Кузня кадраў для вёскі

- 11:54Навіны рэгіёнаў

Маларыцкаму дзяржаўнаму прафесійнаму ліцэю сельскагаспадарчай вытворчасці — 65 гадоў. З нагоды юбілейнай даты ва ўстанове адукацыі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы.

Адлік сваёй гісторыі ліцэй бярэ з 1952 года, калі Савет Міністраў БССР прапанаваў Брэсцкаму аблвыканкаму арганізаваць у Маларыце школу механізацыі на базе філіяла Кіеўскага леспрамгаса. Дырэктарам установы быў прызначаны С.М.Гранкоў. Першая група навучэнцаў у складзе 30 чалавек атрымлівала спецыяльнасць трактарыста. Узрост будучых трактарыстаў і камбайнераў быў ад 30 да 56 гадоў, а адукацыя ў пераважнай большасці — два-тры класы. У 1953 годзе былі падрыхтаваны 129 трактарыстаў, 63 механікі-камбайнеры і 41 машыніст ільноцерабілак. 30 выпускнікоў установы паехалі ў 1953 годзе на цаліну ў Казахстан. У тым жа годзе школа механізацыі сельскай гаспадаркі была пераўтворана ў вучылішча. У 1957 годзе ў ім з’явілася вучэбная гаспадарка для паляпшэння навучання механізатарскіх кадраў у вытворчых умовах і вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі для сталовай вучылішча. Агульная плошча зямельных угоддзяў складала амаль 477 га. Неўзабаве з’явіліся ферма буйной рагатай жывёлы і свінаферма.

У 1970 годзе ўстанова адукацыі стала называцца СПТВ-11. З 1989 года пачалася падрыхтоўка газаэлектразваршчыкаў, кветкаводаў-плодаагароднікаў. Упершыню ў вучылішчы з’явіліся дзяўчаты.

На працягу 32 гадоў вучылішча ўзначальваў С.М.Гранкоў. За час яго кіраўніцтва ўстанова стала сапраўднай кузняй кадраў для вёскі. Наступнымі дырэктарамі былі Г.П.Пухоўскі, В.К.Каляда і С.В.Герасімук. З 2003 года ўстанову ўзначальвае С.Я.Ляшчук.

Працоўныя дынастыі — гонар і падмурак ліцэя. З пакалення ў пакаленне перадаюцца вопыт, веды і ўменні. Прадстаўнікі дынастый імкнуцца трымаць гонар прозвішча, адсюль і павышаная адказнасць, прафесіяналізм, працавітасць, стараннасць. Ва ўстанове некалькі педагагічных дынастый: Кузьмічы, Кавалевічы, Няфёдавы, Мядзведзі, Бурштыны і Талашкі.

Асаблівы гонар калектыву — выпускнікі, якія займаюць адказныя пасады ў мясцовых органах улады, сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацыях, установах адукацыі.

З нагоды 65-гадовага юбілею ў ліцэі адбылася святочная вечарына, у якой удзельнічалі ветэраны педагагічнай працы, працоўны калектыў і навучэнцы. З віншавальнымі словамі выступілі першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама А.Ф.Жук, першы намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама В.М.Галоўчык, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Т.М.Лаўрэенка, дырэктар ААТ “Хаціслаўскі” А.П.Курдзюк і інш.

Лепшыя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання атрымалі ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Беларусі і абласнога ўпраўлення адукацыі, а таксама граматы Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК. Сярод узнагароджаных — І.А.Крысіна, І.В.Іванчук, А.П.Косік, Л.В.Няфёдава, Г.І.Яўтушык і Н.С.Уласюк.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.