і ёлка абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, — заключыла Вольга Сяргееўна Рамашкевіч. — Спадзяёмся, што наша казка створыць для маленькіх гледачоў сапраўдную святочную атмасферу, бо Каляды і Новы год — чароўная пара, час, калі спраўджваюцца мары.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.