Крэдыт, бюджэт, го-о-ол!

- 15:09Навіны
фота з сайта www.brainity.ru

З 16 па 25 сакавіка падчас Тыдня фінансавай адукаванасці школьнікаў, арганізаванага Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, ва ўстановах адукацыі краіны ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне фінансавай адукаванасці навучэнскай моладзі.

Як паведаміла другі сакратар ЦК ГА “БРСМ” Альбіна Іванаўна Сычэўская, павышаць фінансавую адукаванасць навучэнцаў плануецца шляхам правядзення спецыяльных адкрытых урокаў, інфармацыйных гадзін, выступленняў банкаўскіх спецыялістаў перад навучэнцамі, а таксама на бацькоўскіх сходах і педсаветах. З адпаведнай ініцыятывай Нацыянальны банк краіны звярнуўся да найбольш буйных банкаў краіны.

фота з сайта www.brainity.ruНягледзячы на разнастайнасць мерапрыемстваў, найбольш яркай і запамінальнай падзеяй тыдня, безумоўна, з’яўляецца інтэрактыўная гульня для старшакласнікаў “Фінансавы футбол”. Нагадаем яе правілы. Каб аддаваць дакладныя пасы партнёрам па камандзе, гульцам неабходна адказваць на пытанні, звязаныя з кіраваннем асабістым бюджэтам, правільным карыстаннем крэдытам і іншымі банкаўскімі паслугамі. Па жаданні можна звярнуцца за дапамогай да адной з чатырох падказак. Таксама даецца права выбару ўзроўню складанасці пытанняў, што адпаведным чынам уплывае на тое, як хутка каманда дасягне варот саперніка.
Папярэднія спаборніцтвы “Фінансавы футбол” праходзілі 19 і 20 сакавіка ва ўстановах адукацыі Мінска (сярэдніх школах №№ 24, 25, 85, 105, 130, а таксама ў гімназіях №№ 30 і 50). У выніку вызначыліся дзве каманды, якія 25 сакавіка на фінальнай гульні, што пройдзе ў будынку Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, разыграюць паміж сабой званне лепшай футбольна-фінансавай каманды. Па выніках матча пераможцы атрымаюць прызы, якія дапамогуць юным спартсменам-фінансістам правільна планаваць асабісты бюджэт. Раскрыем невялікі сакрэт: сярод прызоў будуць слоўнікі асноўных эканамічных тэрмінаў, спецыяльна адаптаваныя для старшакласнікаў.
Мяркуецца, што ўвядзенне з гэтага навучальнага года ва ўстановах адукацыі факультатыўных заняткаў, прысвечаных пытанням фінансавай адукаванасці насельніцтва, распрацоўка вучэбна-метадычнага дапаможніка “Фінансавая адукаванасць”, стварэнне тэматычнай серыі вучэбных навукова-папулярных ролікаў, а таксама мерапрыемствы тыдня павысяць фінансавую адукаванасць навучэнскай моладзі. А гэта ўжо залог стабільнасці і росквіту эканомікі краіны.

Ігар ГРЭЧКА.

hrechka@ng-press.by