Кубак спартакіяды — у гродзенцаў

Урачыстым мітынгам завяршылася ХІ Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў. У гродзенскім парку імя Жылібера, ля Вечнага агню, які гарыць у гонар вызваліцеляў горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, юныя спартсмены хвілінай маўчання аддалі даніну павагі тым людзям, дзякуючы подзвігу і парамозе якіх сталі магчымымі іх сённяшнія перамогі.

Дзевяць дзён на спартыўных пляцоўках Гродзенскай вобласці адбываліся старты і спаборніцтвы, у якіх прынялі удзел 2500 школьнікаў. І вось агучваюцца доўгачаканыя вынікі і пачынаецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў. У агульнакамандным заліку па летніх відах спорту перамагла каманда Гродзенскай вобласці. Лепшымі гродзенцы былі ў грэка-рымскай барацьбе, настольным тэнісе, фехтаванні, цяжкай атлетыцы, юнакі першынствавалі ў гульнях па валейболе і гандболе, а дзяўчаты — па футболе і баскетболе. Вобласць, якая прымала ў гэтым годзе спартакіяду, паказала другі вынік па дзевяці відах і трэці — па трох дысцыплінах.


Другое месца заваявалі прадстаўнікі Мінска, на трэцім — школьнікі Магілёўскай вобласці.

У агульнакамандным заліку па зімніх і летніх відах спорту тройка лідараў засталася тая ж. Першае месца — Гродзенская вобласць, другое — Мінск і, трэцяе месца — Магілёўская вобласць.

Удзельнікаў спартакіяды, а спаборніцтвы па гульнявых відах спорту працягваліся да апошняга дня, і яе пераможцаў павіншавалі дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі і начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін.


Па традыцыі на цырымоніі закрыцця спартакіяды адбываецца перадача сцяга прадстаўнікам вобласці, дзе спаборніцтва адбудзецца ў наступным годзе. На гродзенскім маршруце спартакіяда завяршыла старты, эстафету прыняла Магілёўская вобласць, дзе і адбудзецца ХІІ Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў у 2017 годзе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *