Лепшыя даследчыя і эксперыментальныя распрацоўкі навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны прадставілі на ХVІ навукова-практычнай канферэнцыі “Квант”.
Ёсць ідэя — маем распрацоўку
Традыцыйны штогадовы форум юных даследчыкаў і рацыяналізатараў, які праводзяць упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, установа дадатковай адукацыі “Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі”, Віцебскі абласны камітэт ГА “БРСМ”, закрытае акцыянернае таварыства “Белпрамаўтаматыка” і грамадскае аб’яднанне “Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў” Віцебскай вобласці, уяўляе сабой не толькі прэстыжны конкурс, але і разгорнутую справаздачу навучэнцаў і ўстаноў адукацыі па розных відах тэхнічнай творчасці, даследчай і эксперыментальнай дзейнасці, вынаходніцтве і рацыяналізатарстве. Гэта, безумоўна, яркае, запамінальнае прафарыентацыйнае мерапрыемства, накіраванае на далучэнне дзяцей і моладзі да навукі, вынаходніцтва, рацыяналізатарства, а разам з тым — на ўмацаванне сувязей і актывізацыю супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі.
Канферэнцыя праводзіцца ў 2 туры. Першы — завочны: распрацоўкі і даследаванні дасылаюцца на разгляд журы. Другі — непасрэдна канферэнцыя, на якую запрашаюцца аўтары лепшых работ у кожнай секцыі. Усяго іх дзевяць. Юныя фізікі прэзентуюць праекты, прылады, канструкцыі, абсталяванне для атрымання і пераўтварэння энергіі, электратэхнічнае абсталяванне для ўкаранення ў прамысловасць, сельскую гаспадарку. На фізічнай секцыі разглядаюцца самастойныя даследаванні, экперыментальныя і вынаходніцкія работы, праекты, арыгінальныя фізіка-тэхнічныя рашэнні, уключаючы школьныя вучэбна-наглядныя дапаможнікі.
— Не менш цікава пабываць і на секцыі тэлемеханікі, аўтаматыкі, робататэхнікі, — упэўнена загадчык сектара навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Таццяна Нарубіна. — Тут ідзе прадстаўленне прылад, канструкцый і прыбораў аўтаматыкі, а таксама праектаў, метадаў і тэхнічных сродкаў перадачы і прыёму інфармацыі з мэтай кіравання і кантролю на адлегласці, якія выключаюць удзел чалавека пры выкананні аперацый канкрэтнага працэсу; распрацовак аўтаматызаваных тэхнічных сістэм (робатаў), комплексаў праграмных і логіка-матэматычных сродкаў для падтрымкі дзейнасці чалавека ў рэжыме прасунутага дыялогу “чалавек — машына”. На секцыі радыёэлектронікі і радыётэхнікі разглядаюцца прылады, канструкцыі, прыборы з арыгінальнымі схематэхнічнымі рашэннямі; на секцыі астраноміі і ракетакасмічнага мадэлізму — даследаванні ў галіне развіцця авіяцыі і касманаўтыкі, вынікі навуковых даследаванняў зорнага неба, рэфераты аб вывучэнні планет, праектаў палётаў міжпланетных аўтаматычных станцый, новых транспартных касмічных сістэм, сімулятараў, трэнажораў, сістэм жыццязабеспячэння касмічных палётаў.
Не засталіся без увагі і такія запатрабаваныя і папулярныя ў маладзёжным асяроддзі напрамкі, як мультымедыйныя тэхналогіі, праграмаванне і вылічальная тэхніка. На адпаведных секцыях абмяркоўваюцца распрацаваныя навучэнцамі мультымедыйныя і камп’ютарныя праграмныя прадукты: адукацыйныя і даведачныя вэб-сайты з элементамі мультымедыя, камп’ютарныя анімацыі і прэзентацыі на грамадска значную тэматыку (здаровы лад жыцця, патрыятычнае выхаванне, ахова навакольнага асяроддзя, бяспечная жыццядзейнасць, прэзентацыя ўстаноў адукацыі); адміністрацыйныя і сэрвісныя сеткі, якія садзейнічаюць паляпшэнню арганізацыі працы, правядзенню маніторынгаў навакольнага асяроддзя, арганізацыі вучэбнага працэсу ў школе і ва ўстановах дадатковай адукацыі, вывучэнню камп’ютарнай тэхнікі. А побач аматары тэхнічнага мадэлявання і канструявання абараняюць свае праекты, арыгінальныя тэхнічныя рашэнні, прыборы і прылады ў галіне энергазберагальных тэхналогій, дэманструюць авія-, ракета-, судна-, аўтамадэлі і макеты, мадэлі копій спартыўнай, транспартнай, ваеннай, прамысловай і сельскагаспадарчай тэхнікі, выкананыя ў маштабе або па індывідуальных (уласных) чарцяжах; знаёмяць з разнастайнай тэхнікай, станочным абсталяваннем, абсталяваннем для палягчэння працы і атрымання пэўных навыкаў, абсталяваннем для ўкаранення ў прамысловасць і сельскую гаспадарку, рэканструяваныя рыцарскія касцюмы і зброю, кавальскія вырабы. Да таго ж у кожнай секцыі могуць быць прадстаўлены праекты эканамічнай дзейнасці ўстаноў адукацыі, бізнес-планы, якія маюць дачыненне да напрамку секцыі.
Як найлепш падрыхтавацца да ЦТ?
КВАНТавы спектр надзвычай змястоўны і неверагодна прыцягальны ў кожным праяўленні. Нягледзячы на строгі ўзроставы цэнз (да ўдзелу дапускаюцца аўтары да 17 гадоў уключна), конкурсныя праекты ўражваюць арыгінальнасцю, грунтоўнасцю і выразнай практычнай скіраванасцю. Інакш і быць не можа: шукаючы рашэнні найбольш актуальных, на іх погляд, задач, маладыя людзі найперш зыходзяць з уласных запытаў і жыццёвага вопыту. Напрыклад, навучэнцы гімназіі № 8 Віцебска Дзмітрый Пірагоў і Павел Самарошчанка выявілі праблему: педагогі пры падрыхтоўцы вучняў да экзаменаў не заўсёды маюць магчымасць актыўна выкарыстоўваць электронныя праграмы навучання; самі ж праграмы найчасцей складзены без уліку магчымасцей змянення зместу, заснаванага на развіцці, а не на рэпрадукцыі. Юнакі вырашылі стварыць праграмны прадукт з магчымасцю свабоднага фарміравання зместу матэрыялу, што дапаможа вучням павысіць якасць ведаў па прадметах. У гэтым пачынанні іх падтрымалі настаўнік інфарматыкі гімназіі № 8 Андрэй Казакоў (кіраўнік работы) і адміністрацыя ўстановы адукацыі.
— Найперш былі прааналізаваны распаўсюджаныя ў Беларусі праграмы, якія дазваляюць прайсці камп’ютарнае тэсціраванне па рускай мове (дзеля справядлівасці — знайшлі іх вельмі мала), — расказвае Павел. — У якасці асяроддзя праграмавання ўзялі Delphi. Вывучылі тэхналогіі доступу да базы даных: перавага была аддадзена ADO, а для захавання даных мы выбралі MC Access з рускім інтэрфейсам і параўнальна простымі настройкамі пры падключэнні да Delphi. Для рэалізацыі мнагамоўнага інтэрфейсу мы даследавалі работу з ini-файламі, у якіх захоўваюцца настройкі праграмы. Неабходныя даныя пасля счытвання з БД заносяцца ў дынамічны масіў запісаў, дзе і захоўваюцца да завяршэння работы праграмы. Таксама ў праграме выкарыстоўваюцца дынамічныя масівы кампанентаў CheckBox і Label для стварэння бланка адказаў. Першая версія праграмы была скіравана толькі на тэсціраванне па рускай мове па варыянтах ЦТ і мела толькі рускі інтэрфейс. У верасні мінулага года на базе нашай гімназіі адбылося пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання выкладчыкаў рускай мовы, дзе мы правялі прэзентацыю праекта “Тэсціраванне на 100 балаў”. Праграма выклікала жывую зацікаўленасць педагогаў.
— На дасягнутым мы не спыніліся, — працягвае Дзмітрый. — Версія 1.1 мела ўжо двухмоўны (рускі і беларускі) інтэрфейс, але была разлічана толькі на 1 прадмет (руская ці беларуская мова). Гэтую версію мы прадставілі на абласным семінары настаўнікаў беларускай мовы ў лістападзе. Пасля семінара, акрыленыя поспехам, зноў узяліся за работу. З’явілася версія 2.0. Яна падтрымлівае двухмоўны інтэрфейс, адначасовае ўвядзенне базы даных для 3 прадметаў (матэматыка, руская і беларуская мовы), захаванне інфармацыі ў RTF-фармаце. Парадак адказаў на пытанні ў частцы А фарміруецца ў выпадковай паслядоўнасці, таксама дададзены раздзел “Падрыхтоўка да ЦТ”, дзе маецца магчымасць прагляду тэорыі з разабранымі прыкладамі і выканання заданняў менавіта па зададзенай тэме. Пасля прэзентацыі на пленарным пасяджэнні гімназічнай навукова-практычнай канферэнцыі “Эрудыт — 2013” праграмай зацікавіліся навучэнцы старшых класаў. На базе 11 класаў былі створаны дзве эксперыментальныя групы па 10 чалавек у кожнай. У першую ўваходзілі навучэнцы, якія вырашылі рыхтавацца да ЦТ з выкарыстаннем нашай праграмы, у другую — прыхільнікі самастойнай падрыхтоўкі. Галоўнай умовай для ўсіх было абавязковае праходжанне РТ. Летась у лістападзе (праз 3 месяцы ад пачатку эксперымента) на першым РТ сярэдні бал навучэнцаў з 1 групы склаў 54 працэнты, з 2 — 50 працэнтаў. Сёлета ў лютым на другім РТ тыя ж паказчыкі склалі адпаведна 76 і 63 працэнты. Такім чынам, наша распрацоўка з’яўляецца паўнацэнным праграмным прадуктам, які мае вялікую колькасць карыстальнікаў, прымяняецца ў тым ліку на ўроках матэматыкі, рускай і беларускай мовы і даказаў сваю эфектыўнасць. У гімназіі гэты навучальны год быў прысвечаны распрацоўцы сайтаў і рабоце з HTML. У выніку мы ўбачылі рэалізацыю праграмы па-іншаму і зараз займаемся распрацоўкай больш дасканалай версіі 3.0, дзе будзе прадугледжана захоўванне інфармацыі заданняў у HTML-фармаце, складанне варыянтаў ЦТ з наяўнага пераліку заданняў выпадковым чынам у тым жа фармаце (атрымаем магчымасць раздрукоўкі інфармацыі), рэдагаванне спіса прадметаў праграмы, электронны журнал настаўніка.
Ад мульцікаў і гульняў — да сацыяльна значных праектаў
Самая малодшая ўдзельніца канферэнцыі — дзевяцігадовая ўдзельніца гуртка “Інфармацыйныя тэхналогіі” ВАПДіМ Кацярына Калянкевіч — прадставіла ўвазе журы… мультфільм! Зразумела, што без дапамогі дарослых — настаўніка інфарматыкі вышэйшай катэгорыі сярэдняй школы № 46 Віцебска і педагога дадатковай адукацыі Аляксандра Іспянькова, настаўніцы пачатковых класаў Таццяны Рыбаковай і, канечне ж, бацькоў — Аляксандра і Ганны Калянкевіч — праект застаўся б недасягальнай марай.
— Калі блізкія людзі вераць у твае сілы і падтрымліваюць — немагчымага няма, — лічыць Каця. — Дома мы абсталявалі сапраўдную міні-студыю. Першы мульцік — пра пластылінавых чалавечкаў — рабілі разам з малодшай сястрой Варварай. Мультфільм “Зімовыя забавы” створаны па матывах тэхналогіі Timelapse (гэта калі многа-многа фотаздымкаў — і потым з іх выходзіць відэа). Я расказваю пра тое, за што дзеці і дарослыя любяць зіму — пачынаючы з гульні ў снежкі і заканчваючы зімовай Алімпіядай і чэмпіянатам свету па хакеі.
З поспехам абаранілі свае праекты і выхаванцы Аляксандра Іспянькова Уладзіслаў Баранаў і Аляксандр Саглаеў.
— Дзеці вывучаюць магчымасці ІТ-тэхналогій і экперыментуюць як на школьных факультатывах, так і на гуртку. Вынікамі можна толькі парадавацца, — адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. — Уладзіслаў Баранаў распрацаваў інтэрнэт-гульню “Шасціклашка” ў праграме Construct 2.З пункту погляду псіхалогіі, для навучэнцаў 6 класа гульня — прыярытэт: ім гэта цікава і яны з задавальненнем над гэтым працуюць. Да таго ж прыемна і аўтарытэт сярод равеснікаў павысіць, сказаўшы: “Я не гуляю, а праграмую”. На больш сур’ёзны ўзровень работа выходзіць крыху пазней. Так, трэці наш праект належыць Аляксандру Саглаеву (11 клас): ён прэзентуе інтэрнэт-рэсурс “Віцебск турыстычны”.
Пераможцаў конкурсу вызначае журы, у склад якога ўваходзяць выкладчыкі ВДУ імя П.М.Машэрава, спецыялісты Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, ЗАТ “Белаўтаматыка” і аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі.
— Работы ацэньваюцца па 10-бальнай шкале, максімальная адзнака па кожным крытэрыі — 1 бал, — паведаміў начальнік аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Аляксандр Грачэнка. — На мой погляд, вельмі значна тое, што заўсёды па кожнай секцыі вылучаюцца работы, вартыя вышэйшага і найвышэйшага бала. Гэта сведчанне ўзроўню падрыхтоўкі. Колькасць удзельнікаў (селета іх было больш за 80) таксама абнадзейвае: спачатку ва ўстановы прафесійнай адукацыі, а потым на вытворчасць прыйдуць юнакі і дзяўчаты, якія імкнуцца не проста ведаць, але і прымяняць атрыманыя веды на практыцы, вынаходзіць, шукаць новыя рашэнні, тварыць.