Крыніца любові да Радзімы

- 11:55Навіны рэгіёнаў

Школьны музей валодае неабмежаваным патэнцыялам выхаваўчага ўздзеяння на дзяцей, з’яўляецца эфектыўным сродкам іх духоўнага і патрыятычнага выхавання. Па сутнасці, музей можа быць цэнтрам усёй выхаваўчай работы ў навучальнай установе, бо лепшыя маральныя якасці вучням прывіваюцца менавіта праз любоў да малой радзімы, сям’і, прыроды, людзей, якія жывуць побач. Аднак, каб гэта было так, неабходна і працу ў музеі наладзіць адпаведна. Напрыклад так, як у Кароўчынскай сярэдняй школе, што на Дрыбіншчыне.

Музей у гэтай установе адкрылі даўно. Ён функцыянуе ўжо больш за дваццаць гадоў і за гэты час стаў месцам, якое актыўна выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе. У гэтым несумненная заслуга ўсяго педагагічнага калектыву школы, а таксама настаўнікаў, якія з’яўляліся непасрэднымі кіраўнікамі музея. Зараз ім кіруе настаўніца рускай мовы і літаратуры Надзея Фісун, а заснаваны школьны куток краязнаўства быў ветэранам педагагічнай працы гісторыкам Валянцінай Паўлюк. Валянціна Міхайлаўна доўга захаплялася роднай гісторыяй і фальклорам. Карпатлівая пошукава-краязнаўчая работа перарасла ў ідэю стварэння этнаграфічнага музея беларускіх традыцый “Бабіна хата”. Ажыццяўляць яе з энтузіязмам узяліся мясцовыя педагогі і вучні, прычым як былыя, так і цяперашнія. Дзякуючы сумеснай працы дзяцей і настаўнікаў, сёння ў музеі налічваецца звыш 145 унікальных экспанатаў асноўнага і дапаможнага фондаў. За кожным з іх цягнецца ланцужок цікавых гістарычных падзей, уплеценых у гісторыі лёсу пэўных людзей.

У школьным музеі можна наведаць “Майстэрню гаспадыні”, дасканала азнаёміцца з асаблівасцямі нацыянальнага фальклору, даведацца пра тое, што сабой уяўлялі бабін кут і покуць — чырвоны кут.

— Мы пастараліся зрабіць так, каб наш музей дапамагаў наведвальнікам акунуцца ў тыя часы. Наша вясковая хата максімальна набліжана да рэальнага прататыпа таго часу. У гаспадарчым куце сабраны збаны, ступа, рэшата, маслабойка, самавар і шматлікія іншыя прылады працы, прадметы побыту. У покуці размясціліся старадаўнія іконы, аздобленыя вышытымі ручнікамі, а таксама абярэгі. У жаночай майстэрні знаходзяцца ткацкі станок, верацяно, матавіла. Акрамя падрабязнай экскурсіі ў бабіну хату, школьны музей дае магчымасць азнаёміцца з этнаграфіяй Дрыбінскага краю і вёскі Кароўчына, а экспазіцыя “Памяць” падрабязна расказвае аб лёсах мясцовых жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны, — распавяла цяперашні кіраўнік музея Надзея Фісун.

Адметна, што і раней, і зараз вучні разам з настаўнікамі не абмяжоўваюцца толькі напаўненнем памяшканняў школьнага музея новымі экспанатамі, а паралельна з гэтай дзейнасцю працягваюць вывучаць гісторыю роднага краю. Займаючыся пошукавай работай, дзеці глыбей пазнаюць сваю малую радзіму, больш збліжаюцца з роднымі. Тэматыка працы юных краязнаўцаў вельмі шырокая: яны даследуюць мясцовыя і сямейныя традыцыі, гісторыю сваёй вёскі і прылеглых да яе населеных пунктаў. Гэты кірунак работы музея прывёў да значнага выніку. Па сабраных навучэнцамі матэрыялах і звестках быў створаны сапраўдны летапіс Кароўчына. У планах дзяцей і педагогаў — такім жа чынам скласці летапіс роднай навучальнай установы.

У школьным музеі таксама актыўна адраджаюць беларускія традыцыі. Навучэнцы разам з кіраўніком музея і настаўнікамі распрацоўваюць сцэнарыі народных свят, якія тут пастаянна адзначаюцца. Асобны падыход і да экскурсійнай работы. З вучняў школы створана група экскурсаводаў, якія самастойна праводзяць у музеі ўсе экскурсіі. Акрамя гэтага, ужо традыцыяй стала правядзенне ў музейных памяшканнях урокаў мужнасці, памяці, класных гадзін, сустрэч з ветэранамі вайны і працы, масавых мера-прыемстваў.

Напрамкі дзейнасці кароўчынскага школьнага музея даволі шырокія. Аднак асноўная мэта ў яго кіраўніка Надзеі Фісун — не толькі захаванне ўнікальных экспанатаў для сучаснікаў і нашчадкаў. Галоўнае для яе, як і для іншых настаўнікаў, — прывіць дзяцям веды, уменні і каштоўнасці, заснаваныя на павазе да сваёй гісторыі, бо гэта фарміруе ў вучняў адпаведныя адносіны да культурнай і прыроднай спадчыны, без чаго нельга выхаваць любоў да Радзімы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.