Краіны еўразоны дамовіліся аб рэфармаванні валютнага саюза

- 11:36Інфармацыйная гадзіна

Брусель распрацаваў пакет мер па павелічэнні выкарыстання еўра ў такіх стратэгічных сферах, як энергетыка, сыравінныя тавары, самалётабудаванне, у спробе абмежаваць дамінаванне долара ў якасці сусветнай рэзервовай валюты. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на брытанскую газету Financial Times.

У праекце дакумента Еўракамісіі, які будзе прадстаўлены на разгляд лідараў ЕС на маючым адбыцца ў снежні саміце, гаворыцца, што ўмацаванне міжнароднай ролі еўра неабходна для павышэння эканамічнага суверэнітэту ЕС з улікам палітыкі, якая праводзіцца Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Брусель лі­чыць неабходным дзейнічаць у адпаведнасці з “нядаўнімі праблемамі адносна кіравання і гандлю на аснове міжнародных правіл”. Гэтая заўвага, як лічыць выданне, з’яўляецца скрытай спасылкай на агрэсіўную гандлёвую палітыку Адміністрацыі Дональда Трампа.

У гэтай сітуацыі, лічаць у ЕК, краіны — члены ЕС павінны гарантаваць, што кантракты, заключаныя ў рамках міждзяржаўных энергетычных пагадненняў, будуць у еўра. Адзначаецца, што на гэты момант больш за 80 працэнтаў імпарту Еўрасаюзам энергарэсурсаў у доларах. Выкарыстанне еўра набывае асаблівую значнасць для Бруселя ў сувязі з намаганнямі еўрапейскіх краін па захаванні здзелкі з Іранам, якая абмяжоўвае ядзерныя распрацоўкі Тэгерана.

Садзейнічанне павелічэнню глабальнага выкарыстання еўра адлюстроўвае палітычную, эканамічную і фінансавую вагу блока ў больш шматпалярным свеце, указваецца ў праекце дакумента.