Край міфаў

- 15:51Родная земля

Жытнёвае поле — гэта не толькі жыта, курапаткі, жаўрукі. Гэта яшчэ і палявік з русалкамі. Сасновы бор — гэта не толькі сосны, перастук дзятлаў, мурашыныя палацы. Гэта яшчэ і лесавік з пушчавіком. Азёры і рэкі — гэта не толькі вада, ляшчы, акуні. Гэта яшчэ і цмок з вадзянікам. Нарэшце, балота — гэта не толькі мох, журавіны, жураўлі. Гэта і балотнік з багнікам. Жытнёвыя палі, запаведныя лясы, празрыстыя азёры, звілістыя рэкі, непраходныя балоты з іх рэальнымі і міфічнымі жыхарамі — усё гэта Лепельскі раён, які па багацці і разнастайнасці жывёльнага, расліннага і міфалагічнага свету ўпэўнена займае першае месца ў краіне.

Багатая спадчына

234 віды птушак, 56 відаў млекакормячых, 34 віды рыб, больш за 2 тысячы раслін. Кожны год тысячы турыстаў з Беларусі, краін далёкага і блізкага замежжа прыязджаюць на Лепельшчыну, каб палюбавацца гэтымі прыроднымі скарбамі. Многія едуць спазнаваць не менш багатую міфалагічную спадчыну. А паглядзець у краі сівых валуноў і блакітных азёр ёсць на што і на каго. Па-першае, гэта балотнік незвычайны, які ў самым добрым суседстве жыве з арлом-вужаедам. Па-другое, гэта цмок і яго сяброўка-русалка, якія аблюбавалі возера Лепельскае і сябруюць з прадстаўнікамі рыбнага княства. Па-трэцяе, гэта палявік, які любіць сярод дзённай летняй спёкі паслухаць спевы жаўрука палявога.

Каб пабачыць гэтых міфалагічных істот (дакладней, іх вобразы, створаныя экскурсаводамі і мастакамі), не абавязкова залазіць у глыб непралазных балот і запаведных лясоў. У чэрвені ў Домжарыцах (самым сэрцы Лепельскага раёна і яго галоўнай славутасці — Бярэзінскім біясферным запаведніку) быў афіцыйна адкрыты Цэнтр міфалагічнага турызму, які ўключае музей міфалагічных істот, міфалагічны хутарок і экалагічную сцежку “У краі міфаў”. А напрыканцы лета ў Лепелі па добрай традыцыі ладзіцца Міжнародны фестываль беларускай міфалогіі “У госці да лепельскага цмока”. 20 жніўня лепельскі цмок сустракаў шматлікіх гасцей і кожнага абдорваў лагодным по-глядам.

Цмок з лагодным поглядам? Нічога дзіўнага. Гэта ж беларускі цмок, лепельскі. Гэта не герой масавай культуры з вострымі, як сярпы, кіпцюрамі і такімі ж вострымі, як сякеры, крыламі. Ды і з пашчы ён выпускае не агонь, а ласкавыя ўсмешкі. Можа, таму і заваяваў народную любоў. Вобраз цмока з лагодным поглядам і ласкавай усмешкай — гэта заслуга мастака Святланы Крэс і аўтара знакамітай скульптуры, усталяванай на беразе возера Лепельскага, Льва Аганава, а таксама ініцыятара яе стварэння краязнаўцы Уладзіміра Шушкевіча. Менавіта з устаноўкі гэтай скульптуры ў лістападзе 2013 года і пачалася актыўная папулярызацыя цмока як турыстычнага брэнда Лепельскага раёна. Такая папулярызацыя — яскравы прыклад плённага супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый і дзяржаўных устаноў і ведамстваў, у тым ліку ўстаноў адукацыі.

Балотнік незвычайны

Да лепельскага цмока мы яшчэ абавязкова вернемся, а пакуль што завітаем у Домжарыцы на сустрэчу з яшчэ адным міфалагічным персанажам — балотнікам незвычайным. Незвычайнасць яго ў тым, што гэта цалкам рэальны герой. Сустрэцца з ім можна не толькі на балоце, дзе ў яго ёсць свая хатка, але і ў Музеі прыроды запаведніка або нават на вуліцах Домжарыц. Адным словам, знаёмцеся: экскурсавод Бярэзінскага біясфернага запаведніка Віктар Генадзьевіч Роўда, а балотнік незвычайны — персанаж, якога ён прыдумаў шэсць гадоў назад. Чаму балотнік, а не, скажам, палявік або лесавік, здагадацца няцяжка. Па словах Віктара Генадзьевіча, 60% плошчы запаведніка займаюць суцэльныя балоты.

— Згодна з міфалогіяй, балотнік — першапачаткова злосны персанаж. І гэта нядзіўна, бо на працягу стагоддзяў ішла барацьба паміж балотнікамі і людзьмі, паколькі чалавек не вельмі добра ставіўся да прыроды, вырубаў лясы, асушаў балоты. А што значыць для балотніка асушыць балота? Гэта немінучая гібель. Аднак са з’яўленнем запаведніка ўсё пачало змяняцца, і балотнік перайшоў на легальнае становішча. Яму на балоце хатку пабудавалі, мабілку падарылі, апранулі з сэканд-хэнда. Цяпер балотнік добры, ён ласкава сустракае гасцей, але толькі тых, хто добра ставіцца да прыроды.

Наогул, уся беларуская міфалогія нясе выхаваўчую ролю, таму вельмі добра, што ў госці да балотніка на экскурсію часта прыходзяць школьнікі. З вуснаў гаспадара бярэзінскіх балот яны даведваюцца пра разнастайнасць жывёльнага і расліннага свету запаведніка, вучацца ахоўваць прыроду, успрымаць яе не толькі як месца для гатавання шашлыкоў. Дзеці спазнаюць простую ісціну: прырода абыдзецца без чалавека, яна ўздыхне з палёгкай, а вось чалавек без прыроды не пражыве. Пытаю дзяцей: “А 20, 30, 40 гадоў — гэта багата?” Яны адказваюць, што так. Тады гавару: “Паверце старому, у параўнанні з 624 гадамі гэта нямнога. Аднак за гэтыя 20, 30, 40 гадоў нешта ў прыродзе знікае бясследна. Хочацца, каб вы, мае юныя госці, не толькі чучаламі любаваліся, але і змаглі бачыць усё гэта ўжывую. Для гэтага вы павінны беражліва ставіцца да прыроды”. Вось так праходзяць нашы сустрэчы, — паведаміў Віктар Генадзьевіч.

Дык якое ж яно, уладарства балотніка незвычайнага? Па словах Віктара Генадзьевіча, 10 тысяч гадоў назад пасля актыўнага раставання ледавіка Верхнебярэзінская нізіна была вялікім возерам. Потым вада пачала адступаць і з’явілася сетка азёр. Сёння на тэрыторыі Лепельскага раёна іх налічваецца каля 140, 7 знаходзяцца ў запаведным краі, і глыбіня гэтых азёр складае ўсяго паўтара-два метры. Прыкладна праз тысячу гадоў яны таксама ператворацца ў балота, паколькі маюць дыстрафуючы характар. Унікальным з’яўляецца возера Плаўна. Адна частка яго вады сыходзіць у Чорнае мора, іншая частка — у Балтыйскае. Па заходняй мяжы запаведніка працякае Бярэзіна. Гэта адзіная рака ў Беларусі, якая на працягу 110 км працякае па запаведнай тэрыторыі і пры гэтым не перасякае ніводны населены пункт. Папулярнымі з’яўляюцца байдарачныя сплавы па запаведніку, у тым ліку па частцы Бярэзінскай воднай сістэмы, што злучала Бярэзіну, якая адносіцца да басейна Чорнага мора, з Заходняй Дзвіной і Балтыйскім морам. Сёння гэта помнік гісторыі, інжынернай думкі. Для аматараў актыўнага адпачынку ў запаведніку ёсць усё неабходнае. Балотнік незвычайны запрашае вас у свае ўладанні.

Сусвет беларуса

У Бярэзінскім біясферным запаведніку ёсць усё неабходнае і для папулярызацыі міфалагічнай спадчыны краю. Нездарма ў мінулым годзе ў рамках праекта “Са-дзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца ПРААН, ГА “Адпачынак у вёсцы”, Бярэзінскім біясферным запаведнікам, Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, тут пачалося стварэнне Цэнтра міфалагічнага турызму. Актыўны ўдзел у гэтай справе прынялі настаўнікі і вучні Домжарыцкай сярэдняй школы. Так, на асенніх канікулах мінулага навучальнага года ва ўстанове адукацыі працавала школа аніматараў, на занятках якой вучні знаёміліся з асаблівасцямі турыстычнай анімацыі, выконвалі практыкаванні па сцэнічным маўленні, сцэнічным руху і акцёрскім майстэрстве, працавалі над стварэннем вобразаў міфалагічных істот, праводзілі пробную экскурсію на экалагічнай сцяжыне для гледачоў і сваіх бацькоў. Акрамя таго, дзеці пісалі сачыненні, стваралі малюнкі.

Экалагічная сцяжына, на якой домжарыцкія школьнікі ўдасканальвалі сваё акцёрскае майстэрства, з’яўляецца часткай Цэнтра міфалагічнага турызму, які знаёміць наведвальнікаў з міфалагічнымі ўяўленнямі і вераваннямі беларусаў у кантэксце прыродна-культурнага ландшафту запаведніка. Адначасова цэнтр займаецца выхаваннем і асветніцкай дзейнасцю ў галіне экалогіі. Экскурсія ў Цэнтр міфалагічнага турызму прадугледжвае наведванне музея міфалагічных істот, экспазіцыі пад адкрытым небам “Міфалагічны хутарок” і экасцежкі “У краі міфаў”. Музей міфалагічных істот і міфалагічны хутарок утвараюць сімвалічную сядзібу, якая нібыта пераносіць наведвальнікаў да мяжы свету чалавека і прыроды, адкрывае дзівосны свет беларускай міфалогіі, асноўныя прынцыпы міфалагічных адносін. Раскрыццё вобразаў міфалагічных персанажаў адбываецца на аснове этнаграфічных матэрыялаў Віцебскага Падзвіння.

Экспазіцыя музея міфалагічных істот падзелена на чатыры раздзелы: “Сусветнае Дрэва”, “Свет людзей”, “Ніжні свет”, “Неба”. Першы раздзел знаёміць з традыцыйнымі ўяўленнямі пра светабудову, расказвае, што ў беларускім фальклоры ў якасці дрэва сусвету найчасцей фігуруе дуб, які расце пасярод выспы на “моры-акіяне”, у чыстым полі, на пагорку. “Свет людзей” паказвае жыццё чалавека праз традыцыйны каляндар, прыродныя цыклы. Перад наведвальнікамі разгортваецца вясна, лета, восень, зіма, святы Масленіца, Гуканне вясны, Вялікдзень, Юр’я, Сёмуха, Купалле, Дажынкі, Каляды. Даецца характарыстыка кожнаму перыяду года, распавядаецца пра міфалагічных персанажаў, звязаных з сялянскай хатай, прыродай. Раздзел “Ніжні свет” адлюстроўвае былыя ўяўленні беларуса пра ніжні ярус светабудовы, іншасвет, чужы для чалавека, дзе нібыта жывуць духі, што адказваюць за моц прыроды, сілы ўрадлівасці зямлі, падземныя воды, якія сілкуюць зямлю. “Неба” распавядае пра ўспрыманне чалавекам маці-зямлі і бацькі-неба. Гэты ярус светабудовы адлюстроўваецца праз вобраз выраю, нябесныя свяцілы і метэаралагічныя з’явы.

Пасля наведвання музея міфалагічных істот праз адмысловую браму-партал з люстэркамі і соснамі наведвальнікі трапляюць у свет прыроды, на экасцежку “У краі міфаў”. Падчас экскурсіі адбываецца знаёмства з прыроднымі біятопамі і міфалагічнымі персанажамі, характэрнымі для іх. Гэта цмок, палявік, пушчавік, асілак, вужыны кароль, яго дачка, баравы, балотнік, аржавень, лесавік, русалкі, кладнік. Распавядаецца пра міфалагічны вобраз поля, значэнне лесу ў жыцці чалавека. На сцежцы размя-шчаюцца інфармацыйныя стэнды пра дрэвы і расліны, расказваецца пра раслінныя вобразы ў беларускай міфалогіі, іх сімволіку, абрадавае выкарыстанне. Інсталяцыі міфалагічных персанажаў вучаць наведвальнікаў паважліва ставіцца да прыроды. Экскурсія па экасцежцы завяршаецца ў месцы, адкуль і пачыналася, каля будынка музея. Адной з асаблівасцей і элементаў функцыянавання цэнтра з’яўляецца сонечная батарэя, якая з’яўляецца выдатным прыкладам экалагічнай энергетыкі. Каля батарэі госці азнаёмяцца з міфамі і павер’ямі, звязанымі з сонцам, даведаюцца пра важнасць развіцця аднаўляльных крыніц энергіі.

У перспектыве на базе цэнтра плануецца ладзіць святы і абрады, фестывалі, канферэнцыі, лекцыі, семінары, майстар-класы, звязаныя з традыцыйнай культурай. Актыўнымі ўдзельнікамі гэтых мерапрыемстваў будуць настаўнікі і вучні.

Цмок лепельскі

Цмок, які стаў турыстычным брэндам Лепельскага раёна, не з’яўляецца канкурэнтам балотніку. Яны сябруюць, часта сустракаюцца, асабліва на фестывалі беларускай міфалогіі. Вось што паведаміла рэжысёр фестывалю, а ў нядаўнім мінулым педагог дадатковай адукацыі, каардынатар турыстычнага маршруту “Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў” Вольга Мікалаеўна Маханенка:

— Значную ролю ў рэабілітацыі нашага цмока адыграў Уладзімір Караткевіч, калі гаварыў пра яго ў сваім знакамітым рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Раскручванне цмока як турыстычнага брэнда раёна пачалося пасля ўстаноўкі адпаведнай скульптурнай кампазіцыі. Паступова з’явілася ідэя праводзіць фестываль, якую асабіста падтрымаў старшыня Лепельскага райвыканкама Барыс Сяргеевіч Яфрэмаў. Кожны год Міжнародны фестываль беларускай міфалогіі “У госці да лепельскага цмока” збірае ўсё больш і больш людзей, з’яўляецца яркім прыкладам плённага супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый і афіцыйнай улады. Сёлета ён праводзіцца чацвёрты раз. Асноўнымі арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Лепельскі райвыканкам, Міністэрства спорту і турызму, грамадска-культурная кампанія “Будзьма беларусамі!”.

Тэмай беларускай міфалогіі Вольга Мікалаеўна займаецца даўно. Шмат гадоў яна працавала педагогам дадатковай адукацыі, з 2001 па 2006 год кіравала ўзорным тэатрам “Трыяда” Лепельскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, дзе героямі спектакляў былі ў тым ліку міфалагічныя персанажы. Наогул, установы адукацыі раёна актыўна ўдзельнічаюць у папулярызацыі міфалагічнай спадчыны роднага краю.

— На працягу мінулага навучальнага года нашы ўстановы прымалі ўдзел у конкурсе сачыненняў, малюнкаў і плакатаў на тэму міфалагічных вобразаў. Навучэнцамі школ Лепельскага раёна было створана 76 малюнкаў і напісана 32 сачыненні. Лепшыя работы былі адзначаны грамадскай арганізацыяй “Адпачынак у вёсцы”. У план работы класных кіраўнікоў уключаны шэраг мерапрыемстваў па дадзенай тэматыцы. Гэта віктарыны, конкурсы. Традыцыйная раённая краязнаўчая алімпіяда “Мой край Лепельшчына”, якая праводзіцца кожны навучальны год у красавіку, абавязкова змяшчае пытанні па міфалогіі роднага краю, — паведаміла загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Лепельскага райвыканкама Алена Фёдараўна Скорба.

А цяпер слова галоўнаму міфалагічнаму персанажу Лепельшчыны, добраму, лагоднаму, з ласкавай усмешкай цмоку: “Яшчэ ў сівую даўніну вашы продкі надзялілі мяне паўнамоцтвамі ўстаноўшчыка балансу паміж водамі зямнымі і нябеснымі, каб нашу зямлю не залівала і не высушвала. Прайшло шмат гадоў, і, дзякуючы таленту Уладзіміра Караткевіча, я зноў бяруся да свае абавязкі. Я добра стаўлюся да людзей сямейных, бо вельмі люблю дзетак. Яны будучыня нашага краю. Няхай растуць у радасці, паважаюць традыцыі свайго народа, дасканала вывучаюць беларускую міфалогію як частку традыцыйнай культуры. А самае галоўнае — расказваюць сваім бацькам, што цмок не прыносіць ліха, бо зямля і прырода ліха не робяць”.

У дапамогу педагогу

У цмокаў, балотнікаў, палевікоў, русалак можна верыць, а можна і не верыць. Справа кожнага. Аднак, якімі добрымі і лагоднымі ні былі б персанажы нашай багатай міфалагічнай спадчыны, не будзем рабіць з іх культ. Няхай цмок і яго шматлікія сябры і сяброўкі застаюцца проста турыстычнымі брэндамі, дапамагаюць нам выхоўваць маладое пакаленне, пазнаваць мінулае роднай зямлі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.