Кулінарны паядынак… паміж школамі

- 15:18Навіны рэгіёнаў

У Оршы падвялі вынікі Х агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю харчавання сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна.

Традыцыйны для Аршаншчыны штогадовы агляд-конкурс праводзіцца з мэтамі далейшага развіцця і ўдасканалення арганізацыі харчавання навучэнцаў, павелічэння ахопу гарачым харчаваннем, укаранення новых тэхналогій вытворчасці прадукцыі і форм абслугоўвання, павышэння якасці прадукцыі, што выпускаецца, паляпшэння санітарна-гігіенічнага стану аб’ектаў школьнага харчавання, далейшага аднаўлення і развіцця іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, рас­паўсюджвання і ўкаранення перадавога вопыту. Арганізатарамі спаборніцтва з’яўляюцца ААТ “Орша-Сервіс” і ўпраўленне па адукацыі райвыканкама.

— Мы імкнёмся стварыць аснову для развіцця творчай, адукацыйнай і выхаваўчай дзейнасці, накіраванай на фарміраванне ў дзяцей і дарослых усвядомленай адказнасці за сваё здароўе і рацыянальны выбар прадуктаў харчавання, аб’яднаць намаганні педагогаў, бацькоў, арганізатараў харчавання і работнікаў харчаблокаў у забеспячэнні рацыянальным, паўнавартасным харчаваннем навучэнцаў устаноў адукацыі, — патлумачылі ва ўпраўленні па адукацыі райвыканкама.

Конкурс праходзіць у 2 туры. На першым вывучаюцца матэрыялы па арганізацыі харчавання, спецыялісты аддзела наведваюць харчаблокі, аналізуюць адпаведную дакументацыю па харчаванні ва ўстанове адукацыі, у тым ліку працэнт ахопу навучэнцаў гарачым харчаваннем, збалансаванасць рацыёнаў, наяўнасць у іх фірменных, святочных, нацыянальных страў, а таксама водгукі і прапановы бацькоў, навучэнцаў, педагогаў аб арганізацыі работы, форме і культуры абслугоўвання ў школьнай сталовай. У фінальны тур прахо­дзяць 6 устаноў адукацыі. Іх гонар разам абара­няюць і работнікі сталовых, і педагогі, і навучэнцы. Канкурсанты не толькі рыхтуюць сцэнарыі, рэквізіт і артыстычна дэманструюць на сцэне візітныя карткі сваіх школ, але і гатуюць карысную смакату, прыгожа сервіруюць стол, творча абараняюць прадстаўленыя стравы ў адпаведнасці з заяўленай тэматыкай. Стравы афармляюцца парцыённа, што дае магчымасць прадэгуста­ваць упадабанае, і суправаджаюцца інфармацыяй аб складзе прадуктаў, вагавой прапорцыі. Журы вызначае двух пераможцаў — гарадскую і сельскую ўстановы адукацыі адпаведна. Гэты раз лепшымі былі прызнаны сярэдняя школа № 14 Оршы і Копыскі дзіцячы сад — сярэдняя школа. Загадчык вытворчасці сталовай сярэдняй школы № 14 Ларыса Рудкоўская ўпэўнена, што абавязковыя інгрэдыенты смачнай стравы — пазітыўны настрой і любоў да сваёй прафесіі, да дзяцей, да жыцця.

— Калі з дабрынёй і любоўю рабіць справу, душу ў яе ўкладваць, то ўсё атрымаецца, — падзялілася галоўным прафесійным сакрэтам Ларыса Леанідаўна. — Патрабуюцца ўважлівасць, цярпенне і акуратнасць, многае таксама залежыць ад вопыту і фантазіі. Кухар — цікавая прафесія. Я ў ёй 42 гады: працавала ў рэстаранах, кавярнях, апошнія 10 гадоў — у школе. Ты адчуваеш павышаную адказнасць, бо ад тваёй працы залежыць здароўе дзяцей. Затое як радасна, калі згатаванае ў школьнай сталоўцы ім падабаецца! А ў межах існуючых нарматываў застаецца месца і для творчага эксперымента: распрацоўваем новыя рэцэпты, уводзім іх у школьнае харчаванне. Частку навінак мы паказалі сёння.

— Харчаванне ў нас займае вельмі вялікае месца, напэўна, ці не самае галоўнае, таму што ад яго залежыць здароўе нашых дзяцей, іх вучоба і адпачынак, самаадчуванне, настрой — наколькі дзеці будуць ба­дзёрыя і энергічныя, — далучылася да размовы дырэктар Копыскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Галіна Падбярэцкая. — Таму кантроль строгі. Харчаванне павінна быць збалансаваным, рацыянальным, разнастайным, і мы над гэтым пастаянна працуем. У фінале конкурсу мы прадставілі стравы па сезонах года: паказалі, што з’яўляецца вельмі карысным зімой, што смачным — вясной, чым можна паласавацца летам і восенню. Увосень гэта печаныя яблыкі, грушы, галубцы вегетарыянскія і мясныя, зімой — мясныя стравы, якія нашы дзеці вельмі любяць (руляда, зразы на шпажках), вясной — круглыя, як сонца, бліны, пірагі і, канечне, бярозавік (акрамя яго, мы прапанавалі розныя фірменныя вітамінныя напіткі і кактэйлі: вясной трэба вітамінізавацца), а лета — пара маладой бульбачкі. Фірменнай стравай у нас сёння стала “Курачка па-копыску”.  Хачу дадаць, што ў нашай школе прысядзібны ўчастак невялікі, але мы на ім многа працуем, вырошчваем бульбу, моркву, буракі і цыбулю. Апошняй хапае і на харчаванне дзяцей, і нават застаецца на продаж, каб папоўніць наш спецрахунак. У гэтым годзе плануем пасадзіць капусту, фасолю. У нас вельмі добры фруктовы сад, растуць парэчкі, маліны. Стараемся назапасіць карысныя вітаміны на ўвесь год.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.