Куды рухаецца РОБАТ?

- 11:16Навука і інавацыі, Рознае

Вы ніколі не бачылі, як і куды рухаюцца робаты? Не былі сведкам гэтага захапляльнага дзейства? Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, дзе ў мінулыя выхадныя праводзіўся адкрыты робататэхнічны фестываль “Робафэст — Беларусь”, чакаў вас. На спецыяльных пляцоўках сотні робатаў рухаліся, ляталі і нават змагаліся на імправізаваных рынгах. А вось пытанне, як і куды рухаецца робататэхніка, абмяркоўвалі ўдзельнікі круглага стала “Адукацыйная робататэхніка ў Рэспубліцы Беларусь: праблемы і перспектывы развіцця, каардынацыя”, які прайшоў у дзень урачыстага адкрыцця фестывалю.

Робат — гэта праграмна-апаратны комплекс са зваротнай сувяззю, які служыць для аўтаматызацыі пэўнай складанай вытворчасці або працэсу, для замены чалавека, захавання яго жыцця або часу. Як бачым, рэч (дакладней, праграмна-апаратны комплекс) сапраўды карысная. Нядзіўна, што ў многіх краінах свету развіццю робататэхнікі ўдзяляецца вялікая ўвага. Не з’яўляецца выключэннем і Беларусь. Калі пры слове “робат” гадоў дзесяць назад мы ўяўлялі нешта фантастычнае, нейкае нерэальнае чалавекападобнае стварэнне, то сёння робаты — нашы сябры і надзейныя памочнікі. Калі спытаць у любога юнага ўдзельніка аб’яднанняў па інтарэсах робататэхнічнай накіраванасці “Хто твой лепшы сябар?”, то ён без лішніх роздумаў адкажа: “Робат”. Як умацоўваць сяброўства чалавека і робата? Як развіваць яго? Адказы шукалі за круглым сталом супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, педагогі-практыкі, прадстаўнікі ІТ-сферы Беларусі, Расіі, Украіны.

Праблемныя пытанні, узнятыя падчас сустрэчы, можна раздзяліць на чатыры блокі. Першы блок тычыцца агляду асноўных кірункаў развіцця адукацыйнай робататэхнікі і ўкаранення яе ў адукацыйны працэс, правядзення курсаў павышэння кваліфікацыі і метадычнай падтрымкі педагогаў і спецыялістаў у галіне адукацыйнай робататэхнікі. Другі блок прысвечаны падрыхтоўцы навучэнцаў да спаборніцтваў, павышэння іх матывацыі да заняткаў робататэхнікай. Пытанні трэцяга блока ўключалі стварэнне адзінага цэнтра па каардынацыі робататэхнікі ў Рэспубліцы Беларусь, стварэнне суполак (у тым ліку спецыяльных інтэрнэт-пляцовак) па робататэхніцы. Чацвёрты блок — гэта пытанні ўзаемадзеяння сістэмы адукацыі і прыватнага бізнесу ў справе папулярызацыі робататэхнікі.

— Галоўная роля ў папулярызацыі робататэхнікі належыць спаборніцтвам, фестывалям. У нас шмат мерапрыемстваў. Гэта вельмі прыемна, але хацелася б выпрацаваць табліцу сезона, каб значныя мерапрыемствы не перасякаліся, распрацаваць расклад з улікам міжнародных сустрэч, каб мерапрыемствы дапаўнялі адно аднаго, а не перашкаджалі, — адзначыў дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Анатольевіч Ліс.

М.А.Лівянец, Федэральны інстытут развіцця адукацыі: “Адукацыя — і расійская, і беларуская, і сусветная — ідзе ад патрэбнасці да канчатковага прадукту. Нельга цяпер рабіць адукацыю дзеля адукацыі, спаборніцтвы дзеля спаборніцтваў, кампетэнцыі дзеля кампетэнцый. Абавязкова павінна быць канчатковае бачанне, навошта ты гэта робіш, абавязкова павінна быць жаданне дайсці да канца, самае галоўнае — дайсці да канца і не спыніцца. Гэта тычыцца і робататэхнікі”.

Кожны год беларускія навучэнцы прымаюць удзел як мінімум у дзесяці спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Так, у рамках эксперыментальнага праекта “Апрабацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў галіне робататэхнікі”, які рэалізоўваецца Рэспубліканскім цэнтрам інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, атрымаў старт шэраг новых спаборніцтваў, сярод якіх і беларускі этап Сусветнай алімпіяды робатаў WRO. Акрамя таго, нашы вучні ўдзельнічалі ва Усерасійскім робататэхнічным фестывалі “Робафэст-2015”, робататэхнічным чэмпіянаце RobotChallenge ў Вене, Сусветнай алімпіядзе робатаў. Пры гэтым не проста ўдзельнічалі, а станавіліся прызёрамі. Рэгулярны ўдзел і рэгулярныя прызавыя месцы сведчаць пра высокі ўзровень развіцця робататэхнікі ў нашай краіне. Аднак, як адзначыў загадчык лабараторыі робататэхнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Генадзьевіч Кулакоў, нягледзячы на дасягненні, у падлеткавым узросце ў навучэнцаў нярэдка прападае матывацыя для далейшых заняткаў робататэхнікай.

— Калі 9-гадовы хлопчык яшчэ з радасцю працуе з канструктарам, то ў жыццё падлетка ўсё часцей уваходзіць камп’ютар, інтэрнэт, віртуальны свет, з’яўляюцца іншыя патрэбнасці. Як павысіць матывацыю такіх дзяцей? Тут важна больш шчыльна працаваць з бізнес-супольнасцю. Самы просты прыклад — расійскі “Робафэст”. Калі нашы вучні занялі там прызавыя месцы, да іх адразу падышлі прадстаўнікі вядомых кампаній і прапанавалі вучобу за кошт кампаніі, а ў перспектыве — і працаўладкаванне. У многіх краінах свету пераможцы спаборніцтваў па робататэхніцы адчуваюць сваю запатрабаванасць. Так і павінна быць, — адзначыў Сяргей Генадзьевіч.

П.А.Ліс, дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Дыплом за перамогу ў спаборніцтвах па робататэхніцы і залічэнне на першы курс універсітэта — у гэтым няма нічога немагчымага. Проста для гэтага спаборніцтвам, у тым ліку фестывалю “Робафэст — Беларусь”, патрэбна набыць пэўны статус. Арганізатарам фестывалю трэба паказаць, што ўзровень мерапрыемства набліжаны да ўзроўню алімпіяды, гэта значыць, праводзіць не толькі спаборніцтвы сярод робатаў, майстар-класы, лекцыі па робататэхніцы, але і прапаноўваць удзельнікам фестывалю рашаць задачы па праграмаванні, іншыя падобныя заданні”.

Па словах загадчыка лабараторыі радыёэлектронікі Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Сяргея Сяргеевіча Прахаровіча, за перамогу ў конкурсах як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню максімум, што можа атрымаць, акрамя дыплома і прыза, юны беларускі робататэхнік, — гэта стаць лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Дыпломы не даюць прывілей для паступлення ва ўніверсітэты, што з’яўляецца адной з прычын знікнення матывацыі. Калі ўлічваюцца перамогі ў алімпіядах па такіх прадметах, як “Матэматыка”, “Фізіка”, “Інфарматыка”, то чаму б не ўлічваць перамогі і ў спаборніцтвах па робататэхніцы? Усё ж такі робататэхніка — гэта сімбіёз і інфарматыкі, і фізікі, і матэматыкі, і іншых дысцыплін. Калі юны робататэхнік за кошт дыпломаў будзе мець магчымасць лягчэй паступіць ва УВА, то гэта дасць яму дадатковую матывацыю для заняткаў любімай справай, а бацькам — аддаваць дзяцей у адпаведныя гурткі.

А ў гэтых гуртках, безумоўна, павінны працаваць прафесіяналы. Сяргей Генадзьевіч Кулакоў і Сяргей Сяргеевіч Прахаровіч з’яўляюцца менавіта такімі людзьмі. Аднак не кожны настаўнік фізікі, матэматыкі або інфарматыкі гатоў выкладаць робататэхніку.

В.В.Зелянкоў, дырэктар адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій: “У гэтым годзе для 5—9 класаў распрацавана праграма факультатыўных заняткаў па робататэхніцы, зацверджаная Міністэрствам адукацыі. Як зрабіць так, каб праграма не лягла на палічку, а ўкаранялася ў школах, каб ёй актыўна карысталіся?”

— Сяргей з’яўляецца паспяховым студэнтам, нашым выпускніком, ён з 10 гадоў займаецца ў нашых гуртках, у яго высокі ўзровень матывацыі. Давесці работу вучня да высокіх вынікаў магчыма толькі пад кіраўніцтвам навукоўцаў. Нездарма ў папулярызацыі робататэхнікі мы робім акцэнт на супрацоўніцтве з установамі сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Так, у рамках супрацоўніцтва з Мінскім радыётэхнічным каледжам (філіялам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі) адкрываецца школа пачынаючага інжынера, дзе дзеці будуць займаюцца чатыры гады. Калі каледжы, універсітэты зацікаўлены ў такіх дзецях, то знойдуць рычагі, каб гэтыя вучні сталі іх студэнтамі, — адзначыла дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Галіна Леанідаўна Шкляр.

Паспяховае развіццё той ці іншай сферы жыцця грамадства, краіны ў многім залежыць ад паспяховага ўкаранення замежнага вопыту. Нездарма для абмеркавання праблем і перспектыў развіцця адукацыйнай робататэхнікі на круглы стол былі запрошаны расійскія і ўкраінскія калегі. Як паведаміла каардынатар адукацыйных праектаў INTEL Aducation Group (Кіеў) Людміла Уладзіміраўна Саўчанка, у сусветна вядомай кампаніі з Міністэрствам адукацыі Украіны партнёрства вядзецца больш за 12 гадоў.

В.Ф.Кузьмін, настаўнік інфарматыкі другой новасібірскай гімназіі: “Актуальнае пытанне: дзе браць спецыялістаў па робататэхніцы? Для яго вырашэння ў Расіі некалькі гадоў актыўна працуе сістэма валанцёрства. Студэнты тэхнічных універсітэтаў праходзяць на базе ўстаноў дадатковай і агульнай адукацыі педагагічную практыку, праводзяць заняткі па робататэхніцы”.

— Падпісана пагадненне аб укараненні робататэхнікі ў школьныя праграмы. Сумесна з кампаніяй LEGO прааналізаваны вучэбныя праграмы па ўсіх прадметах і вызначана, дзе можна ўкараніць элементы робататэхнікі. Пад эгідай Міністэрства адукацыі ў розных рэгіёнах Украіны створаны апорныя школы, якія з’яўляюцца базавымі па тэхнічнай адукацыі і творчасці навучэнцаў. Лабараторыі па робататэхніцы ў нас ствараюцца і ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Гэтыя лабараторыі могуць наведваць школьнікі пасля ўрокаў. У нас ёсць вялікая дзяржаўная структура, якая называецца Малая акадэмія навук Украіны, якая актыўна папулярызуе сярод навучэнцаў робататэхніку. Дарэчы, кампанія LEGO кожны год праводзіць сярод школьнікаў конкурсы па стварэнні робатаў пэўнай тэматыкі. Напрыклад, сёлета — “Сябры — жывёлы”. Падобныя конкурсы з’яўляюцца міжнароднымі, і іх фіналы праводзяцца ў ЗША, што дае ўкраінскім дзецям яшчэ адзін стымул для ўдзелу ў конкурсах, — падзялілася Людміла Уладзіміраўна.

Падчас круглага стала неаднаразова прагучала пытанне “Навошта навучэнцам займацца робататэхнікай?”. Як адзначыў настаўнік інфарматыкі гімназіі № 24 Архангельска арганізатар фестывалю RoboSTEM Дзяніс Генадзьевіч Коласаў, падчас заняткаў робататэхнікай у дзяцей у цэлым павышаецца вучэбная матывацыя, фарміруюцца такія станоўчыя якасці, як работа ў камандзе, узаемавыручка, уседлівасць. 67% выпускнікоў гімназіі паступаюць на інжынерныя і ІТ-спецыяльнасці, хаця гімназія з’яўляецца ўстановай адукацыі з паглыбленым вывучэннем прадметаў мастацкага і эстэтычнага профілю.

Г.Л.Шкляр, дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі: “У аснове правядзення конкурсаў па робататэхніцы павінна ляжаць прафарыентацыйная работа. Нездарма міністр адукацыі падчас агляду выставы фестывалю зрабіў акцэнт на неабходнасці павышэння прафарыентацыйнай матывацыі дзяцей”.

Як паспяхова развіваць робататэхніку? На думку дырэктара адукацыйнага цэнтра Парка высокіх тэхналогій Вадзіма Віктаравіча Зелянкова, для гэтага ў краіне неабходна стварыць адпаведнае асяроддзе, стымуляваць стартапы, даваць моладзі магчымасць прымяняць свой творчы патэнцыял. “Якая карысць ад робататэхнікі для сістэмы адукацыі? Робататэхніка прызямляе дзіця, прымушае яго вырашаць канкрэтныя задачы. На прыкладзе робататэхнікі можна зразумець, як працуюць законы механікі, распрацоўваюцца камп’ютарныя праграмы, алгарытмы. Значна больш цікава асвойваць фізіку праз нешта прыкладное, калі ты бачыш канчатковы вынік. Наша задача — стварыць асяроддзе, рынак, запыт на гэтым рынку”.

Сапраўды, калі такое асяроддзе і такі рынак, пра якія гаварыў Вадзім Віктаравіч, будуць створаны і паспяхова пачнуць функцыянаваць, то айчынныя робаты будуць рухацца ў правільным кірунку.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.