Крэатыўны веласіпед

- 11:40Спартыўныя падзеі

З 16 па 22 верасня Навагрудак у ліку 13 беларускіх гарадоў удзельнічаў у Еўрапейскім тыдні мабільнасці. З такой ініцыятывай ён выступіў першым сярод гарадоў Гродзенскай вобласці. Задачы тыдня — прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем залішняй колькасці аўтамабіляў і забруджвання імі паветра ў гарадах, прапагандаваць альтэрнатыўныя аўтамабілю спосабы і сродкі перамяшчэння, папулярызаваць здаровы лад жыцця. Прыгожым завяршэннем тыдня мабільнасці ў Наваградку стаў маладзёжны конкурс “Веларух-2017”.

22 верасня ў цэнтры горада сабраліся аматары экалагічна чыстых відаў транспарту. Узрост удзельнікаў мерапрыемства быў ад 5 да 60 гадоў. На веласіпеды пераселі нават прадстаўнікі ўлады на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.М.Маркевічам. Пасля святочнага экапрабегу па цэнтральных вуліцах горада прайшоў конкурс “Мой крэатыўны веласіпед”, у якім члены БРСМ сярэдняй школы № 1 Навагрудка паказалі найвышэйшы клас.

Пяцёра нашых веласіпедыстаў — навучэнцаў 8 і 10 класаў — прадставілі крэатыўна аформленыя веласіпеды ў стылі “беларускі вянок”. На жалезных конях расцвілі нябесна-блакітны лён, сіні васілёк, ружовая канюшына, сонечныя рамонкі і яркая шыпшына. Гучалі вершаваныя радкі выдатных беларускіх паэтаў на роднай мове ў выкананні школьнікаў. Сабраўшы вянок з кветак, якія сімвалізуюць Беларусь, вучні заклікалі аднагодкаў любіць Радзіму, жыць у міры і згодзе, шанаваць нацыянальную культуру і мову.

Наша каманда заваявала сэрцы журы і гледачоў сваёй шчырасцю, артыстызмам, паэтычнасцю і музычным афармленнем выступлення, выдатнай тэхнікай ваджэння веласіпеда. Вынік — 1-е месца. Найвышэйшую ўзнагароду заваявалі мы і ў конкурсе відэаролікаў “Мабільны горад”. “Веласіпед супраць машыны” — так называўся міні-фільм, зняты членамі школьнай відэастудыі “Вытокі” ў суботні школьны дзень.

Наталля МАРЦУЛЬ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Навагрудка.
Фота аўтара.