Крупінкі Крупшчыны

Салігоршчына — калійныя шахты, Мёршчына — жураўлі і балота Ельня… Усё коратка і зразумела. Пра галоўную адметнасць Крупшчыны так проста і адназначна не скажаш. Можна назваць і возера Стаячае, на дне якога Напалеон нібыта схаваў свае скарбы. Нельга не згадаць і вёску Белае, дзе нарадзіўся, і вёску Хацюхова, дзе ў мясцовай школе вучыўся двойчы Герой Савецкага Саюза лётчык-касманаўт Уладзімір Васільевіч Кавалёнак. А як жа вёска Ігрушка? А як жа сам райцэнтр Крупкі? Адкуль такія дзіўныя назвы? Адным словам, Крупшчына ва ўсёй сваёй маляўнічасці і разнастайнасці — гэта дзясяткі крупінак гісторыі, прыроды, тапанімікі, этнаграфіі, фальклору.

Крупінкі турызму

Збіраюцца гэтыя крупінкі даволі проста: трэба падарожнічаць, падарожнічаць і яшчэ раз падарожнічаць. Прыкладна так, як робяць супрацоўнікі Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Крупскага раёна. Кожны месяц, у сярэднім два разы, разам з навучэнцамі яны адпраўляюцца ў паходы па родным краі. Працягласць кожнага паходу каля 30 км. За месяц атрымліваецца 60 км. Нескладана падлічыць, што, напрыклад, дырэктар цэнтра Яўген Мікалаевіч Падаляк за 9 гадоў працы на кіраўніцкай пасадзе пераадолеў каля 5 тысяч кіламетраў, абышоў Крупшчыну, як кажуць, уздоўж і ўпоперак. Паходныя маршруты пралягаюць па ваколіцах азёр Сялява і Стаячае, вёсак Ігрушка, Белае, Хацюхова. Абавязкова турыстычныя групы наведваюцца ў паўднёвую частку раёна, дзе ў ваколіцах вёсак Прудок, Выдрыца, Узнаж, Ухвала, Старая Слабада ў гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічала некалькі партызанскіх атрадаў.Распрацаваны маршруты “Крупшчына прамысловая”, “Дарогамі Афганістана”, “Адпачынак на Крупшчыне”, “Праваслаўныя святыні Крупскага раёна”. Вынікамі паходаў з’яўляецца ўдзел устаноў адукацыі раёна ў рэспубліканскім конкурсе на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму — выхавай сябе”. Добрыя турыстычныя вынікі каманда Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Крупскага раёна паказвае на абласным узроўні. У мінулым годзе на спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні навучэнка Наталля Карасцялёва заняла 1-е месца, а на абласным турыстычным злёце навучэнцаў, які, дарэчы, праходзіў на Крупшчыне, каманда раёна заняла 1-е месца ў конкурсе краязнаўцаў, 2-е месца ў конкурсе прадстаўлення каманд і 3-е месца ў конкурсах турыстычных газет, ваенна-патрыятычнай песні, быту. Дома і сцены дапамагаюць? Канечне. Аднак сакрэт паспяховага выступлення — у прафесіяналізме, зацікаўленасці педагогаў, навучэнцаў.

Крупінкі патрыятызму

Без гэтага прафесіяналізму, зацікаўленасці Яўгена Мікалаевіча, а таксама без дапамогі кіраўніцтва Крупскага райвыканкама, аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму наўрад ці стала б магчымым стварэнне ў верасні 2014 года ваенна-патрыятычнага клуба “Рубеж”. З гэтага часу грамадзянска-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення выйшла на новы, больш якасны, узровень. Заняткі ў клубе садзейнічаюць фізічнаму, інтэлектуальнаму і духоўнаму развіццю асобы юнага грамадзяніна, яго лідарскіх якасцей, рыхтуюць падрастаючае пакаленне да ваеннай службы, фарміруюць маральна-валявыя якасці, самадысцыпліну і культуру паводзін, узаемапавагу і ўзаемаразуменне, гатоўнасць да абароны Айчыны, правільныя дзеянні ў экстрэмальных сітуацыях.У аснову праграмы клуба пакладзены прынцып супрацоўніцтва прадстаўнікоў выканаўчай улады, воінскіх фарміраванняў, грамадскіх арганізацый, педагогаў і выхаванцаў. Да работы клуба прыцягваюцца вайскоўцы в/ч 29253, Крупскага райваенкамата, супрацоўнікі Крупскага раённага аддзела ўнутраных спраў, аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, члены раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане. Дзейнасць ваенна-патрыятычнага клуба ўключае тэарэтычныя і практычныя заняткі, на якіх вывучаецца гісторыя і традыцыі беларускай арміі, асновы ваеннай службы, яе псіхалагічныя аспекты, тактычная, агнявая, страявая, фізічная, ваенна-медыцынская падрыхтоўка, вывучэнне агульнавоінскіх статутаў, ваеннай тапаграфіі, асноў выжывання ў экстрэмальных умовах.За мінулы навучальны год ваенна-патрыятычны клуб “Рубеж” быў узнагароджаны дыпломам Мінскага аблвыканкама за эфектыўную дзейнасць у развіцці сістэмы эколага-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і трыма пнеўматычнымі вінтоўкамі ад ДТСААФ Мінска і Мінскай вобласці, дыпломам лаўрэата абласнога конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў намінацыі “Патрыятычнае выхаванне моладзі”, кіраўнік клуба ўзнагароджаны дыпломам Міністэрства адукацыі за актыўны ўдзел у XVI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі за распрацоўку матэрыялу праграмы аб’яднання па інтарэсах ваенна-патрыятычнага профілю.

Крупінкі скарбу

Знаёмства з адметнасцямі Крупшчыны супрацоўнікі раённага Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі прапанавалі пачаць з наведвання невялікага возера Стаячага, таго самага, дзе, згодна з легендай, Напалеон утапіў свае скарбы. У 1812 годзе за некалькі дзясяткаў вёрст ад пераправы праз Бярэзіну, там, дзе старая Смаленская дарога пераходзіць у Барысаўскі тракт, карэты і павозкі, напоўненыя каштоўнасцямі, раптоўна таямніча зніклі. Многія пакаленні жыхароў Крупшчыны дакладна ведаюць, што гэтыя скарбы не зніклі ў паветры, не былі закапаны, а прыхоўваюцца на дне невялікага ляснога возера.Студзень — выдатны час для паходу на возера. Справа ў тым, што яго берагі тарфяністыя, забалочаныя, і дабрацца да возера летам даволі праблематычна. А вось зімой, калі маразы, можна пахадзіць па ледзяной коўдры, расчысціць снег і паспрабаваць праз празрысты лёд заўважыць крупінкі легендарнага напалеонаўскага скарбу. У 1970-я гады пошукі скарбу былі больш радыкальнымі, праводзілася спецыяльная навуковая экспедыцыя. Вадалазы некалькі разоў пагружаліся ў ледзяную ваду, спецыяльнымі шчупальцамі і прыборамі правяралі тарфяністае дно. Хоць золата-брыльянты і не былі знойдзены, аднак пробы вады, узятыя для аналізу, паказалі высокае ўтрыманне золата, срэбра і плаціны.Для мясцовых жыхароў вынікі аналізу не сталі неспадзяванкай. Ведалі яны і тое, што ніякае золата не будзе знойдзена. І не таму што яго няма, яно там ёсць, а дакладней, было, бо знайшоў яго яшчэ ў ХІХ стагоддзі мясцовы памешчык Карл Свяцкі. Сапраўды, не мог жа прадстаўнік збяднелай і заняпалай галіны роду Свяцкіх, які таемна вёў пошукі напалеонаўскага скарбу, раптоўна і нечакана разбагацець і пабудаваць у 1900 годзе ў Крупках палац у неагатычным стылі. Гавораць, што скарб даўно знойдзены, аднак гэта не спыняе аматараў лёгкага хлеба. І сёння знаходзяцца людзі, якія спадзяюцца знайсці на азёрным дне карэту, напоўненую залатымі манетамі і ўпрыгажэннямі. Што ж, гэта іх справа. А раптам…

Крупінкі тапанімікі

Крупінкі Крупшчыны — гэта не толькі помнікі гісторыі, археалогіі, але і вёскі з незвычайнымі назвамі. Зборам гэтых крупінак займаюцца ўдзельнікі краязнаўчага гуртка “Тапаніміка роднага краю”, які дзейнічае на базе Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Крупскага раёна пад кіраўніцтвам метадыста Сяргея Міхайлавіча Прыся. Праграма гуртка, разлічаная на вучняў 5—9 класаў, складаецца з 10 раздзелаў: “Уводзіны”, “Тапаніміка як крыніца паходжання назваў паселішчаў. Знаёмства з тапанімічнай літаратурай”, “Фізіка-геаграфічныя асаблівасці свайго рэгіёна”, “Генезіс айканізмаў асноўных груп назваў паселішчаў раёна даследаванняў”, “Тыпавыя суфіксы і фрагменты ў найменнях паселішчаў”, “Тыпавыя айконімы населеных пунктаў свайго рэгіёна”, “Тапаграфічная падрыхтоўка”, “Гігіена даследчыка. Першая даўрачэбная дапамога”, “Падрыхтоўка, правядзенне і падвядзенне вынікаў экспедыцый і экскурсій”, “Падвядзенне вынікаў работы”.Адной з найбольш эфектыўных форм работы гуртка з’яўляецца экспедыцыя, падчас якой вядзецца асноўная праца па зборы інфармацыі. Усяго падчас экспедыцый было даследавана паходжанне назваў 155 населеных пунктаў. Сабраныя звесткі сталі асновай для стварэння тапанімічнага слоўніка Крупскага раёна. Лідарам па колькасці легенд і паданняў з’яўляецца райцэнтр. Адносна паходжання назвы Крупак існуюць тры версіі, якія, дарэчы, адлюстраваны на гербе горада. Першая версія сведчыць пра тое, што ў мястэчку некалі стаяў млын, дзе малолі крупы, гатавалася крупчатка (пшанічная мука высокай якасці). Другая версія звязана з рэчкай Крупкай — правым прытокам Бабра. Лічыцца, што назва райцэнтра пайшла і ад травы крупкі дуброўнай. Найбольш гістарычна апраўданай, на думку Сяргея Міхайлавіча, з’яўляецца першая версія. Крупкі сапраўды славіліся вырабам мукі высокай якасці. Напрыклад, на мануфактуры Карла Свяцкага ў XIX стагоддзі выраблялі ў год каля 30 тысяч пудоў найдалікатнейшай мукі.
Па колькасці і арыгінальнасці легенд і паданняў не адстаюць ад Крупак і многія вёскі, напрыклад, Ігрушка і Хацюхова. “… Яшчэ ў старажытнасць на нашай зямлі // Стаяла вялізная вёска, // Квітнелі на сонцы лугі ды палі, // Ячменю і жыта палоскі… // Але вось аднойчы тут здарыўся жах: // Зладзейка-хвароба напала, // І сем’ямі гінулі ўсе на вачах, // І мноства людзей паўмірала… // Трое братоў: Ціт, Сяргей ды Макар — // У вёсцы ўсяго засталося… // І сніцца тут братцам аднойчы: // Ну, вы, паднімайцеся, крочце на ўсход, // Бо з вамі хвароба пакончыць. // Ідзіце, спяшайцеся, смела туды, // Вы ўбачыце дзіўную грушу, // Там будзе крынічка, што дасць вам вады, // А дрэва заслоніць ад сцюжы… // Сяргей пасяліўся ля грушы самой, // Направа — Макар, у нізіне. // Улева — то Ціт. І вось нарадзілася вёска тады, // Ігрушкаю людзі назвалі. // Дзе Ціт жыў — то Цітаўшчынай завуць, // Сяргей дзе — завуць там Сяродак. // Макар жа — Макараўшчынай. // Існуюць у вёсцы канцы тры ад роду”. Менавіта з тэатралізаванай інсцэніроўкі гэтай вершаванай паэмы-легенды, якую напісала выпускніца Ігрушкаўскай сярэдняй школы вядомая паэтэса Алена Леанідаўна Якаўлева, і пачынаюць экскурсію па народным музеі ўстановы адукацыі вучні і настаўнікі.Па словах кіраўніка музея Вольгі Аляксандраўны Казак, экспазіцыя была адкрыта ў 1987 годзе, а ў 2010 годзе музей атрымаў званне народнага. 823 экспанаты асноўнага фонду размяшчаюцца ў 10 раздзелах: “Беларуская хатка”, “Гісторыя вёскі, калгаса, краю”, “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны”, “Яны вызвалялі нашу мясцовасць”, “Гісторыя Ігрушкаўскай школы”, “Месца службы — Афганістан”, “Нумізматычны”, “Карцінная галерэя мастака Аляксея Гаміна”, “Наша мясцовасць у вайне 1812 года”, “Хрысціянскія святыні”. Сустракае гасцей карцінная галерэя, дзе размешчаны работы самадзейнага мастака Аляксея Іванавіча Гаміна. Творы жывапісу адлюстроўваюць непаўторнасць роднай прыроды (“Летні дождж”, “Свежы вецер”, “Вечар за вёскай”), багатую гісторыю краю (“Курганы 1812 года ля Радзіцы”, “На варце Радзімы”). За стылізаванай сцяной, на якой размешчаны карціны, знаходзіцца раздзел “Беларуская хатка”, дзе ўзноўлены інтэр’ер сялянскага жылля мінулых эпох з традыцыйнымі бандарнымі і ганчарнымі вырабамі, вырабамі з жалеза, макетам печы ў натуральны памер і мініяцюрным макетам ткацкага станка і, безумоўна, сапраўднымі жорнамі, прыкладна такімі, на якіх калісьці малолі знакамітую муку-крупчатку.Багатым на каштоўныя матэрыялы з’яўляецца раздзел “Гісторыя Ігрушкаўскай школы”. У ім можна азнаёміцца з фотаздымкамі вучняў і настаўнікаў розных перыядаў, у тым ліку кіраўнікоў музея Уладзіміра Пятровіча Кручака, Юліі Андрэеўны Якаўлевай і актыўнага збіральніка экспанатаў Барыса Андрэевіча Красько. Пры жаданні можна пагартаць класныя журналы пасляваеннага часу, іншыя школьныя дакументы першай паловы ХХ стагоддзя. Адметнасцю раздзелаў “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны”, “Яны вызвалялі нашу мясцовасць” з’яўляюцца рухомыя выставы “Салдаты Перамогі” (расказвае пра вяскоўцаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны) і “У Германіі засталася іх маладосць. Жанчыны-вязні гадоў Вялікай Айчыннай вайны” (расказвае пра мясцовых жанчын, якія былі прымусова вывезены для працы ў Германію). Сярод экспанатаў ваенных раздзелаў вылучаецца дэталь самалёта вядомага лётчыка Аляксандра Канстанцінавіча Какінакі (роднага брата лётчыка-выпрабавальніка, двойчы Героя Савецкага Саюза, генерал-маёра Уладзіміра Какінакі), які загінуў у паветраным баі над суседняй вёскай Гутай у ліпені 1941 года. Аднак найбольш уражвае наведвальнікаў (іх, дарэчы, музей штогод прымае каля 3 тысяч) малюнак вялізнай разгалістай грушы. Прыкладна каля такой і спыніліся, згодна з легендай, браты Ціт, Сяргей і Макар — легендарныя заснавальнікі вёскі.

Крупінкі космасу

Не менш арыгінальныя экспанаты захоўваюцца ў музеі касманаўтыкі Хацюхоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.В.Кавалёнка. Аднак перад тым, як адправіцца ў касмічнае музейнае падарожжа, сваіх гасцей хацюхоўскія настаўнікі абавязкова знаёмяць з матэрыяламі этнаграфічнага кабінета. Ручнікі, збаны, біклагі — усё гэта, безумоўна, цікава, тым больш што прадметы маюць адметныя хацюхоўскія рысы. Асабліва цікавай з’яўляецца легенда пра паходжанне назвы вёскі. Тапанімічны слоўнік, складзены пад кіраўніцтвам Сяргея Міхайлавіча Прыся, дае наступнае тлумачэнне: “Хацюхова — назва патранамічная ад асновы з сэнсавым значэннем “хацець”. У мінулым аснова была шырока прадстаўлена ва ўласных імёнах”. Яскравым прыкладам з’яўляецца пан Хацюх, які валодаў гэтай мясцовасцю ў XVI стагоддзі і ад імя якога пайшла назва вёскі. Аднак, як часта бывае, існуе яшчэ як мінімум адна альтэрнатыўная версія, больш рамантычная і захапляльная. У Хацюхове яна звязана з дзяўчынай Кацяй, якую некалі пакахаў панскі прыслужнік. Каця не захацела выходзіць замуж за нялюбага і, каб пазбегнуць ганьбы, хавалася ў знаёмых на хутары сярод балота. Тое месца, дзе Каця хавалася, дзе быў яе схоў, і назвалі спачатку Каціна Схова, а потым больш коратка — Кацюхова, Хацюхова.Легендарнай Кацяй, легендарным Хацюхом настаўнікі і вучні Хацюхоўскай школы ганарацца гэтаксама, як і сваімі знакамітымі былымі вучнямі: аўтарам тэксту гімна БССР Міхасём Мікалаевічам Клімковічам і лётчыкам-касманаўтам двойчы Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Васільевічам Кавалёнкам, якому прысвечаны некалькі раздзелаў школьнага музея касманаўтыкі. На падлозе музея — выява зорнага неба Паўночнага паўшар’я, а на столі — некалькі лямпачак, размешчаных у форме сузор’я Рыбы, пад якім нарадзіўся касманаўт. Экскурсія ў музей сапраўды нагадвае касмічнае падарожжа, а далёкія планеты і зоры, пра палёты да якіх некалі марыў хлопчык Валодзя, становяцца блізкімі і знаёмымі. Ад моманту дзіцячага любавання зорамі да першага касмічнага палёту прайшло шмат гадоў, вялікая колькасць падзей адбылася як у жыцці Уладзіміра Васільевіча, так і ў жыцці краіны. Пра ўсе гэтыя падзеі і расказваюць экспанаты хацюхоўскага музея.
Хлопчык Валодзя зацікавіўся палётамі выпадкова, калі разам з сябрамі знайшоў рэшткі падбітага ў гады Вялікай Айчыннай вайны самалёта. Ад той незвычайнай знаходкі на памяць застаўся шлемафон, з якім Валодзя бегаў па вёсцы, ад чаго ў дзяцінстве атрымаў мянушку “лётчык”. Яшчэ ён любіў у вечаровы час назіраць за зорамі і гаварыў сваім родным, што калі вырасце, то абавязкова паляціць да іх. Ніхто, канечне, не верыў, думалі, вырасце хлопец і ў яго з’явяцца больш рэальныя мары. Аднак космас выбраў свайго героя. Пасля заканчэння школы Уладзімір Кавалёнак паступае ў Балашоўскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча. Пасля яго заканчэння некалькі гадоў служыў у ваенна-транспартнай авіяцыі. Ураджэнца Крупшчыны цягнула значна вышэй, аж да зор. Пасля некалькіх спроб ён, нарэшце, быў залічаны ў атрад касманаўтаў.
Гэтую гісторыю хацюхоўскім настаўнікам і вучням расказала бабуля касманаўта, над якой яны трымалі шэфства, а таксама і сам Уладзімір Васільевіч падчас шматлікіх сустрэч з навучэнцамі і педагогамі. Дзеці дапамагалі пераносіць дровы, палоць агарод, прыносілі прадукты харчавання, а яна ім у якасці падзякі расказвала цікавыя гісторыі пра свайго ўнука. Гэтыя звесткі і пачалі выкарыстоўвацца экскурсаводамі адразу пасля адкрыцця музея касманаўтыкі ў 1982 годзе. Першымі экспанатамі, якія збіраліся па ініцыятыве былога дырэктара школы Анатоля Афанасьевіча Зайцава, былі выразкі з газетных матэрыялаў, дзе расказвалася пра подзвігі лётчыкаў-касманаўтаў і ў першую чаргу нашых землякоў. Так паступова сабралася ўнікальная калекцыя. Каштоўнымі з’яўляюцца гідракамбінезон “Фарэль”, трэніровачны касцюм касманаўта, ежа ў цюбіках, нумар газеты “Праўда” за 13 красавіка 1961 года з фотаздымкам на першай паласе Юрыя Аляксеевіча Гагарына. Сярод іншых экспанатаў варта адзначыць партрэт Гагарына, які з’яўляўся для беларускага касманаўта талісманам і з якім ён тройчы адпраўляўся на каляземную арбіту. За гэтыя палёты Уладзімір Васільевіч быў узнагароджаны Ордэнам Леніна, двойчы атрымліваў Зорку Героя Савецкага Саюза, з’яўляецца ганаровым грамадзянінам многіх гарадоў, а таксама Мінскай вобласці і, безумоўна, Крупскага раёна, куды ён часта наведваецца. У многіх гарадах яго сустракаюць як самага дарагога госця, напрыклад, ва Уфе (з гімназіяй № 93 гэтага расійскага горада, якая носіць імя беларускага касманаўта, Хацюхоўская школа наладзіла сяброўскія сувязі). Дарэчы, з усімі экспанатамі, дзякуючы рэалізацыі праекта “Віртуальны музей касманаўтыкі”, можна азнаёміцца на сайце ўстановы адукацыі.

Нязведаныя крупінкі

Сярод найбольш яркіх крупінак, якія складаюць вялізнае пано адметнасцей Крупскага раёна, не даследаванымі падчас аднадзённага камандзіровачнага падарожжа засталося возера Сялява, з яго востравам і старажытным гарадзішчам на ім, а таксама ваколіцы вёсак Прудок, Выдрыца, Узнаж, Ухвала, Старая Слабада, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны базіравалася некалькі партызанскіх атрадаў. Што ж, ёсць нагода наведаць Крупшчыну яшчэ раз. Для разнастайнасці гэта можна зрабіць не ў марозны і снежны студзень, а дзе-небудзь у кастрычніку, у пару залатой восені, калі маляўнічая зямля будзе рассцілаць перад табой, нібыта перад дарагім госцем, чырвоны дыван з апалага кляновага лісця.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *