Народны танец дорыць магчымасць акунуцца ў культуру іншай краіны і на некалькі хвілін перанесціся ў часе і прасторы. Узорны ансамбль народнага танца “Крынічка” Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці такім чынам вандруе па Беларусі, Расіі, Малдове, Венгрыі, Польшчы, Украіне і іншых краінах. Пагутарылі з кіраўніком калектыву Ірынай Куцень і даведаліся, чаму мінулыя выпускнікі — добрыя педагогі, як за 25 гадоў памяняліся дзеці і бацькі і што такое сяброўскае міжнароднае супрацоўніцтва.
Рады ўсім
Ансамбль “Крынічка” стварылі ў 1984 годзе Валянціна і Іван Трацяк на базе абласнога Палаца піянераў. Праз два гады іх калектыў атрымаў званне ўзорнага аматарскага, а з 1996 года ім кіруе Ірына Куцень. Цяпер у ансамблі каля 150 танцораў ад 5 да 18 гадоў. Яны займаюцца пад кіраўніцтвам былых выхаванцаў “Крынічкі”: Сяргея Куценя, Марыі Луцюк, Веранікі Асіпук і Ганны Ракавец.
— Я шмат гадоў падбірала педагогаў, якія б задавальнялі мяне і якіх задавальняла б я. Са мной працуюць тыя, хто на працягу многіх гадоў быў побач. Яны ведаюць усе мае недахопы, усе мае перавагі, як і я ведаю іх, таму ў нас пануе атмасфера ўзаемапавагі. Не скажу, што мы такія ідэальныя: бывае, крыўдзімся адно на аднаго, сварымся, але ў працоўным творчым працэсе гэта норма.
На заняткі ў калектыў бяруць усіх. Ёсць толькі дзве простыя ўмовы — любіць танцы і не баяцца працаваць. Калі хто-небудзь хоча застацца ў ансамблі пасля 18 — калі ласка. Гэта ўжо майстры сваёй справы, яны змогуць праявіць сябе як у танцавальнай творчасці, так і ў правядзенні рэпетыцый. Некаторыя выхаванцы “Крынічкі” ідуць далей і выбіраюць прафесію ў гэтым кірунку. За апошнія 3 гады каля 8 чалавек паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і розныя каледжы мастацтваў.
Першыя 3 гады дзеткі ходзяць на заняткі ў падрыхтоўчую групу, гэта яшчэ не ансамбль. Займаюцца гімнастыкай, рытмікай, вучаць асновы беларускага народнага танца. Пастаноўкі ў іх у асноўным сюжэтныя, гульнявыя, таму што малышам гэта цікава. Калі дзеці паступаюць у ансамбль (8—9 гадоў), першы год яны прысвячаюць класічнаму танцу: пастаноўцы рук, ног, корпуса, арыентацыі ў прасторы. Пазней вывучаюць элементы народнага танца, у асноўным рускага і беларускага. З кожным наступным годам веды па класічным, народным, народна-сцэнічным, беларускім, рускім, украінскім, малдаўскім, венгерскім, польскім танцы пашыраюцца. Педагогі ўдзяляюць увагу сучаснай харэаграфіі, майстэрству акцёра, якое неабходна кожнаму танцоўшчыку. Ёсць і тэарэтычны блок. Калі ідзе пастаноўка, напрыклад, малдаўскага танца, педагог расказвае пра краіну, яе традыцыі, нацыянальныя строі, танцавальную культуру.
У малышоў заняткі праходзяць 3 разы на тыдзень, у старэйшых дзяцей — 3—4 разы. Пры падрыхтоўцы да конкурсаў або фестываляў яшчэ часцей. Часам нават раніцай і ўвечары.
“Крынічка” — гэта крыніца натхнення, любові, радасці, дзіцячага шчасця і ўсмешак. Для мяне гэта яшчэ і крыніца жыцця, таму што ўсё яно праходзіць у цэнтры маладзёжнай творчасці”.
Успаміны з маладосці
Адны з самых цікавых танцаў — гэта рэгіянальныя танцы сваёй краіны. Часам розніцу паміж імі заўважаюць толькі прафесіяналы, таму і хочацца пазнаёміцца з гэтым пластом культуры бліжэй. Ірына Сяргееўна са сваімі выхаванцамі раней ездзіла ў экспедыцыі па найбліжэйшых ад Брэста вёсках. Мясцовыя жыхары дзяліліся ўспамінамі з маладосці, паказвалі танцы, спявалі песні, найгравалі мелодыі. Калі не было інструмента, напявалі. Пазней музыканты з цэнтра маладзёжнай творчасці расшыфроўвалі і ператваралі праслуханае ў музыку. Танцавальны матэрыял педагогі апрацоўвалі і на яго аснове рабілі нумары. Так з’явіліся “Жабка”, “Палескі круцяк” і інш. Акрамя гэтага, сабралі калекцыю строяў свайго рэгіёна. Бабулі расказалі, як вышывалі касцюмы, а бацькі выхаванцаў зрабілі льняныя кашулі, спадніцы, нанеслі вышыўку.
У першых экспедыцыях дзецям было складана зразумець носьбітаў, таму што тыя размаўлялі на мясцовай гаворцы. Потым прывыклі. І песні спявалі на гэтым дыялекце, і вершы чыталі, і фальклорныя праграмы рабілі.
— Народны танец — гэта характар народа, яго ўнутраны эмацыянальны складнік. Вывучыць рухі чужога народа можна, а вось перадаць характар — цяжка. Мы вучым не беларускія танцы, расказваем, паказваем, як яны павінны выконвацца, але, прызнаюся, не заўсёды атрымліваецца.
Трэцяе пакаленне
Каб выбраць менавіта народныя танцы, напэўна, унутры павінна быць хаця б маленькая цікавасць да роднай культуры. Але часам усё бывае больш празаічна.
— У нас прыгожы цэнтр, некаторыя прыходзяць проста з цікаўнасці, а потым застаюцца. Многія прыводзяць сваіх дзяцей і нават унукаў. Была ў нас незвычайная гісторыя. У цэнтр прыйшла дзяўчынка, яна хацела займацца бальнымі танцамі, але трапіла да нас на канцэрт і перадумала: трэба ў “Крынічку”. Калі яе мама прывяла, аказалася, што мама займалася ў мяне шмат гадоў назад. Гэтая дзяўчынка, дарэчы, потым стала маёй нявесткай. Хлопцы знаходзяць для сябе ў танцах нейкую аддушыну. Хтосьці прыйшоў сам, потым прывёў сяброў, кагосьці прыцягваюць касцюмы. Наш вялікі плюс — мужчына-харэограф. Жанчына нават мужчынскія танцы паказвае па-жаночаму, а мужчына ёсць мужчына.
Ірына Сяргееўна ўжо 25-ы год кіруе ансамблем і за гэты час бачыла, як мяняліся дзеці, бацькі, яна сама. Па словах педагога, раней дзеці былі больш моцнымі фізічна, цяпер замест гульні на вуліцы нярэдка выбіраюць гаджэты. Раней бацькі часцей хадзілі на канцэрты да дзяцей, удзельнічалі ў грамадскай працы ў ансамблі, цяпер кудысьці спяшаюцца. Ірына Сяргееўна і педагогі настойліва просяць прыходзіць глядзець на дзяцей, але з кожным годам бацькоў, якія прыслухоўваюцца да гэтых слоў, усё менш.
“Калі ў педагогаў гараць вочы, яны будуць збіраць вакол сябе такіх жа натхнёных дзяцей. Калі педагогу нічога не цікава, то ён не зможа прывіць дзецям любоў ні да танца, ні да песень, ні да музыкі, ні да строю, ні да фальклору, ні да сваёй Радзімы. Які педагог — такія і дзеці”.
— Час ідзе, мяняемся мы. Калі табе 30 гадоў, у цябе шмат сіл, энергіі, але няма вялікага педагагічнага вопыту. Ты робіш шмат памылак, таму што практыку іншых не заўсёды прымаеш. Калі табе шмат гадоў, ты разумееш, што дзеці крыху іншыя, але і ты змяніўся, і падыход да дзяцей змяніўся, у цябе больш вопыту. Часам тое, што ты раней рабіў месяц, цяпер робіцца за тыдзень, бо ведаеш, як гэта лепш паднесці, як правільна патрабаваць, як навучыць.
Час самастойнасці
Ансамбль шмат гастралюе. Яго выхаванцы наведвалі Германію, Грэцыю, Іспанію, Італію, Польшчу, Сербію, Славакію, Францыю і інш. Гэта былі выезды не толькі на фестывалі, але і да калег-сяброў. Атрымліваецца такое міжнароднае супрацоўніцтва, калі “Крынічка” прымае ў сябе на базе і ў сем’ях розныя калектывы, а потым ездзіць да іх у госці.
— Часам гэта дае больш, чым фестываль, таму што на фестывалі сустрэліся, пазнаёміліся, разышліся, а пасля такіх паездак дзеці завязваюць доўгатэрміновыя адносіны, ездзяць адно да аднаго, перапісваюцца, сочаць за поспехамі ў сацсетках.
Галоўная задача педагогаў перад паездкай на фестываль ці конкурс — падрыхтаваць і адрэпеціраваць нумары. Многія арганізацыйныя пытанні бяруць на сябе бацькі. Яны стварылі сваю ініцыятыўную групу, якая знаходзіць транспарт, суправаджае дзяцей у дарозе.
— Для дзяцей паездкі — гэта самы класны час, калі яны на некалькі дзён сыходзяць ад хатняга кантролю. Дзеці самі распараджаюцца грашыма, самі прымаюць рашэнні — гэта новыя для іх адчуванні. Дзякуючы такім паездкам, яны вучацца самастойнаму пражыванню, адказнасці за свае ўчынкі і фінансы.
Падрыхтавацца, прыехаць на месца — зроблена. Далей дзяцей чакае выступленне. Тыя, хто выходзіць на сцэну першы раз, вядома, хвалююцца, перажываюць. Тыя, хто шмат гастралюе, часам спакойныя, а часам адчуваюць занадта вялікую адказнасць. Бывае, самаадчуванне ад цябе не залежыць і ты пачынаеш актыўна думаць, што нічога не атрымаецца. У ансамблі спраўляюцца з гэтым па-рознаму. Педагог можа падбадзёрыць, зрабіць заўвагі, часам даводзіцца ўгаворваць, а часам і хвалявацца разам з дзецьмі. Усё ж хочацца, каб працу ацанілі па заслугах.
— Мы разам не толькі на рэпетыцыях і выступленнях, але і пасля іх. Праводзім навагоднія мерапрыемствы, рыхтуем у канцы кожнага навучальнага года справаздачны канцэрт. Заўсёды цікава праходзяць нашы справаздачныя заняткі, калі мы не проста паказваем, чаму навучыліся, а прапануем патанцаваць і бацькам. Мы разам адзначаем дні нараджэння, 23 лютага, 8 Сакавіка. Жывём такой вялікай дружнай сям’ёй.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва ансамбля “Крынічка”.