Крохкі цуд

- 11:30Дадатковая адукацыя

Установы дадатковай адукацыі Гродна і Гродзенскага раёна сталі месцам правядзення пасяджэння Рэспубліканскага метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Прафесійная кампетэнтнасць сучаснага педагога дадатковай адукацыі як эфектыўны рэсурс развіцця асобы дзіцяці”.

Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Надзея Васільчанка адзначыла, што больш за 50 працэнтаў дзяцей ва ўсіх установах дадатковай адукацыі займаюцца менавіта выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам.

— Асноўная місія педагога — захаваць нацыянальныя традыцыі і напоўніць іх новымі формамі, каб гэта было цікава дзецям, — сказала Надзея Васільеўна. — Чарговае пасяджэнне рэспубліканскага метадычнага аб’яднання і накіравана на развіццё сферы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праз удасканаленне прафесіяналізму і майстэрства педагагічных работнікаў, вывучэнне і распаўсюджванне інавацыйнага педагагічнага вопыту. Сёння такі вопыт прадстаўляе Гродзенская вобласць.

Удзел у мерапрыемстве прынялі пастаянныя члены рэспубліканскага метадычнага аб’яднання — загадчыкі, метадысты структурных падраздзяленняў абласных устаноў і Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, педагогі дадатковай адукацыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў дадатковай адукацыі з усіх абласцей.

У першы дзень работа была арганізавана ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. Сістэму работы ўстановы, яе рэгіянальна-нацыянальны кампанент прадставіў дырэктар палаца Леанід Валенцюкевіч. Намеснік дырэктара Галіна Казлоўская расказала аб рабоце абласнога метадычнага аб’яднання і ролі яго ў бесперапынным прафесійным развіцці педагогаў.

Актуальны блок тэарэтычных пытанняў быў разгледжаны вучонымі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Аб фарміраванні пазітыўнага іміджу сучаснага педагога дадатковай адукацыі гаварыла дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі Лілія Баброўнік. Загадчык гэтай жа кафедры Ала Габінская расказала аб новых ролях, патрабаваннях і выніках работы педагога ва ўмовах канкурэнтнага асяроддзя. Дацэнт кафедры адукацыйных тэхналогій Віталь Цырлюкевіч прысвяціў сваё выступленне стварэнню сітуацыі поспеху ва ўзаемадзеянні з навучэнцамі.

На кірмашы творчых ідэй удзельнікі пасяджэння азнаёміліся з дзейнасцю аб’яднанняў па інтарэсах — пераможцаў і лаўрэатаў міжнародных і творчых конкурсаў, якія прадставілі свае работы і тут жа праводзілі для жадаючых міні-майстар-класы. Пачалася прэзентацыя з выступлення тэатра моды “Спадчына” Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дзяўчаты пад кіраўніцтвам Алы Сурмінавай стварылі больш за 40 калекцый адзення з элементамі ўпрыгажэння з саломкі і працягваюць развіваць традыцыйнае беларускае прыкладное мастацтва з сучасным каларытам.

Традыцыйнае народнае мастацтва сёння набывае новыя адценні дзякуючы натхнёнай працы энтузіястаў, якім з’яўляецца і народны майстар з Астраўца Валянціна Віннічык. У гуртку па саломапляценні Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Скарбніца” займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі і ствараюць сапраўдныя шэдэўры.

— Мяне вельмі зацікавілі работы гурткоўцаў, — гаворыць педагог са Жлобінскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Юлія Харытонава. — Мы з дзецьмі займаемся батыкам, аплікацыяй, хацелася б асвоіць і саломапляценне. Таму такія майстар-класы ад прафесіяналаў вельмі патрэбныя. І хоць штосьці можна ўбачыць у інтэрнэце, нішто не заменіць практычных парад спецыяліста пры непасрэднай размове.

З новымі ідэямі і пошукам новых тэхналогій удзельнікі метадычнага аб’яднання знаёміліся ў Гродзенскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, гродзенскіх цэнтрах “Спектр” і “Прамень”.

— У нашым цэнтры працуе 67 аб’яднанняў па інтарэсах мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці, у іх займаецца звыш 900 дзяцей, — расказвае дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Спектр” Гродна Ірына Савіцкая. — Нароўні з традыцыйнымі відамі пастаянна ўводзяцца сучасныя кірункі. Гасцей мы запрасілі на крэатыўныя пляцоўкі малявання ў тэхніцы эбру, мадэлявання з тканіны, а таксама на адкрыццё выставы дзіцячай мастацкай творчасці “Зімовая казка”.

У цэнтры “Прамень” інтэрактыўны практыкум “Прадукцыйнае навучанне сродкамі архітэктурнага мадэлявання ва ўмовах краязнаўчай школы “Прысак” правёў педагог дадатковай адукацыі Ігар Лапеха, у Гродзенскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адбыліся майстар-класы “Шкляное ўяўленне” (педагог Марына Галонская), творчая майстэрня “Крохкі цуд” (педагог Іна Бакун), адкрытыя заняткі “Гратаж” (педагог Людміла Мацісовіч).

Пашырэнне міжрэгіянальнага супрацоўніцтва педагогаў і метадычных службаў у сферы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, павышэнне прафесіяналізму педагогаў абмеркавалі на завяршальным клуглым стале “Сучасная адукацыйная прастора як інавацыйны патэнцыял прафесійна-асобаснага развіцця педагогаў”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.