Крышталёвая сініца ў руках

- 11:18Навіны рэгіёнаў

Кожны з іх не толькі прафесіянал найвышэйшага класа, але і выбітная асоба. Сярод іх ёсць калекцыянеры, дайверы, рэжысёры, даследчыкі, кветкаводы, аматары верхавой язды, велападарожжаў, катання на лыжах. І гэта далёка не поўны спіс захапленняў настаўнікаў — фіналістаў абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Усе грані талентаў педагогаў Міншчыны можна было ўбачыць у Дзяржынску, дзе былі вызначаны пераможцы.

Старт конкурсным мерапрыемствам быў дадзены яшчэ ў мінулым годзе. І старт гэты быў надзвычай масавым: 2297 настаўнікаў прынялі ўдзел у першым этапе конкурсу ва ўстановах адукацыі, дзе яны працуюць. На пачатку 2017 года лепшых вызначалі на ўзроўні раёна. 789 педагогаў — пераможцаў першага тура сталі ўдзельнікамі другога этапу конкурсу.

З кожным этапам удзельнікаў станавілася ўсё менш, а заданняў і хвалявання — больш. Удзельнікамі трэцяга, абласнога, этапу сталі 162 педагогі. З іх па выніках завочнага ацэньвання конкурсных матэрыялаў журы для далейшага спаборніцтва адабрала 40. Ім прапаноўвалася адразу некалькі заданняў. Педагогі прайшлі тэсціраванне, якое ўключала пытанні па прадметах, якія яны выкладаюць, а таксама па педагогіцы, псіхалогіі. Далей неабходна было прадэманстраваць сваё педагагічнае майстэрства на практыцы: канкурсанты правялі адкрытыя ўрокі ў незнаёмых класах і майстар-класы для студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ, індустрыяльна-педагагічнага каледжа. Па выніках гэтых выпрабаванняў былі вызначаны 24 фіналісты (па тры канкурсанты ў кожнай з 8 намінацый).

Фінал пачаўся з практыкі: канкурсанты прадставілі свае міні-ўрокі на сцэне Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, дзе прадэманстравалі віртуознае валоданне рознымі педагагічнымі прыёмамі і тэхналогіямі. Апошнімі выпрабаваннямі для педагогаў сталі публічнае прадстаўленне вопыту педагагічнай дзейнасці і творчая самапрэзентацыя. Гэтыя этапы фіналу прайшлі ў зале гарадскога Дома культуры Дзяржынска.

У некаторых намінацыях напярэдадні завяршальных конкурсных мерапрыемстваў намеціліся лідары са значным адрывам, а ў некаторых, нягледзячы на вялікую колькасць папярэдніх выпрабаванняў, фіналістаў аддзялялі лічаныя балы. Таму перад суддзямі стаяла няпростая задача. Сярод членаў журы быў і пераможца папярэдняга Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” Віктар Эдуардавіч Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна. Вітаючы канкурсантаў, Віктар Эдуардавіч прызнаўся, што добра памятае, як няпроста было прайсці ўвесь конкурсны шлях. Таму ён быў упэўнены, што сёлета яму выпала прасцейшая задача. Але так здавалася толькі спачатку. Прыступіўшы да выканання абавязкаў члена журы, ён зразумеў, што ўзважана, справядліва і аб’ектыўна ацэньваць канкурсантаў, якія дэманструюць найвышэйшы прафесіяналізм, — справа звышскладаная.

І ўсё ж журы зрабіла свой выбар. На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання былі абвешчаны імёны пераможцаў і лаўрэатаў конкурсу. У намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” перамагла Таццяна Аляксандраўна Канавалёнак, настаўніца крупскай сярэдняй школы № 1 імя В.М.Марцінкевіча. Прэзентуючы свой вопыт работы, педагог расказала аб прымяненні сучасных інтэрактыўных тэхналогій на ўроках літаратуры для прыцягнення дзяцей да чытання. Таццяна Аляксандраўна распрацавала анлайн-праекты для навучэнцаў 5 і 6 класаў, цікавыя сучасным дзецям. Настаўніца — сапраўдны прафесіянал, чалавек творчы, артыстычны, глыбокі, неабыякавы. Гэта штодзень праяўляецца ў яе рабоце з вучнямі, гэта ж можна было ўбачыць і на сцэне падчас выступлення Т.А.Канавалёнак.

Лідарам у намінацыі “Замежная мова” стала Кацярына Мікалаеўна Івашанка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніца французскай мовы гімназіі № 3 Маладзечна. Кацярына Мікалаеўна расказала гледачам аб прымяненні музыкі і песень для вывучэння французскай мовы і прадэманстравала ўласныя цудоўныя музычныя здольнасці, праспяваўшы пад гітару французскамоўныя хіты.

Таццяна Лявонаўна Апановіч, якая працуе ў яслях-садзе № 24 Маладзечна, стала пераможцай у намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”. У педагога цікавы вопыт знаёмства дзяцей з прафесіямі, ранняй прафарыентацыі. Падчас самапрэзентацыі яна пакарыла журы не толькі артыстычнасцю, але і цудоўным валоданнем беларускай мовай.

Перамогу ў адпаведнай намінацыі святкавала настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 6 Жодзіна Таццяна Аляксандраўна Новікава. Журы і гледачам яна прадставіла свой вопыт рэалізацыі дзейнаснага падыходу ў навучанні рускай мове, расказала, што мае амаль 30 гадоў педагагічнага стажу і што ў яе сям’і можна ствараць сямейнае метадычнае аб’яднанне: маці і дзве сястры Таццяны Аляксандраўны таксама настаўніцы пачатковых класаў.

Уладзімір Генадзьевіч Тылецкі, настаўнік Гатаўскай сярэдняй школы Мінскага раёна, прызнаны лідарам у намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”. Уладзімір Генадзьевіч выкладае ў школе ўсяго трэці год, але змог заваяваць давер і павагу дзяцей, якія не толькі з задавальненнем працуюць на ўроках, але і ўдзельнічаюць разам з педагогам у раскопках, наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Юны археолаг”. У.Г.Тылецкі лічыць неабходным прыцягенне гістарычных рэчаў, артэфактаў да ўрокаў гісторыі, уключэнне іх у рэальны кантэкст заняткаў.

Сярод настаўнікаў фізікі, астраноміі, матэматыкі, інфарматыкі лепшым журы назвала Максіма Віктаравіча Дубіну, які працуе ў сярэдняй школе № 1 Фаніпаля Дзяржынскага раёна. Дзякуючы свайму маладзёжнаму запалу, Максім Віктаравіч лёгка знаходзіць падыход да вучняў. Гэтым жа ён пакарыў і журы падчас самапрэзентацыі, калі зачытаў рэп, “прыпраўлены” гумарам.

Ірына Леанідаўна Сярко, настаўніца біялогіі Астрашыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна, — пераможца ў намінацыі “Хімія, біялогія”. Педагог расказала аб вопыце прымянення кейс-метаду ў сваёй педагагічнай практыцы. Ірына Леанідаўна, настаўнік у трэцім пакаленні, праявіла сябе не толькі як сапраўдны прафесіянал, але і як цікавая асоба з мноствам разнастайных захапленняў.

Алена Леанідаўна Сасноўская, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 11 Слуцка, стала лепшай у намінацыі “Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”. Алена Леанідаўна задалася мэтай павысіць рухальную актыўнасць школьнікаў і арганізоўвае для дзяцей школы і горада цікавыя масавыя спартыўныя святы.

Зразумела, “Настаўнік года” для канкурсантаў — гэта напружаная праца, якая патрабуе мабілізацыі ўсіх сіл. І ў той жа час для многіх людзей гэта па-сапраўднаму радасная падзея. А як не радавацца таму, што заўтра ў класы і групы да нашых дзяцей прыйдуць такія педагогі?!

Пераможцам уручылі сімвал абласнога этапу конкурсу — крышталёвую сініцу, а ў хуткім часе пачнецца “паляванне” на крышталёвага жураўля.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.