Кожны ўкладзены бюджэтны рубель арыентаваны на канчатковы вынік

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ацаніў эфектыўнасць рэалізацыі дзяржаўных праграм у 2016—2020 гадах падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў.

“У папярэдняй пяцігодцы рэалізоўвалася 21 дзяржаўная праграма, якая падпадае пад ацэнку. Агульны аб’ём фінансавання — Br357 млрд, з іх бюджэтныя сродкі — больш за Br111 млрд. Асобныя праграмныя мерапрыемствы, якія фарміруюць паказчыкі якасці жыцця насельніцтва і ўзроўню камфорту, выкананы з добрым вынікам. Напрыклад, забяспечанасць насельніцтва жыллём у разліку на аднаго жыхара павялічана да 28,3 кв.м, створана каля 7,7 тысячы аб’ектаў сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры, у тым ліку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Адрамантавана і рэканструявана амаль 7,5 тысячы км мясцовых аўтамабільных дарог. Згодна з падагульняючай справаздачай, 48 працэнтаў дзяржпраграм аднесены да высокаэфектыўных і эфектыўных, па астатніх эфектыўнасць ацэньваецца як сярэдняя”, — сказаў Раман Галоўчанка.

Ён таксама звярнуў увагу на насцярожваючыя тэндэнцыі. “Да канца пяцігодкі знізілася доля высокаэфектыўных праграм. Не выканана пятая частка зводных мэтавых паказчыкаў. Асобныя з іх не выконваліся на працягу ўсяго перыяду рэалізацыі дзяржпраграм. Гэта суадносіны завінавачанасці і выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ў сельскай гаспадарцы (праграма “Аграрны бізнес”), удзельная вага валавой дабаўленай вартасці, якая фарміруецца малым і сярэднім бізнесам (праграма “Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва”)”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, ёсць пытанні таксама да мерапрыемстваў, што выконваюцца па дзяржпраграмах. “У галіне развіцця лічбавай эканомікі не рэалізаваны або не цалкам рэалізаваны праекты электроннага бальнічнага, сістэм беспапяровага гандлю, аўтаматызацыі адміністрацыйных працэдур, электроннай школы, сістэмы кіравання дзяржфінансамі. Шмат нявыкананых мерапрыемстваў і па дзяржпраграмах “Энергазберажэнне”, “Будаўніцтва жылля”, — праінфармаваў ён.

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у гутарцы з журналістамі адзначыў, што бюджэтныя сродкі складаюць каля 30 працэнтаў ад агульнага аб’ёму фінансавання дзяржпраграм. “Рэсурсы накіроўваюцца на канкрэтныя задачы, мы арыентуем кожны бюджэтны рубель на канчатковы вынік”, — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, высокаэфектыўнымі прызнаны дзяржпраграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”, “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, “Беларусь гасцінная”. “Вядома, вельмі важна прааналізаваць і праблемныя пытанні. Ёсць перадумовы, якія стрымліваюць будаўніцтва інфраструктуры. Шэраг праблем звязаны з рэспубліканскімі і мясцовымі дарогамі, мастамі, пытаннямі меліярацыі”, — адзначыў міністр.

Аляксандр Чарвякоў расказаў таксама аб тым, якія навацыі плануецца ўкараніць у бягучай пяцігодцы. “Першая навацыя тычыцца ацэнкі эфектыўнасці дзяржпраграм. Выніковасць будзем ацэньваць не толькі на ўзроўні краіны, але і на ўзроўні кожнага рэгіёна. Што тычыцца другой навацыі, Міністэрства эканомікі распрацоўвае лічбавую платформу, якая, акрамя маніторынгу выканання дзяржпраграм, будзе ўключаць апытанні насельніцтва, як выконваюцца тыя ці іншыя мерапрыемствы. Такая лічбавая платформа ў поўным аб’ёме пачне працаваць у 2023 годзе”, — паведаміў ён.