З даўніх часоў беларусы лічаць крынічную ваду святой. Крыніц у Беларусі бясконцае мноства. Адна з іх — у аграгарадку Уселюб, што на Навагрудчыне.
Тут, недалёка ад цэнтра населенага пункта, знаходзіцца крыніца святых мучанікаў Макавеяў і купель Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Мясцовыя жыхары ўпэўнены, што крынічная вада лечыць ад многіх хвароб, ачышчае душу і цела, і таму многія набіраюць яе кожны дзень.
На жаль, старажылы аграгарадка не памятаюць, калі тут з’явілася крынічка, не ведаюць і легенд, звязаных з яе ўзнікненнем. Крыніца была пры іх жыцці і жыцці іх продкаў. Водная жылка праходзіць глыбока пад зямлёй і нясе магутную сілу. Пасля купелі вада трапляе ў ручай — левы прыток ракі Плісы. Вядома, што ў час Вялікай Айчыннай вайны салдаты спыняліся каля крыніцы, каб напіцца і напоўніць салдацкія флягі цалебнай вадой. У 60-я гады ваеннаслужачыя ракетнай воінскай часці, якая размяшчалася недалёка ад аграгарадка, набіралі тут ваду для гатавання ежы.
А вось капліца і купель на месцы крынічкі з’явіліся дзякуючы намаганням настаяцеля царквы Святога Архангела Міхаіла протаірэя Валерыя Мароза. Крыніца асвечана 14 жніўня 2011 года. Людзі, якія прыходзяць да яе, упэўнены, што калі шчыра памаліцца і папрасіць тут здароўя, любові і Божай міласці, то ўсе жаданні абавязкова збудуцца.
Да мясцовай крынічкі часта наведваюцца вучні Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. І ў гэтым годзе вучні ўстановы здзейснілі экаэкспедыцыю да святога месца, дзе добраўпарадкавалі тэрыторыю і пакаштавалі сцюдзёнай крынічнай вады.
Людміла Шапуцька,
настаўніца гісторыі Уселюбскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці.