Кроч насустрач здароўю разам з намі!

- 11:38Мінск

САСНОЎСКАЯ Алена Леанідаўна,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 11 Слуцка.

У 2012 годзе скончыла факультэт фізічнага выхавання Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па спецыяльнасці “Фізічная культура” са спецыялізацыяй “Арганізацыя фізкультурна-аздараўленчай работы і турызму”. Стаж педагагічнай дзейнасці — 5 гадоў.

У прафесію Алену Леанідаўну прывёў бацька — настаўнік фізічнай культуры са шматгадовым стажам. Ён жа як галоўны настаўнік у прафесіі і падтрымлівае ва ўсіх пачынаннях.

Намінацыя “Музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”

Адна з галоўных задач работы Алены Леанідаўны Сасноўскай — фарміраванне імкнення навучэнцаў да актыўнага ладу жыцця, уласнага развіцця, станоўчых адносін да свайго здароўя.

Адным з эфектыўных падыходаў, на думку настаўніцы, з’яўляецца прыцягненне дзяцей да актыўнага ўдзелу ў фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемствах, а таксама станоўчая матывацыя за кошт даступнасці зместу для кожнага ўдзельніка незалежна ад яго падрыхтаванасці і за кошт эмацыянальнага водгуку, які быў выкліканы. Рэалізацыя гэтых падыходаў будуецца на добраахвотных пачатках, а іх змест і форма вызначаюцца з улікам інтарэсаў большасці навучэнцаў і ў залежнасці ад умоў школы.

Абапіраючыся на прынцып фарміравання станоўчых вобразаў Ш.Аманашвілі, Алена Ленідаўна ўпэўнілася: магчымасць шырокага праяўлення эмоцый і паспяховай рэалізацыі індывідуальных здольнасцей навучэнцаў мае вялікае значэнне не толькі для іх фізічнага, але і маральнага выхавання.

Важна, што падчас падрыхтоўкі і правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў ствараецца атмасфера супрацоўніцтва паміж педагогамі, бацькамі і навучэнцамі, умацоўваюцца ўзаемаадносіны сям’і і школы. Удзел у сумесных спартыўных мерапрыемствах бацькоў дазваляе ім ацэньваць вынікі фізкультурна-аздараўленчай работы, узровень рухальных уменняў і навыкаў, фізічную падрыхтоўку іх дзяцей. У некаторых выпадках бацькоў стымулююць да сумеснага актыўнага адпачынку з дзецьмі.

З мэтай павышэння рухальнай актыўнасці навучэнцаў настаўніца рэалізоўвае праект “Крокамер — крокі да здароўя” з выкарыстаннем мабільнага дадатку Pacer ці фітнес-бранзалета. Падключаныя да інтэрнэту і аснашчаныя датчыкамі рознага ўзроўню складанасці кішэнныя прылады ўжо сталі прывычнымі штодзённымі атрыбутамі. Яны суправаджаюць сваіх уладальнікаў на працягу ўсяго дня, што адкрывае шырокія магчымасці для маніторынгу фізічнай актыўнасці.

Праведзенае пры дапамозе мабільнага дадатку Pacer і фітнес-бранзалета даследаванне з вучнямі 10-х класаў пацвердзіла, што агульнапрынятая норма фізічнай актыўнасці (10 000 крокаў у дзень) для многіх навучэнцаў сёння недасягальная. Атрыманыя даныя сталі пераканаўчым доказам таго, што для высокага ўзроўню развіцця функцый і сістэм арганізма неабходны правільна арганізаваны рухальны рэжым. Усвядоміўшы гэтую праблему, непрыметна для сябе навучэнцы бяруць адказнасць за сваё здароўе.

Дзеці з задавальненнем адсочваюць штодзённую станоўчую дынаміку крокаў насустрач здароўю. Дадатковым стымулам стаў спаборніцкі прынцып: быў вызначаны самы рухавы клас, навучэнцы якога за месяц прайшлі найбольшую колькасць крокаў. Радуе, што да ідэі ахвотна падключаюцца бацькі, а навучэнцы з азартам расказваюць аб сваіх штодзённых дасягненнях аднагодкам. Такім чынам, выкарыстанне фітнес-бранзалета эфектыўнае не толькі з пункту гледжання каштоўнасці для фізічнага развіцця, павышэння рухальнай актыўнасці, але і для фарміравання асобасных якасцей і камунікатыўных навыкаў. Укараніць падобнае новаўвядзенне можна без дадатковых выдаткаў, таму што гэта своеасаблівае ажыццяўленне прынцыпу BYOD (прынясі сваю прыладу з сабой) для фізкультуры.

Ю.К.Бабанскі адзначаў, што настаўнік мае права на навукова абгрунтаваны выбар метадаў навучання, бо адну і тую ж педагагічную задачу можна вырашыць рознымі сродкамі. Разумеючы значнасць урока фізічнай культуры і здароўя, Алена Леанідаўна пераканана, што фарміраванне здаровага ладу жыцця і павышэнне рухальнай актыўнасці навучэнцаў немагчыма без масавай спартыўнай работы. Ідучы ў нагу з часам і выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі і гаджэты не толькі ў рамках заняткаў, але і за межамі школы, настаўнкі маюць магчымасць з цікавасцю для навучэнцаў павышаць іх рухальную актыўнасць, ствараць умовы для паспяховага развіцця ключавых кампетэнцый, а таксама садзейнічаць сумеснаму актыўнаму адпачынку дзяцей і бацькоў.