Крыніцы зямлі беларускай: «На крыжах»

- 16:37Новости

Святыя крыніцы “На крыжах” знаходзяцца паміж вёскамі Заслонава і Караевічы Лепельскага раёна. Да іх вядзе прасёлачная дарога з устаноўленымі паказальнікамі.

Назву “На крыжах” крыніцы атрымалі ў сувязі з тым, што на гэтым месцы некалі стаялі чатыры крыжы — па колькасці крыніц, якія білі з-пад зямлі.

Мясцовае паданне гаворыць, што ў далёкія часы адзін набожны чалавек убачыў, як з зямлі выйшаў слуп вады ў выглядзе крыжа, і ён пачуў голас. І голас сказаў: “Каму патрэбна вылячэнне, той можа прыходзіць сюды і рабіць абмыванні, а таксама піць ваду”. І забілі ў гэтым месцы чатыры крыніцы, размешчаныя ў выглядзе крыжа…

З чатырох крыніц вада збіралася ў адзін ручай і сцякала ў возера, якое і зараз знаходзіцца побач. У савецкія часы, у ліхія багаборніцкія гады, крыніцы былі закінуты. Яны адноўлены толькі ў 2005 годзе, пра што свед­чыць надпіс, зроблены на мемарыяльным камені.

Зараз, як і ў старыя доб­рыя часы, людзі наведваюць гэтыя святыя лекавыя крыніцы, акунаюцца і набіраюць з сабой ваду. Крыніцы вядомыя не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Асаб­лівай папулярнасцю іх вада, па аповедах мясцовых жыхароў, карыстаецца ў расіян і ўкраінцаў. Лічыцца, што крыніцы вылечваюць анкалагічныя захворванні, лечаць страўнікава-кішачны тракт, аднаўляюць мікрафлору поласці рота, а таксама знімаюць спалох і дапамагаюць у сямейных справах (жанчынам — вылечыцца ад бясплоднасці, а мужчынам — аднавіць сваю сілу).

У цяперашні час крынічная тэрыторыя ўяўляе сабой своеасаблівы архітэктурны комплекс з крынічнымі калодзежамі, дарожкамі, абкладзенымі па баках бутавым каменем, купеллю з сімваламі праваслаўный веры, высокім драўляным крыжам, месцамі адпачынку. Падыход да крынічнага комплексу абсталяваны драўлянымі прыступкамі, тэрыторыя ўпрыгожана дэкаратыўнымі кустамі. Добраўпарадкоўвалі святыя крыніцы ўсёй грамадой: у гэтай справе ўдзельнічалі прадстаўнікі мясцовых улад, прыродаахоўнай інспекцыі, работнікі лясной гаспадаркі, жыхары найбліжэйшых вёсак, праваслаўныя свяшчэннікі.

Апекаванне над крынічным комплексам ажыццяўляе праваслаўны храм прападобнага Іосіфа Волацкага, цудатворца, у пасёлку Заслонава.

Алена ХАРАШЭВІЧ
Фота аўтара