Формулу фарміравання прэстыжу педагагічнай прафесіі шукалі ўдзельнікі пасяджэння Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Мерапрыемства праходзіла ў гімназіі № 24 Мінска. Акрамя непасрэдных членаў асацыяцыі, у ім прымалі ўдзел работнікі АПА, БДПУ імя Максіма Танка, Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Тэма пасяджэння гучала наступным чынам: “Стварэнне ўмоў для павышэння прафесійнай кампетэнтнасці, творчага развіцця педагогаў ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі. Фарміраванне пазітыўнага іміджу настаўніка: магчымасці і перспектывы”.
Пытанне іміджу — балючае для сістэмы адукацыі, магчыма, таму мерапрыемства доўжылася амаль пяць гадзін. Слова было дадзена найперш гасцям пасяджэння, дырэктары — члены асацыяцыі — выступалі ў якасці апанентаў, каментатараў. Яны якраз тыя людзі, якія, нягледзячы на цяжкасці працы ў галіне, застаюцца ёй верныя. Іх смела можна назваць патрыётамі школы. Безумоўна, праблемы стамілі іх, але не надламалі. Яны ведаюць, што сённяшнія настаўнікі незадаволены дзвюма рэчамі: аплатай працы і перагружанасцю неўласцівымі функцыямі. Ад чаго і адчуваюць сябе сацыяльнымі аўтсайдарамі.
— Колькі б ні вялося дыскусій наконт таго: узровень аплаты працы — першасны альбо другасны фактар пры вырашэнні праблемы павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, аднак тое, што ён асноватворны, — бясспрэчна, — заўважыў падчас выступлення старшыня Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман Восіпавіч Дапіра. — Калі не будзе годнага заробку, то ніколі ў сістэму адукацыі не прыйдуць масава на работу і не застануцца мужчыны і паспяховыя людзі.
Канечне, фанаты сваёй справы, ідэалісты ніколі не пакінуць школу, аднак іх не так шмат і іх таксама варта шкадаваць. Мужчынам, так ужо прынята ў нашым грамадстве, адводзіцца роля карміцеля, які забяспечвае не толькі сябе, але і сваю сям’ю. Кожны год сістэма адукацыі страчвае мінімум 0,5 працэнта колькасці мужчын сярод педагагічных работнікаў. Не так даўно іх было каля 20 працэнтаў, а засталося толькі 10. Сённяшні педагагічны работнік — гэта жанчына. Але яна можа эфектыўна працаваць у сферы адукацыі толькі ў выпадку паспяховасці яе мужа. А інакш? Інакш у клас да дзяцей прыйдзе радражнёная асоба, пакрыўджаная на лёс і сябе.
Яшчэ адзін важны фактар, які ўплывае на прэстыж педагагічнай прафесіі, па меркаванні Рамана Восіпавіча, — занятасць. Сёння педагагічная прафесія не прадугледжвае стабільнасці занятасці. Ты можаш быць самым выдатным настаўнікам, але калі працуеш у малакамплектнай школе, то можаш быць перакананы, што яна хутка закрыецца. Сталіца адчувае дэфіцыт педагагічных кадраў, а ў некаторых рэгіёнах рэспублікі настаўнікі вымушаны ездзіць за 30 кіламетраў да сваёй навучальнай установы.
Не спрыяюць павышэнню прэстыжу прафесіі і няпрофільныя функцыі, якія выконваюць педагогі. Мала таго, што розныя службы і інстанцыі (міліцыя, пажарныя, санстанцыя) даюць даручэнні школе, да таго ж і сама сістэма адукацыі дадаткова прыдумляе новыя абавязкі для сваіх работнікаў. Як вядома, першы пазітыўны зрух у гэтым пытанні ўжо зроблены — Міністэрствам адукацыі зацверджаны пералік дакументаў для асобных педагагічных работнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Трэба, каб кожны рэгіён перагледзеў абавязкі, якія былі ўскладзены на педагогаў. А кіраўнікі ўстаноў адукацыі навучыліся адбівацца ад розных даручэнняў звонку. Гэта складана, але магчыма, і, што важна, ідзе толькі на карысць усім. Вы толькі ўявіце карціну: напрыклад, настаўнік правяраў пячное ацяпленне, але з-за таго, што не валодае спецыяльнымі ведамі па гэтым пытанні, не заўважыў праблему, і здарыўся пажар…
Сёння нашы педагогі і дырэктары неабгрунтавана перагружаны. Але яны не страцілі пачуццё гумару і пра гэта гавораць так: у сістэме адукацыі 8-гадзінны рабочы дзень: з 8 раніцы да 8 вечара.
— Пасля правядзення ў школе хронаметражу рабочага часу, які вызначаў, колькі настаўнікі затрачваюць гадзін альбо хвілін на выкананне самых розных відаў работ, стала зразумела, што ў сістэме адукацыі не толькі няма лайдакоў, але і ў большасці сваёй працуюць працаголікі “з дыягназам”, — заўважыў Раман Дапіра. — Калі яны займаюцца сабой, сям’ёй — незразумела. Кожны павінен пераасэнсаваць, што ён робіць на працягу 36-гадзіннага тыдня не так і што перашкаджае яму выконваць свае абавязкі на працягу гэтых гадзін.
Моладзь не лічыць настаўніцкую прафесію прывабнай, менавіта таму ў педагагічных УВА няма конкурсаў.
— Трэба больш расказваць школьнікам аб перавагах педагагічнай адукацыі, — лічыць прарэктар па вучэбнай рабоце БДПУ імя Максіма Танка Уладзімір Уладзіміравіч Шлыкаў.
Універсітэцкія работнікі актыўна ўзяліся за прафарыентацыйную работу. За вясну пабывалі ў 200 школах рэспублікі. Многія сумняваліся ў выніковасці гэтых паездак, але ж уступная кампанія паказала, што ёсць карысць ад такіх сустрэч. Сёлета ўніверсітэт 100-працэнтна ажыццявіў набор на спецыяльнасці, і яшчэ адзін плюс — 189 медалістаў пажадалі стаць настаўнікамі.
На вясновай выязной прафарыентацыйнай акцыі не спыніліся. З новага навучальнага года ў 20-й сталічнай гімназіі адкрыліся педагагічныя класы, адбыўся набор у вочна-завочную педагагічную гімназію, школы юных пры ўніверсітэце. Да 100-годдзя сваёй альма-матар установа вышэйшай адукацыі праводзіць сярод школьнікаў два конкурсы — сачыненняў і відэафільмаў, — дзе навучэнцы дзеляцца сваімі развагамі аб прафесіі вучыць і выхоўваць дзяцей, расказваюць пра сваіх любімых педагогаў.
Аднак аднаму ўніверсітэту без дапамогі школы не адшукаць здольных да педагогікі дзяцей. Менавіта настаўнікі павінны разгледзець у сваім вучні калегу і даць яму благаславенне на вучобу ў педагагічнай ВНУ. У сталіцы, напрыклад, не хапае больш за 200 настаўнікаў пачатковых класаў. Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама для вырашэння гэтай праблемы просіць кіраўніцтва ўніверсітэта перавесці факультэт пачатковага навучання на другую змену навучання, каб студэнты змаглі ў першай палове дня працаваць у школах. Разам з тым з Мінска на гэтую спецыяльнасць паступіла ўсяго 11 чалавек. Хто будзе вучыць сталічных дзяцей? Чаму настаўнікі не клапоцяцца аб падрыхтоўцы сабе замены? У Мінску крыху больш за 200 школ. Калі з кожнай хоць адзін выпускнік паступіць у педагагічны ўніверсітэт, востры недахоп кадраў можна будзе вырашыць. БДПУ імя Максіма Танка накіраваны на падрыхтоўку кадраў для Мінска і Мінскай вобласці, а са сталіцы ва ўніверсітэт сёлета паступіла толькі 14 працэнтаў ад усіх залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання (з Мінскай вобласці — 31 працэнт, з Брэсцкай вобласці — 16 працэнтаў).
Чаму так? Чаму моладзь не выбірае педагагічную прафесію? Адказ на гэтае пытанне даў настаўнік гісторыі гімназіі № 24 Мінска Ігар Рыгоравіч Драгавоз: “Сёння настаўнік-няўдачнік, настаўнік-аўтсайдар, які пастаянна скардзіцца на нізкі заробак і цяжкія ўмовы працы, успрымаецца дзецьмі як адмоўная мадэль. У кожным яго слове яны шукаюць падтэкст. Толькі ўпэўнены ў сябе чалавек можа выклікаць павагу ў навакольных, быць для вучняў прыкладам для пераймання. Настаўнік — чалавек, які жыве, а не выжывае. Чавекам жывучым яго робіць сацыяльны прэстыж педагагічнай прафесіі, які сёння, так атрымалася, вымяраецца выключна матэрыяльнымі атрыбутамі, якія не заўсёды залежаць ад яго.
Ігар Рыгоравіч перакананы, што імідж кожнага педагога — гэта яго заслуга. Асаблівай павагай дзяцей і бацькоў карыстаюцца настаўнікі, якія дасягнулі значных поспехаў на прафесійнай ніве ці ў іншых сферах інтэлектуальнай дзейнасці. Для І.Р.Драгавоза такой з’яўляецца навукова-даследчая дзейнасць, а таксама папулярызацыя пытанняў ваеннай гісторыі.
Увогуле калектыў гімназіі № 24 парадаваў. Напрыканцы круглага стала педагогі дзяліліся з калегамі сваімі напрацоўкамі, і па іх выступленнях, знешнім выглядзе можна было зразумець, што ў іх няма праблем з аўтарытэтам як сярод вучняў, так і сярод бацькоў, што яны паспяховыя прафесіяналы. І вельмі прыемна, што там было многа маладых людзей. Гэта дорыць надзею, што яшчэ не ўсё страчана, трэба толькі прэзентаваць іх вопыт. Якраз аб гэтым і гаварыў у сваім выступленні галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў.
— У сістэмы адукацыі вялікая праблема з самаідэнтыфікацыяй у СМІ, — лічыць Вадзім Аляксандравіч. — У многіх выданнях можна сустрэць калонку юрыста, практыкуючага ўрача, але чаму няма парад ад настаўнікаў? Ці ж яны не валодаюць ніякімі прафесійнымі навыкамі? Бацькі страцілі павагу да настаўнікаў як да прафесіяналаў, людзей, якія валодаюць унікальнымі ведамі. Сёння любая маці лічыць сябе (з дапамогай інтэрнэту) спецыялістам па выхаванні і навучанні свайго дзіцяці. Настаўнікі пера-тварыліся ў іх вачах у абслуговы персанал, якому кожны раіць, што і як рабіць. Праблема сістэмы адукацыі ў тым, што яна занадта добра працуе, выдатна арганізавана і гэтым усе хочуць скарыстацца.
Ад сістэмы адукацыі на прасторах інтэрнэту, у СМІ больш “свецяцца” тыя педагогі, якія пакрыўджаны на школу, ці тыя, хто даўно з яе пайшоў і толькі займаецца рэпетытарствам, знімае вяршкі з настаўніцкай працы ды яшчэ ўказвае, што і як у школе робіцца не так.
Па меркаванні дырэктара гімназіі № 29 Мінска Віктара Васільевіча Пшыкава, многія праблемы ў сістэме адукацыі ўзнікаюць ад таго, што няма ў грамадстве аўтарытэту педагагічнай навукі, навука і практыка далёкія адна ад адной.
— Я ні разу за апошнія 7 гадоў не чуў аўтарытэтнага меркавання вучоных аб, напрыклад, мэтазгоднасці адмаўлення ад профільнага навучання, а зараз абгрунтавання да яго вяртання. Я не чую педагагічнай навукі, якая сказала б, што добра, што важна, што дрэнна для сістэмы. Ёсць меркаванне педагагічных работнікаў, чыноўнікаў, журналістаў… — падсумаваў кіраўнік.
Які педагог лічыцца ідэальным? Загадчык кафедры псіхалогіі АПА Валерый Барысавіч Пархамовіч лічыць, што кожны лёгка можа на гэтае пытанне адказаць. Дастаткова ўзгадаць свае дзіцячыя перажыванні, звязаныя з педагогамі. Ідэальным настаўнікам з’яўляецца перш за ўсё жывы чалавек. Пад словам “жывы” разумеецца розны. А ў інструкцыі гаворыцца, што, заходзячы ў клас, вы павінны забыцца аб усіх сваіх асабістых бедах… А навошта? Можа, калі настаўнік зойдзе ў клас засмучаным, то тым самым выкліча ў дзяцей эмпатыю, а значыць, навучыць іх каштоўным якасцям: уменню суперажываць, адчуваць.
Псіхалагічная навука раіць быць асцярожнымі з такім паняццем, як “ідэальны настаўнік”. Побач з ідэалам чалавек адчувае сябе нямоглым, у яго ўзнікаюць комплексы непаўнацэннасці: ён пачынае нервавацца, перажывае фрустрацыю. А побач з антыідэалам чалавек радасна ўздыхае і адзначае, што ён не такі.
Валерый Пархамовіч параіў кіраўнікам не ставіць перад сваімі падначаленымі складанае пытанне, якім павінен быць ідэальны настаўнік, а фармуляваць яго інакш, ад зваротнага: якім не павінен быць настаўнік? Калі педагог адказвае на гэтае пытанне, ён фактычна фармулюе сваё перакананне, займаецца самаўнушэннем: я не такі.
Формулу, па якой можна было б адным словам, загадам, рашэннем вярнуць настаўнікам вялікую народную любоў і прызнанне, удзельнікі пасяджэння не вынайшлі. Аднак кожны мог вызначыцца: што ён можа зрабіць для сябе, сваіх калег, каб усё, што тычыцца адукацыі, выклікала ў грамадскасці павагу.
Святлана КІРСАНАВА.