Лабараторыя пад адкрытым небам, праект «Жывыя лісты дашкольнікаў». Чым здзівілі ўстановы адукацыі Докшыцкага раёна

- 9:00Главная, Образование

 У сярэдняй школе аграгарадка Порплішча ёсць свой дэндралагічны парк. Навучэнцы тут займаюцца даследчай дзейнасцю. Прадстаўнікі “Настаўніцкай газеты” азнаёміліся з самымі цікавымі праектамі падчас візіту ва ўстановы адукацыі Докшыцкага раёна.

Школа яшчэ ў савецкія часы была на слыху — пра яе нават усесаюзнае тэлебачанне здымала фільм. Тады тут вучылася больш за 400 вучняў. Сёння — 61. Аднак педагагічнаму калектыву ёсць чым ганарыцца і чым пахваліцца.

— Усе выпускнікі мінулага навучальнага года сталі студэнтамі ВНУ. За такім вынікам стаіць вялікая работа з бацькамі: сустракаемся, даносім да іх, што не ўсім трэба быць праграмістамі, важна ўлічваць жаданні і магчымасці дзяцей. З 2018 года адкрылі аграрныя класы. Тут таксама назіраецца прагрэс: калі з першых пяці выпускнікоў толькі адзін выбраў профільную адукацыю, то ў мінулым — з пяці чатыры, у трох было мэтаванае накіраванне. Навучэнцы агракласаў наведваюць лепшыя прадпрыемствы не толькі раёна, але і краіны. На агракамбінаце “Дзяржынскі” бывалі неаднаразова. Сучаснае абсталяванне, найноўшыя тэхналогіі, умовы працы і памер заработнай платы ўражваюць дзяцей. Ездзім на дні адкрытых дзвярэй БДАТУ, глядзім прэзентацыі на сайтах іншых ВНУ, запрашаем да сябе былых выпускнікоў, якія вучацца ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, каб яны падзяліліся сваім вопытам, — паведаміў дырэктар школы Генадзь Шульга.

Асабіста школа ўразіла сваім прышкольным участкам, ён размясціўся на 5 гектарах. Палову займае дэндралагічны парк, які з’яўляецца помнікам прыроды мясцовага значэння, закладзены ён быў яшчэ ў 1967 годзе. Колькасць дрэў і кустоў, якія тут растуць, больш за 750. Ёсць дзве цяпліцы. У адной вырошчваюць агародніну, у другой — расаду кветак. Сёлета яе было каля 40 тысяч каліў! Усё рэалізавана насельніцтву і арганізацыям. Па-за школай на лужку пасвіўся конь — нядзіўна: з такой вялікай гаспадаркай патрэбен памочнік. І, канечне, нядзіўна, што ўстанова мае статус “Зялёная школа”. Двойчы яго пацвер­дзіла, атрымаўшы дыпломы І ступені.

— Дэндрапарк — наша лабараторыя пад адкрытым небам. Тут мы займаемся даследчай дзейнасцю. Узгадаю толькі некалькі работ: “Птушкі, якія зімуюць у аграгарадку Порплішча”, “Лішайнікі — індыкатары паветра”, “Вывучэнне снежнага покрыва і атмасферных ападкаў у мікрараёне школы”, “Вывучэнне чысціні паветра па ліставых пласцінках”. Праводзім феналагічныя назіранні за раслінамі і жывёламі, інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы, выконваем заданні па вывучэнні біяразнастайнасці. Абавязкова дзелімся вынікамі маніторынгу навакольнага асяроддзя з жыхарамі аграгарадка. Напрыклад, вызначалі якасць калодзежнай вады. Неабыякава ставімся і да экалагічнай сітуацыі ў Порплішчах. Наш валанцёрскі атрад шукае несанкцыянаваныя сметнікі, наво­дзіць парадак, усталёўвае інфармацыйныя таб­лічкі з просьбай не забруджваць прыроду, — патлумачыла маладая настаў­ніца біялогіі Ганна Маркевіч.

Лепшым пацвярджэннем захопленасці дзяцей экалагічнай дзейнасцю можна лі­чыць удзел вучаніцы Ганны Станіславаўны ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Анжаліка Шырэй прапанавала альтэрнатыву штучным кветкам і вянкам з пластмасы. Можна вырабляць іх з палімераў на аснове крухмалу, якія з часам бяспечна раскладаюцца, не наносячы шкоду прыродзе.

У асобным невялікім будынку размясціліся кабінеты працоўнага навучання для хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут гаспадары — педагогі Людміла Зубарава і Юрый Шыловіч.

Прафесіяналы з залатымі рукамі і доб­рым сэрцам, якія жывуць сваёй справай, так ахарактарызавала калег намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Крук. Дзякуючы іх творчым здольнасцям і талентам, школа актыўна прымае ўдзел у шматлікіх конкурсах і алімпіядзе па працоўным навучанні.

Выдатныя вынікі — заслуга калектыву

Работа з таленавітымі і высокаматываванымі дзецьмі, інтэграванае навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — на гэтых двух кірунках робяць акцэнт у сярэдняй школе № 1 Докшыц.

І што адметна: выдатныя вынікі дасягаюцца па абодвух напрамках. Вялікая заслуга ў гэтым педагагічнага калектыву — 22 настаўнікі маюць вышэйшую катэгорыю, адзін настаўнік-метадыст — Анатоль Стадольнік.

— Нашы навучэнцы кожны год прымаюць удзел ва ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды па ву­чэбных прадметах. Школа з’яўляецца лідарам па колькасці прызавых месцаў на раённым этапе. Заваявалі 5 дыпломаў на вобласці. На пачатку навучальнага года кожны педагог распрацоўвае індывідуальны план работы з высокаматываванымі дзецьмі. Флагманамі па падрыхтоўцы школьнікаў да алімпіяды з’яўляюцца Марына Казлоўская, якая выкладае беларускую мову і літаратуру, настаўнік матэматыкі Сяргей Камінскі і настаўнік тэхнічнай працы Сяргей Ставер, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Кацярына Ціханава.

Пачатковая школа таксама не адстае. Паказальным можна лі­чыць вопыт работы настаўніцы Валянціны Парцянка. У мінулым навучальным годзе адразу 11 яе навучэнцаў сталі пераможцамі раённай алімпіяды.

Дапамагае ў дасягненні высокай выніковасці дапрофільная і профільная падрыхтоўка школьнікаў. Тут арганізавана работа 36 факультатываў — прыродазнаўчага і матэматычнага кірункаў, гуманітарнага, выхаваўчага, грамадскага, экалагічнага і ваенна-патрыятычнага выхавання. На павышаным узроўні адбываецца вывучэнне матэматыкі, біялогіі, беларускай і англійскай моў, грамадазнаўства.

— Шмат увагі ўдзяляем пат­рыятычнаму выхаванню. Ганарымся перамогай Аляксандры Елісеенка ў конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны”. Дзяўчынка стала ўдзельніцай беларуска-расійскага культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці — 2024”. Прыемна адзначыць, што навучэнцы атрымалі дыплом ІІІ ступені рэс­публіканскага конкурсу “Дарогамі міру і стварэння” і рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, — расказала Кацярына Ціханава.

Установа адукацыі з’яўляецца апорнай па арганізацыі інтэграванага навучання. Зараз адкрыты 13 інтэграваных класаў, тры з якіх поўнай напаўняльнасці. Таксама функцыянуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі для дзяцей з рознымі парушэннямі маўлення.

— Мы выкарыстоўваем спецыяльныя педагагічныя методыкі, сучасныя тэхналогіі з такімі вучнямі, праводзім мэтанакіраваную работу па фарміраванні талерантнасці да дзяцей з асаблівасцямі. Навучэнцы з АПФР прымаюць актыўны ўдзел у школьных мерапрыемствах. Мы падтрымліваем іх, калі яны традыцыйна выступаюць на фестывалі “Сонечны круг”, — падкрэсліла настаўнік-дэфектолаг Таццяна Глінская.

Аптымістычны настрой і неабыякавасць дырэктара школы Івана Шкелкі — добры падмурак для настаўнікаў і навучэнцаў установы.

Узорны цэнтр

Афіцыйна Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі не мае такога статусу. Аднак заслугоўвае. Бо кожны другі школьнік горада наведвае яго гурткі і аб’яднанні па інтарэсах.

— У чым сакрэт? Галоўнае — прафесіяналізм і адданасць справе педагогаў, вялікая любоў да дзяцей, удзел і перамогі ў конкурсах рознага ўзроўню. Важна, што мы імкнёмся паказваць і расказваць пра дзейнасць нашых педагогаў і іх выхаванцаў праз удзелы ў канцэртах, фестывалях, выставах, спаборніцтвах. Наладжана цесная ўзаемасувязь маладых педагогаў і ветэранаў працы, таму вялікая колькасць нашых выхаванцаў сёння — гэта дзеці і нават унукі былых наведвальнікаў, — падзялілася Свят­лана Януковіч, дырэктар цэнтра.

Знайсці занятак па душы ў цэнтры нескладана. Тут табе і авіямадэлізм, і картынг, і танцы, і выяўленчае, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, можна ствараць мультфільмы, займацца вакалам…

Сёння ў цэнтры працуюць тры ўзорныя калектывы: студыя выяўленчага мастацтва “Вясёлка”, харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз” і вакальная студыя “Тоніка”. Марына Каляда амаль 20 гадоў вучыць дзяцей маляваць, спасцігаць розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, праяўляць свае творчыя здольнасці ў студыі “Вясёлка”.

— Дзецям падабаецца рабіць штосьці новае. Мы паспрабавалі ўжо вялікую колькасць самых розных тэхнік — дэкупаж, вітраж, асамбляж, стымпанк, монатыпію. З апошняга — стварэнне карцін з выкарыстаннем звычайнай шпаклёўкі. Для мяне вельмі важна, што разам з выхаванцамі я таксама пастаянна вучуся, магу ажыццяўляць свае творчыя задумы, — расказала Марына Вітальеўна.

Харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз” — пастаянны ўдзельнік гарадскіх, раённых і абласных мерапрыем­стваў. Яго кіраўнік — таленавітая і апантаная Алёна Насеннік.

— Калі выхаванцы выступаюць на сцэне, канечне, хвалююся, аднак больш радуюся, бо бачу, наколькі танцы дапамагаюць дзяўчынкам стаць упэўненымі ў сабе, — гаворыць педагог.

З гэтага года аддзелам па адукацыі райвыканкама прынята рашэнне актыўна далучаць дашкольнікаў да заняткаў дадатковай адукацыяй. Інфарма­цыяй падзялілася Святлана Януковіч:

— Нашы педагогі працуюць з дзеткамі ад трох з паловай гадоў. Для такіх малышоў мы стварылі ў цэнтры шэраг гурткоў па інтарэсах: “Выяўленчае мастацтва”, “Музыка і спевы”, “Вясёлая англійская мова”, “Развіццёвыя гульні”, “Харэаграфія”. Таксама дапамагаем ім рыхтавацца да школы ў гуртках “Навучанне грамаце для пачынаючых”, “Матэматыка з нуля”. Жадаючых займацца вельмі шмат, усе групы напоўнены. І гэта радуе.

Лісты з Расіі ў Беларусь

Дзіцячы сад у Бягомлі — першы і пакуль адзіны ў краіне, які прымае ўдзел у незвычайным расійскім праекце “Жывыя лісты дашкольнікаў”.

Прыдумала яго Жанара Саткеева з Цюмені. Сутнасць праекта ў тым, каб у час інфармацыйных тэхналогій і электроннай перапіскі дзеці мелі магчымасць патрымаць у руках звычайны канверт, напоў­ніць яго сваімі малюнкамі і даслаць іншым дзецям, а ў адказ атрымаць ліст з рук паштальёна.

— Аднойчы я ўбачыла, як выхаванцы іншага дзіцячага са­да атрымалі пісьмо. Колькі было ў іх радасці. І мне захацелася, каб і мае дашкольнікі перажывалі такія станоўчыя эмоцыі. У інтэрнэце знайшла сеткавую адкрытую супольнасць “Жывыя лісты дашкольнікаў”, зацікавілася і зразумела: гэта тое, што нам трэба. Напісала аўтару праекта, і нас прынялі, — расказвае выхавальніца Наталля Старасценка.

За два гады ўдзелу ў праекце колькасць расійскіх гарадоў, з якіх у бягомльскі сад прыходзяць лісты, дасягнула 12. Сярод іх — Разань, Казань, Уладзікаўказ, Санкт-Пецярбург, Мышкін, Чэля­бінск. Нават ёсць канверт з Хантымансійскай аўтаномнай акругі Югра.

— Да 9 мая арганізатары праекта прапанавалі ўсім удзельнікам стварыць папяровыя цягнікі, вагончыкі якіх напоўніць малюнкамі па тэме “Мы разам кавалі Перамогу”. Застацца ў баку ад такога марафону мы не захацелі. Пачалі вывучаць гісторыю роднага пасёлка ў часы Вялікай Айчыннай вайны, як жыхары дапамагалі наблізіць Дзень Перамогі. Рыхтаваліся сур’ёзна і адказна. Да нас прыйшлі адразу два лісты з цягнікамі — з далёкіх Югры і Чэлябінска. У адказ мы адправілі ім свае лісты, — дзеліцца выхавальніца.

Дзякуючы праекту, у групе з’явілася шмат гульняў-хадзілак, створаных рукамі выхаванцаў расійскіх дзіцячых садоў. Бягомльскія дзетсадаўцы таксама прыдумалі, намалявалі і адправілі не адну такую гульню на самыя розныя тэмы. Сярод іх — “Падарожжа па родным пасёлку”, “У госці да зуб­роў у Бярэзінскі запаведнік”, “У госці да Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу”.

— Вельмі прыемна, што расійскія калегі абавязкова кладуць у канверт дыдактычныя матэрыялы. Мы таксама дзелімся сваімі напрацоўкамі. Атрымліваецца такі абмен вопытам. Але самае галоўнае — гэта ўражанні і эмоцыі дзяцей. Як яны чакаюць, як радуюцца чарговаму пісьму! — адзначыла выхавальніца.

— За лета, дзякуючы намаганням бацькоў і выхавальнікаў, нам удалося арганізаваць невялікі музей “Беларуская хатка”. Ужо знаёмім дзетак з бытам і традыцыямі нашага народа, яго звычаямі і абрадамі. Пашылі касцюмы ў нацыянальным стылі для дарослых экскурсаводаў і для маленькіх. Спадзяёмся, што ў хуткім часе самі выхаванцы будуць праводзіць экскурсіі, — падзялілася Лілія Плуч, загадчыца дашкольнай установы.

Марына ЖДАНАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА