Крокі насустрач

- 11:38Навіны рэгіёнаў

Дзеці з абмежаванымі магчымасцямі павінны паспяхова інтэгравацца ў калектыў равеснікаў і мець роўны доступ да атрымання адукацыі. З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі ствараецца безбар’ернае асяроддзе. Але самай важнай з’яўляецца псіхалогія здаровых людзей, гатовых зразумець і прыняць чалавека з абмежаванымі магчымасцямі.

Сёння часта гавораць пра талерантныя адносіны ў дачыненні да розных аспектаў жыцця. Гэтае паняцце характарызуе адносіны з людзьмі і ўзаемадзеянне з навакольным светам. Талерантнасць, сфарміраваная ў школьныя гады, з’яўляецца адной з важных умоў паспяховай рэалізацыі патэнцыялу асобы ў будучыні. Зразумець і прыняць дзіця такім, якое яно ёсць, бачыць у ім носьбіта іншых каштоўнасцей і форм паводзін, выхаваць у равеснікаў паважлівае стаўленне да асоб з АПФР — даволі цяжкая і карпатлівая работа.
З мэтай фарміравання талерантных адносін да дзяцей з АПФР і псіхалагічнай гатоўнасці да інклюзіі на Піншчыне штогод праводзяцца інтэграваныя фестывалі дзіцячай творчасці для вучняў інтэграваных класаў “Крок насустрач”. Мэта фестывалю — стварэнне ўмоў для творчага развіцця ўсіх дзяцей незалежна ад фізічных і псіхічных парушэнняў, прыцягненне ўвагі грамадскасці да пытанняў сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі асаблівых хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці ўсяго свету бачаць падобныя сны. Ім сняцца казачныя палацы, падарожжы па вясёлцы, месячныя сады… Дзеці бачаць у снах здзяйсненне сваіх жаданняў: паездкі ў нязведаныя краіны, наведванне цікавых мясцін, знаёмства з дзіўнымі з’явамі. У дзіцячых снах няма болю, там пануюць дружба і падтрымка.
“Што нам сніцца?” — такую тэму для сваіх работ выбралі ўдзельнікі чарговага фестывалю. Сны мімалётныя, не заўсёды запамінаюцца, іх нельга сфатаграфаваць, але можна намаляваць, вылепіць з пластыліну ці запісаць у вершах. Самыя цікавыя, незабыўныя і лепшыя ўспаміны 19 удзельнікаў з 15 устаноў адукацыі Піншчыны былі прадстаўлены на першым этапе фестывалю. Кожная работа ўражвала і натхняла. Для прэзентацыі былі адабраны 12 работ. У кожнай з іх дзеці расказвалі пра тое, што ім сніцца. Хтосьці марыць пра новую цацку, а хтосьці — пра тое, каб заўсёды былі побач любячыя людзі. Кожны марыць пра сваё. Дзеці выяўлялі мары і на сцэне: спявалі, танцавалі, імправізавалі.
Дыпломы І ступені атрымалі Васіль Селюжыцкі з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа, Кацярына Нагорава з Лагішынскай сярэдняй школы і Валерый Вікс з Лышчанскай сярэдняй школы.
Пошук найбольш аптымальных шляхоў, сродкаў і метадаў для паспяховай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з АПФР — агульная задача. Дапамагчы напоўніць чорна-белы свет асаблівага дзіцяці яркімі і светлымі тонамі можна толькі сумеснымі намаганнямі.

Інеса АМЯЛЯШЧЫК,
дырэктар ЦКРНіР Пінскага раёна.