Лабачэўскі і геймеры

- 15:31Адукацыйная прастора

Сёлета ўся сусветная навуковая грамадскасць адзначае 230­-годдзе з дня нараджэння вялікага матэматыка Мікалая Іванавіча Лабачэўскага, таму тыдзень матэматыкі, фізікі і інфарматыкі ў сярэдняй школе № 12 Мазыра мы вырашылі прысвяціць знакамітаму вучонаму.

Знакаміты рускі матэматык быў стваральнікам нееўклідавай геаметрыі, але яго навуковыя работы не былі прыняты калегамі. Таму вядомы англійскі матэматык Вільям Кліфард назваў Лабачэўскага “Капернікам геаметрыі”.

Насценгазеты, конкурсы малюнкаў, алімпіяда, віктарыны з’яўляюцца надзейнымі спадарожнікамі любога прадметнага тыдня. Але гэтым разам мы вырашылі зрабіць інфармацыйна-пазнавальнымі і школьныя перапынкі.

Дзяцей пры ўваходзе сустракала кінаафіша. Навучэнцаў інфармавалі, у які час і які фільм можна паглядзець. Настаўнікаў, вядома, хвалявала, ці прыцягне ўвагу дзяцей інфармацыя пра чалавека, які нарадзіўся 230 гадоў назад. Наколькі зацікавіцца сучасны школьнік асобай М.І.Лабачэўскага? Як многа дзяцей захоча правесці перапынак з карысцю?

У першы дзень на прагляд фільмаў прыйшло зусім нямнога школьнікаў. Магчыма, хтосьці не прачытаў афішу, а хтосьці забыўся — дзеці ёсць дзеці. У нас, настаўнікаў, было пэўнае расчараванне, і здалося, што ідэя была няўдалай. Аднак адмяняць паказ фільмаў не сталі, і гэта было правільнае рашэнне.

Падборка фільмаў, кожны з якіх доўжыўся каля 10 мінут, была складзена лагічна і цікава. Тут была інфармацыя пра жыццё вучонага, пра еўклідаву і нееўклідаву геаметрыю, а таксама фільмы, якія даюць магчымасць прадставіць геаметрыю Лабачэўскага праз камп’ютарныя гульні, у якіх нееўклідава геаметрыя ўражвае ўяўленне юнага геймера.

На наступны дзень гледачоў прыйшло ў хол значна больш. Было прыемна бачыць, як дзеці, якія не паспелі на пачатак фільма, падыходзяць да афішы і фатаграфуюць назвы, каб паглядзець яго дома. Гутаркі пра Лабачэўскага сталі самай папулярнай тэмай. Яны працягваліся і на ўроках, і дома з бацькамі.

Здавалася б, нічога асаблівага мы не прыдумалі: тэлевізар, удалы падбор фільмаў і 15 мінут перапынку. Але ж адбыўся цуд. У нас атрымалася не толькі пасеяць разумнае, добрае, вечнае, але і ўбачыць вынік. Цікавасць да асобы навукоўца выклікала цікавасць да яго навуковай работы і да прадмета ўвогуле.

Жанна ІМШАР,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 12 Мазыра.