Лагапедычнае абследаванне па-беларуску

- 12:51Спецыяльная адукацыя

“У псіхолага-медыка-педагагічныя камісіі Мінска апошнім часам усё больш звяртаюцца беларускамоўныя бацькі з пажаданнем, каб абследаванне развіцця маўлення дзіцяці праводзілася на роднай мове, — адзначае дырэктар Мінскага гарадскога ЦКРНіР Вольга Уладзіміраўна Капліна. — Нашы педагогі своечасова адрэагавалі на такі запыт — распрацавалі змест і дыдактычнае забеспячэнне лагапедычнага абследавання па-беларуску. Летась наша ініцыятыва была адзначана грантам Мінгарвыканкама”.

Аўтарамі адукацыйнага праекта “Правядзенне лагапедычнага абследавання беларускамоўных дашкольнікаў як сродак павышэння якасці работы псіхолага-медыка-педагагічных камісій” сталі настаўнікі-дэфектолагі Наталля Васільеўна Касцюк і Наталля Алегаўна Драздова, а таксама настаўніца Юлія Аляксандраўна Сімахіна.

“Для таго каб глыбей вывучыць сітуацыю з арганізацыяй абследавання беларускамоўных дашкольнікаў у ЦКРНіР Мінска, мы правялі анкетаванне іх дырэктараў, — гаворыць Наталля Алегаўна Драздова. — Высветлілася, што ва ўсіх карэкцыйных цэнтрах існуе патрэба ў спецыялістах, якія свабодна валодаюць беларускай мовай, у метадычнай дапамозе па арганізацыі абследавання маўленчага развіцця дашкольнікаў, якія размаўляюць па-беларуску, у адпаведным дыягнастычным інструментарыі. На наш цэнтр, паколькі ён гарадскі, ускладаецца асаблівая адказнасць пры правядзенні дыягнастычнай, метадычнай, карэкцыйнай, інфармацыйна-аналітычнай работы. У нас праводзіцца псіхолага-медыка-педагагічныя камісія (далей — ПМПК) у выпадках, калі бацькі не згодны з рашэннем таго ці іншага раённага ЦКРНіР. Для правядзення лагапедычнага абследавання беларускамоўных дашкольнікаў і з мэтай укараніць яго методыку ў практыку работы ПМПК Мінска наш педагагічны калектыў распрацаваў адпаведны змест і дыдактычнае забеспячэнне, падабраў варыятыўны фанетычны і лексічны матэрыял. Пачалі з дашкольнага ўзросту, паколькі гэта сензітыўны перыяд развіцця маўлення”.

Папярэдне педагогі прааналізавалі сітуацыю беларуска-рускага блізкароднаснага білінгвізму ў Беларусі, асаблівасці гукавымаўлення і лексіка-граматычнай будовы беларускага маўлення, узроставыя асаблівасці авалодання дашкольнікамі беларускай мовай. Матэрыялаў на беларускай мове, якія выкарыстоўваюцца непасрэдна ў спецыяльнай адукацыі, няшмат. Таму ў першую чаргу спецыялісты звярнуліся да рускамоўных дыягнастычных матэрыялаў абследавання маўлення дзяцей, пераклалі іх на беларускую мову, перапрацавалі, дапоўнілі. Важна было падабраць такі маўленчы матэрыял, пры трактоўцы якога спецыяліст зможа зразумець — перад ім дзіця з парушэннем маўлення або яго маўленне знаходзіцца, напрыклад, пад уплывам рускай мовы. Шукаліся крытэрыі, на якія можна абапірацца пры трактоўцы вынікаў абследавання.

Для абследавання развіцця маўлення дзяцей у якасці нагляднага матэрыялу спецыялісты Мінскага гарадскога ЦКРНіР пачалі выкарыстоўваць дапаможнікі, рэкамендаваныя для навучання беларускай мове рускамоўных дашкольнікаў, літаратурныя крыніцы (казкі, вершы, забаўлянкі, загадкі, прыказкі), маўленчы матэрыял, які можа быць прааналізаваны з улікам асаблівасцей гукамаўлення, развіцця лексікі і граматыкі беларускай мовы. Гэта можа быць, напрыклад, пералік слоў, якія ў далейшым будуць прымяняцца падчас карэкцыйнай работы для замацавання вымаўлення пэўных гукаў. Актыўна выкарыстоўваецца і матэрыял сумежных галін, найбольш адаптаваны для дзяцей дашкольнага ўзросту. У нашай краіне распрацаваны навукова-тэарэтычныя палажэнні, вучэбна-метадычны комплекс навучання дашкольнікаў роднай мове, якія грунтуюцца на лепшых дасягненнях методыкі развіцця беларускага маўлення дзяцей. Да іх адносіцца як метадычная спадчына лепшых педагогаў Беларусі (Я.Колас, М.Багдановіч, У.Луцэвіч і інш.), так і сучасныя метадычныя даследаванні (Е.Р.Андрэева, Н.С.Старжынская, Н.А.Сторажава, Дз.М.Дубініна і іншыя).

Абследаванне дзіцяці падчас прахо­джання ПМПК праводзіцца ў прысутнасці яго бацькоў. Спецыялісты аналізуюць медыцынскую дакументацыю дзіцяці, назіраюць за ім, размаўляюць, і ў выніку выяўляюць прыкладны ўзровень маўленчага і агульнага развіцця дзіцяці, яго кругагляд. У залежнасці ад гэтага падбіраюць матэрыял, неабходны для далейшай дыягнастычнай работы з канкрэтным дзіцем. Для ўста­лявання псіхалагічнага кантакту ў пачатку абследавання, каб дзіця дашкольнага ўзрос­ту адчувала сябе больш упэўнена, спецыялісты задаюць яму простыя пытанні: “Як цябе завуць?”, “Колькі табе гадоў?”, “З кім ты да нас прыйшоў?”, “Хто яшчэ ў цябе ёсць у сям’і?”, “Якія ў цябе любімыя цацкі?”. Дзіця адказвае на той мове, на якой яму камфортна. Многія, дарэчы, выкарыстоўваюць і рускую, і беларускую.

Першы этап дыягностыкі — абследаванне артыкуляцыйнага апарату:

 а) будовы (вуснаў, языка, зубоў, сківіц, паднябення);

 б) маторыкі (рухомасць органаў артыкуляцыйнага апарату: выразнасць, дакладнасць, аб’ём, тэмп і каардынацыя артыкуляцыйных рухаў, іх плаўнасць; здольнасць да ўтрымання зададзенай пазіцыі і пераключэння да іншай, у якім аб’ёме дзіця можа выканаць гэтыя рухі, ці ёсць у яго спадарожныя парушэнні).

 Абследаванне развіцця асноўных рухаў і пэўнага становішча органаў артыкуляцыйнага апарату праводзіцца ў форме артыкуляцыйнай гімнастыкі. Практыкаванні для такога абследавання добра распрацаваны, з’яўляюцца аднолькавымі для рускамоўных і беларускамоўных дашкольнікаў. Дзіцяці прапаноўваецца выканаць заданні па перайманні (услед за лагапедам) або па моўнай інструкцыі, напрыклад: аблі­заць языком вусны; дацягнуцца языком да носа, да левай, да правай шчакі; папстрыкаць языком; зрабіць язык шырокім, распластаўшы, а затым вузкім; падняць кончык языка ўверх і доўга ўтрымліваць яго ў гэтым становішчы; перамяшчаць кончык языка то ў левы бок вуснаў, то ў правы, мяняючы рытм рухаў; высунуць язык як мага далей, а потым уцягнуць яго глыбока ў рот; выцягнуць вусны наперад трубачкай, а затым расцягнуць іх у шырокую ўсмешку; рабіць напераменку гэтыя практыкаванні, мяняючы рытм рухаў; высунуць наперад ніжнюю сківіцу, затым адцягнуць яе назад; раскрыць шырока рот, а затым сціснуць сківіцы і г.д.

 У выніку абследавання гукавымаўлення павінна быць выяўлена ўменне дзіцяці вымаўляць той ці іншы гук (ізалявана, у словах і сказах, у самастойнай гаворцы). Пры гэтым варта адзначаць недахопы гукавымаўлення: замену, змешванне, скажэнне або адсут­насць асобных гукаў пры ізаляваным вымаўленні, у складах (прамых, зваротных, са збегам зычных), у словах з гэтымі складамі (гук у пачатку, сярэдзіне, на канцы слова) і сказах, фразах, кароткіх пацешках, скорагаворках. Спецыялісты цэнтра падабралі дыдактычны матэрыял, які можа быць выкарыстаны лагапедамі пры абследаванні гукавымаўлення беларускамоўных дашкольнікаў. Дзецям да двух гадоў і старэйшым прапануецца вымаўляць такія гукаперайманні, якія садзейнічаюць развіццю іх слыхамаўленчых навыкаў: ууу — гудзе паравоз, му — мукае карова, аў — брэша сабака і г.д. Прыстасаванне да фанетычных магчымасцей дзіцяці і да звычнай формы яго першых слоў дазваляе абследаваць вымаўленне патрэбных гукаў, развіццё моварухальнага апарату. Дзецям ад двух гадоў прапануецца паўтараць больш складаныя гукапераймальныя словы, якія змяшчаюць розныя па сваёй характарыстыцы гукі: рох-рох, ку- ка-рэ-ку, і-го-го.

 Далей праводзіцца абследаванне вымаўлення слоў з рознай складовай структурай. Вывучаецца фанематычны слых — адрозненне гукаў на слых, вылучэнне гука з гукавога, складовага раду і раду слоў, падбор малюнкаў на зададзены гук; адрозненне ў вымаўленні (прагаворванне гукавых, складовых радоў і слоў, прыдумванне слоў на зададзены гук); праверка стану фанематычнага ўспрымання. Асабліва гэта адносіцца да гукаў, падобных па артыкуляцыі ці блізкіх па гучанні. Варта праверыць распазнаванне ўсіх фанем з груп: свісцячых і шыпячых, звонкіх і глухіх, мяккіх і цвёрдых, санорных.

“Мы ўлічваем той момант, што ў беларускай мове ёсць гукі толькі цвёрдыя, якіх няма ў рускай мове, — гаворыць Наталля Алегаўна Драздова. — Падбіраем пералік слоў, на падставе якіх зробім выснову, у дзіцяці парушаецца пэўны гук ва ўсіх словах або толькі ў частцы слоў, больш складаных па структуры. Гук абследуецца ў розных пазіцыях — у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы слова. Свісцячыя гукі ў беларускай мове вымаўляюцца крыху мякчэй, чым у рускай мове. Але спецыялісту трэба зразумець, чаму дзіця змякчае гук? Гэта асаблівасць яго вымаўлення або гэта слабасць мышачнага апарату, недахоп тонусу языка. Існуе шмат падобных нюансаў, якія трэба навучыцца тракта­ваць. Для гэтага педагог, які праводзіць дыягностыку, павінен добра валодаць беларускай мовай”.

Наступны этап — абследаванне лексіка-граматычнага боку маўлення:

а) слоўнікавага запасу;

б) словаўтварэння і словазмянення (абследуецца ў залежнасці ад узросту дзіцяці).

Дзіцяці задаюцца пытанні па лексічных тэмах раздзелаў праграмы дашкольнай адукацыі, каб удакладніць, наколькі добра яно карыстаецца ўсімі часцінамі мовы, ці няма цяжкасцей у выкарыстанні прыметнікаў, дзеясловаў. Часта дзеці добра называюць прадметы, але не могуць апісаць іх характарыстыкі, назваць часткі, прызначэнне. Затым вывучаецца граматычны бок маўлення дзіцяці, калі высвятляецца магчымасць ужывання ім склонаў і прыназоўнікаў, словаўтварэння.

 Напрыклад, яму задаюцца пытанні: “Які ты любіш піць сок?”, “З чаго зроблены гэты сок?”, “Калі сок зроблены з (называецца садавіна), то як ён будзе называцца?”. Некаторыя заданні накіраваны як на вывучэнне слоўніка дзіцяці, так і на вывучэнне стану яго мыслення (назаві, што ў цябе ёсць з цацак (адзення, посуду і г.д.); назаві адным словам; гульня “Чацвёрты лішні”).

Важны этап — абследаванне звязнага маўлення:

а) пераказ казкі па малюнках;

б) складанне сказа ці тэксту па сюжэтным малюнку (серыі сюжэтных малюнкаў).

 І, нарэшце, абследаванне немаўленчых псіхічных функцый:

 а) успрыманне і адлюстраванне рытму з 5 элементаў (у старэйшым узросце);

б) успрыманне і называнне асноўных колераў і форм;

в) абследаванне зрокава-прасторавага гнозісу і праксісу.

 Настаўнік-дэфектолаг прапануе: паказаць правай рукой левае вока, левай рукой правае вуха; паказаць прадметы, якія знаходзяцца справа, злева, уверсе, унізе, спераду, ззаду; скласці разрэзаныя малюнкі з 2—8 частак; стан дробнай маторыкі. Лагапед прапануе: “Давай пагуляем. Рабі, як я…”: пальчыкі правай і левай рукі вітаюцца; вітаюцца пальчыкі толькі правай, толькі левай рукі; указальны і сярэдні пальцы бегаюць па стале; выцягнуць указальны палец і мезенец правай (левай) рук; гульня на раялі (пальцы 1—5, 2—4, 5—1, 4—2, 1—2—3—4—5,  5—4—3—2—1 ); кулак-рабро-далонь (кожнай рукой па чарзе); чаргаванне: правая рука — далонь, левая — кулак (потым наадварот).

“Увыніку ўсебаковага лагапедычнага абследавання мы атрымліваем даныя, якія дазваляюць вызначыць прычыну, характар і цяжкасць парушэння маўлення, зрабіць заключэнне і акрэсліць шляхі карэкцыі, — гаворыць Наталля Алегаўна Драздова. — Наш вопыт над праектам паказаў, што асаблівыя цяжкасці ў правядзенні лагапедычнага абследавання беларускамоўных дашкольнікаў выклікае кваліфікацыя шэрага граматычных памылак у маўленні, якія могуць быць як вынікам граматычнай інтэрферэнцыі, так і вынікам парушэння маўлення, што, на наш погляд, патрабуе больш дасканалага вывучэння гэтых асаблівасцей з боку дэфектолагаў (лагапедаў) і мовазнаўцаў. На сёння задача нашых спецыялістаў — пазнаёміць сваіх калег у рамках гарадскога метадычнага аб’яднання настаўнікаў-дэфектолагаў з гэтымі напрацоўкамі для таго, каб яны ўкараняліся ў работу раённых цэнтраў. Магчыма, хто-небудзь з калег зацікавіцца тэмай, самастойна працягне пачатую намі работу і ўдасканаліць яе”.

Надзея ЦЕРАХАВА.