Крок да вялікага біятлона

- 10:13Спартыўныя падзеі

Гэтыя выхадныя сталі гарачымі для юных біятланістаў краіны: адбыліся юбілейныя, Х, фінальныя Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Турнір прайшоў сярод зборных каманд абласцей і Мінска на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”.

На вырашальныя старты ў Раўбічах выйшлі 168 школьнікаў-спартсменаў з усіх рэгіёнаў краіны. Сёлета ўмовы спаборніцтваў былі максімальна набліжаны да прафесійнага біятлона (прафесійная траса, суперсучасны спарткомплекс, агнявое стрэльбішча, неверагодная падтрымка гледачоў). Спецыяльна пад новы рэгламент Прэзідэнцкі спартыўны клуб закупіў для школ у рэгіёнах больш за 150 стралковых біятлонных установак і сотні вінтовак. Падчас спаборніцтваў вінтоўкі ў мэтах бяспекі былі замацаваны на агнявым рубяжы, бо вага зброі набліжаецца да 4 кг, а самым юным біятланістам усяго па 10 гадоў.

У першы дзень “Снежнага снайпера” спартсмены спаборнічалі ў кантактнай гонцы з агульнага старту і з трыма агнявымі рубяжамі са становішча лежачы. Амаль у кожнай гонцы прызёры вызначаліся на апошніх метрах дыстанцыі. У малодшай групе дзяўчынак упэўнена перамагла Настасся Папова з Мінска, сярод хлопчыкаў лепшым стаў Віталь Кудрашоў з Віцебскай вобласці. Найбольш відовішчнай стала гонка ў сярэдняй узроставай групе ў хлопчыкаў: чатырох удзельнікаў на фінішы падзялілі ўсяго 3,2 секунды, а Арцём Сурганаў (Магілёўская вобласць) выйграў у Ільі Матусевіча (Мінская вобласць) усяго 0,1 секунды. Сярод дзяўчынак у сярэдняй групе найлепшы вынік паказала Карына Гарадзінская з Магілёўскай вобласці, якая працягнула сваю зайздросную серыю перамог з 2014 года. У старшай групе дзяўчынак перамагла Ульяна Хаміч, а сярод хлопчыкаў лепшым стаў Максім Бушыла (абое — пераможцы з Мінскай вобласці).

Узнагароджваць юных пераможцаў першага дня “Снежнага снайпера” прыйшлі зоркі біятлона — прызёры чэмпіянатаў свету Вольга Назарава і Людміла Ананька, а таксама ўладальнік бронзавай узнагароды Алімпіяды-98 у Нагана Аляксей Айдараў.

Другі дзень фінальных спаборніцтваў завяршыўся змешанымі эстафетамі. У параўнанні з першым днём спартсменам давялося змагацца ў больш складаных умовах надвор’я з-за моцнага бакавога ветру, які перашкаджаў як на стрэльбішчы, так і на адкрытых участках трасы. Першымі на лыжню выйшлі хлопчыкі і дзяўчынкі малодшай узроставай групы (2005—2006 гады нараджэння), якія спаборнічалі ў змешанай эстафеце 4х2,4 км з двума агнявымі рубяжамі са становішча лежачы. Лепш за ўсіх праявіла сябе каманда біятланістаў Мінскай вобласці: Мілана Драгіч, Кацярына Анішчанка, Аляксандр Мацуль і Павел Мацуль. Другое і трэцяе месца адпаведна заваявалі каманды Магілёўскай вобласці і Мінска.

Эстафета сярэдняй узроставай групы (2003—2004 гады нараджэння) 4х3,2 км з двума агнявымі рубяжамі са становішча лежачы аказалася самай відовішчнай. Лідарам у гэтай барацьбе стала каманда Мінска: Ганна Маркевіч, Марыя Гнедчык, Максім Свянціцкі і Раман Агароднік. За другое месца на фінішы разгарнулася ўпартая барацьба — каманда Мінскай вобласці прапусціла наперад Магілёўскую ўсяго на 0,2 секунды.

У старшай групе (2001—2002 гады нараджэння) на змешанай эстафеце 4х4 км з двума агнявымі рубяжамі са становішча лежачы бясспрэчнае першынство аказалася за камандай Мінскай вобласці, у якой беглі выключна прызёры асабістых гонак — Ульяна Хаміч, Алена Пятрыка, Алег Платко і Максім Бушыла. Другое месца заваявала каманда Мінска, а трэцяй стала каманда Гродзенскай вобласці, якая на заключным этапе ўсё ж змагла заваяваць камандны медаль, перш за ўсё дзякуючы выдатнай стральбе.

Такім чынам, лепшай на спаборніцтвах у неафіцыйным медальным заліку была прызнана каманда Мінскай вобласці, якая заваявала 4 залатыя, 3 сярэбраныя і 3 бронзавыя медалі. На другім месцы — каманда Магілёўскай вобласці з 2 залатымі, 4 сярэбранымі і 1 бронзавым медалём. На трэцяй прыступцы — каманда з Мінска, на ліку якой 2 залатыя, 1 сярэбраны і 2 бронзавыя медалі. На чацвёртым і пятым месцах адпаведна апынуліся Віцебская і Гродзенская вобласці.

Двухдзённыя спаборніцтвы ў “Раўбічах” сталі не толькі новым выклікам для школьнікаў-спартсменаў краіны, але і цудоўным часам для шматлікіх балельшчыкаў, многія з якіх прыехалі здалёк, каб падтрымаць сваіх родных і сяброў. Хочацца спадзявацца, што зімнія гульні стануць для юных біятланістаў Беларусі крокам у вялікі спорт.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Аксаны МАНЧУК, БелТА.