Сёлетні год для рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” асаблівы — юбілейны. 20 снежня 1945 года ў беларускіх настаўнікаў з’явілася сваё прафесійнае выданне. Ужо на працягу 70 гадоў мы разам — журналісты і педагогі — пішам гісторыю нашай роднай беларускай школы. І робім гэта нядрэнна. Так, сёлета “Настаўніцкая газета” стала пераможцай XІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая ліцера” ў намінацыі “Лепшае галіновае выданне”.
Наша газета — равесніца Перамогі. Яе 70-гадовы юбілей мы будзем святкаваць у снежні. А сёння запускаем новы праект пад назвай “Настаўніцкай газеце” — 70”, дзе будзем гартаць выданні мінулых гадоў, узгадваць герояў публікацый, значныя падзеі сістэмы адукацыі.
Першым героем новага праекта мы выбралі незвычайнага чалавека — былую настаўніцу Уваравіцкай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці Вольгу Сысоеўну Аўраменка. 30 студзеня 1980 года наша газета прысвяціла ёй цэлую старонку, матэрыял называўся “Прызванне і прызнанне”. Тады Вольга Сысоеўна, ужо ўдастоеная высокага звання “Народны настаўнік СССР”, была выбрана кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР.
Мы выехалі ва Уваравічы, пазнаёміліся з Вольга Сысоеўнай і даведаліся, як прызванне забяспечвае прызнанне.
Вольга Сысоеўна Аўраменка — унікальны для Беларусі педагог. Са шматтысячнай настаўніцкай арміі былой велізарнай краіны СССР ёй першай у 1979 годзе было прысвоена ганаровае званне “Народны настаўнік СССР”. У яе пасведчанні значыцца лічба 1.
Дзе нарадзіўся, там і праславіўся
Хто сказаў, што для таго, каб стаць знакамітым, трэба абавязкова адпраўляцца ў сталіцу, ды яшчэ і прафесію выбраць такую, якая б хутка прывяла да зорнага алімпу: акцёра, мастака, вучонага, спартсмена. Можна быць настаўнікам невялікай школы, працаваць з сельскімі дзеткамі і стаць саюзнай славутасцю. Для гэтага трэба толькі працаваць па прызванні і аддана служыць яму. Так было ў нашай гераіні Вольгі Сысоеўны Аўраменка. Яна нарадзілася, вырасла і да гэтага дня жыве ва Уваравічах, што ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Яе дзяцінства прыпала на ваенныя гады, акупацыю. Ёй ішоў сёмы год, калі фашысцкая Германія захапіла Беларусь. “Партызаны праводзілі аперацыю, забілі некалькі фашыстаў, на што немцы арыштавалі некаторых падазроных, а жыхароў Уваравіч сабралі каля школы і выстраілі ў чаргу. Выдатна памятаю, дзе я стаяла з мамай тады. А бабуля схавалася з маім старэйшым братам на печы. Узгадваю, што я ўсё цягнула маму за руку і прасіла яе пайсці дадому: “Мама, пайшлі дадому. Чаго мы тут стаім?” А яна мне адказвала: “Нельга, трэба стаяць”. Колькі стаялі, не памятаю, але мне здавалася, што вельмі доўга. Затым людзей адпусцілі. Мы вярнуліся дадому. Праз некаторы час зноў зганяюць усіх. Але потым ад жыхароў адсталі. І ўспамінаецца мне яшчэ выпадак, калі каля школы быў павешаны чалавек з суседняй вёскі. Мясцовыя казалі, што гэта партызан. Памятаю, які жах ахапіў мяне, калі я ўбачыла вісячага на слупе чалавека. Гэта было страшна”, — на гэтым свае дзіцячыя ўспаміны Вольга Сысоеўна спыняе, таму што, напэўна, перад вачыма ўсплываюць карцінкі, ад якіх да гэтага дня перахоплівае дыханне, пачашчаецца пульс.
На шчасце, вайна не зрабіла Вольгу Сысоеўну сіратой, і бацька вярнуўся з фронту. Вырасла наша гераіня ў простай, але дружнай і працавітай сям’і. Бацькі працавалі ў калгасе. Дзеці — Вольга і брат — былі пад наглядам бабулі, вельмі інтэлігентнай жанчыны, якая нарадзілася ў адзін год з Леніным. Універсітэтаў яна не заканчвала, але валодала прыроднай мудрасцю і тактам. Ні крыку, ні натацый не чулі дзеці з яе вуснаў, кожнага чалавека, незалежна ад узросту, яна старалася зразумець, выслухаць.
Напэўна, няма ва Уваравічах такога чалавека, які б не ведаў Вольгу Сысоеўну Аўраменка. Яе імя і прозвішча як пароль на вызначэнне — ты мясцовы з Буда-Кашалёўскага раёна або прыезджы. Вольга Сысоеўна 44 гады абуджала ў вясковых дзяцей любоў да “великого и могучего”, дапамагала ім станавіцца людзьмі добразычлівымі, спагадлівымі, працавітымі. Як дэпутат спачатку раённага, затым абласнога і Вярхоўнага саветаў дапамагала землякам вырашаць бытавыя і асабістыя пытанні. І тым самым заслужыла іх прызнанне і давер.
Чалавек і грамадзянін
Коратка пра сваё жыццё Вольга Сысоеўна гаворыць так: “Я была аддадзена людзям”. Настаўніцкую, а ў дадатак да яе яшчэ дэпутацкую дзейнасць не вымераць рабочымі гадзінамі, бо гэта служэнне. Для людзей Вольга Сысоеўна знаходзіла словы разумення, падтрымкі.
Па ўспамінах В.С.Аўраменка, першыя настаўніцкія гады былі нялёгкія. Працавала школа ў тры змены. Электрычнасці не было. Добра, калі на адзін кабінет выдаваліся дзве лямпы — адну ставілі каля стала настаўніка, другую — у канцы кабінета. Настаўнікі вельмі любілі дзяцей, спагадліва да іх ставіліся. Да кожнага ўрока Вольга Сысоеўна абавязкова пісала канспект, абавязкова правярала ўсе сшыткі. А пасля заняткаў настаўнікі наведвалі дзяцей дома. Вучні Вольгі Сысоеўны жылі не толькі ва Уваравічах, але і ў вёсках за 3, 5 і 10 кіламетраў. І ўсе гэтыя адлегласці яна пераадольвала пешшу ў рознае надвор’е і пару года. Яшчэ ў абавязкі настаўнікаў, на той час самых адукаваных людзей у вёсцы, уваходзіла арганізацыя канцэртаў і лекцый. У школе была грузавая машына, на якую садзіліся педагогі (часам з вучнямі) і адпраўляліся ў населеныя пункты несці народу ідэі аб каштоўнасці здаровага ладу жыцця, аб неабходнасці служэння Айчыне. Таксама ставілі спектаклі.
У Вольгі Сысоеўны была вялікая мара — пабудаваць ва Уваравічах новую вялікую школу. Як дэпутат Вярхоўнага Савета яна прыклала максімум намаганняў для ажыццяўлення задуманага. Сёння ў цэнтры пасёлка стаіць новая школа-прыгажуня. Усё ў ёй створана для таго, каб дзецям і настаўнікам было камфортна. У гэтай школе памятаюць і шануюць Вольгу Сысоеўну, ёй заўсёды рады, яна тут самы паважаны госць. Але яна тут усяго толькі госця. Мары хоць гадок папрацаваць у новай школе так і не наканавана было ажыццявіцца — перашкодзіла траўма нагі. Сёння наш народны настаўнік прызнаецца, што расстанне са школай, з дзецьмі было вельмі балючым. 15 гадоў пасля таго, як яна закончыла сваю працоўную дзейнасць, званкі, якія запрашаюць настаўніка і вучня ў клас на ўрок, выклікалі боль у яе сэрцы.
Абсалютная павага
Вольга Сысоеўна магла стаць урачом. Старэйшыя стрыечныя сястрычкі вучыліся ў Мінску ў медыцынскім інстытуце і агітавалі Вольгу паступаць за кампанію. Абяцалі падтрымку.
— Мы жылі бедна, — успамінае гераіня. — Мама дала трошкі грошай і адправіла ў Мінск паступаць у інстытут. А я даехала да Гомеля і падумала, што доктарам добрым я ніколі не буду, бо вельмі баюся крыві. І не паехала далей, а паступіла ў Гомельскі педагагічны інстытут імя В.П.Чкалава.
Але ж гэты выбар не быў выпадковым. Школа выклікала толькі станоўчыя пачуцці ў Вольгі Сысоеўны. Гэта звязана з тым, што ў яе быў яркі прыклад настаўніцы, якая, можна сказаць, і ўлюбіла Вольгу Сысоеўну ў педагагічную прафесію, — Ніна Савельеўна Пашэвіч. Ніна Савельеўна была ўдастоена звання “Заслужаны настаўнік БССР”. “Тоненькая, грацыёзная, прыгожая, спакойная, тактоўная, вельмі добра чытала вершы, наогул любіла літаратуру”, — успамінае пра яе Вольга Сысоеўна.
Да сённяшняга часу Вольга Сысоеўна добра памятае свой першы ўрок — пасля 3 курса ў 6 класе 34-й гомельскай школы. Тады яна адчула, што з прафесіяй не памылілася, а пытанні кіраўніка практыкі, выкладчыка інстытута, яшчэ і пацвердзілі яе прадчуванні. Ён падышоў да студэнткі Вольгі Аўраменка і пацікавіўся: “Вы працавалі ўжо настаўніцай у школе?” Дзяўчына адразу і не зразумела сэнсу яго пытання, паглядзела на выкладчыка здзіўлена, а ён другое хутка задае: “Дык у вас бацькі педагогі?” Пачуўшы два адмоўныя адказы, выкладчык паціснуў плячыма і пайшоў задуменна.
А ўжо на 4 курсе падчас практыкі ў роднай Уваравіцкай школе пасля ўрока ў 9 класе кіраўнік практыкі, выкладчык гісторыі і педагогікі інстытута, адзначыў: “Я вам толькі адно хачу сказаць, Вольга, што калі б я быў дырэктарам школы, то абавязкова ўзяў бы вас да сябе на работу”.
Асноўныя педагагічныя прынцыпы
(з матэрыялаў па абагульненні вопыту В.С.Аўраменка):
— Давер да вучня як да асобы — перш за ўсё. Давер і кантакт з ім — гэта падмурак, на якім будуецца ўся педагагічная работа.
— Вучні не павінны баяцца настаўніка. Паміж імі не павінна быць узведзена “кітайская сцяна” непаразумення.
— Умець ставіць сябе на месца вучня, разумець яго стан, патрэбы — гэта павінен рабіць кожны педагог.
— Настаўнік павінен прадбачыць падзеі, прагназаваць іх.
— Настаўнік не мае права на памылку, у гэтым сэнсе яго работу можна параўнаць з работай сапёра. Перш чым прыняць нейкае рашэнне, трэба добра ўзважыць усе “за” і “супраць”, высветліць усе акалічнасці і ўлічыць іх, у тым ліку і тое, што адбылося. У выбары сродкаў настаўнік не павінен спяшацца, а перш за ўсё падумаць.
— Настаўніку трэба валодаць сабой. Ён не павінен даваць сабе ніякіх патуранняў і ўступак, пачынаючы ад знешняга выгляду, падцягнутасці і заканчваючы ўменнем трымацца ў любых сітуацыях.
— Намаганні педагогаў і бацькоў павінны быць адзінымі і сумеснымі.
— Падазрэнні вучня ў нядобрых учынках, недаверлівасць, дробязная апека і чытанне натацый — гэта тое, што перашкаджае справе.
— Настаўнік не мае права за нешта ненавідзець дзяцей. Калі я чую такое: “Як я ненавіджу (не люблю) гэты клас!”, то мне становіцца не па сабе. Гэта азначае, што і вучні да настаўніка будуць ставіцца гэтак жа. Яны выдатна адчуваюць стаўленне настаўніка да іх.
— Як зрабіць так, каб слова фарміравала дзіцячую душу, каб вучням было цікава на ўроку? Па рэакцыі школьнікаў зразумела, што ў навучанні трэба зыходзіць з іх вопыту.
— Паводзіны настаўніка павінны ста ць годным прыкладам для вучняў. Толькі той настаўнік добры, чые словы не разыходзяцца са справай.
Вользе Сысоеўне здаецца, што яна нічога звышасаблівага ніколі не рабіла, — усё тое, што і калегі. Пасля таго як стала вядомым на ўвесь Саюз настаўнікам, давялося шмат разоў адказваць на пытанні журналістаў на тэму сакрэту паспяховага настаўніцтва. Вольга Сысоеўна адкрывала ім простыя, усім вядомыя ісціны — любіць сваю справу, паважаць і шанаваць тых, з кім працуеш, імкнуцца іх зразумець.
— Я была строгім настаўнікам, — прызнаецца В.С.Аўраменка. — Мне і вучні расказвалі, што толькі я заходжу ў клас — як яны заміраюць, у кабінеце ўсталёўваецца абсалютная цішыня. Не было ў мяне выпадку, каб я кагосьці нейкім словам нядобрым абазвала або пакрыўдзіла ў прысутнасці ўсіх. Калі трэба было нешта сказаць вучню, то на перапынку паклічу яго да сябе і проста з ім пагавару, паспрабую зразумець яго, чаму ён так зрабіў, высветліць, у чым мая віна, у чым я не маю рацыю. Напэўна, гэтае ўменне разумець чалавека выклікала павагу да мяне.
Настаўнік — прыклад ва ўсім для дзяцей. Яны хочуць яго пераймаць, адпавядаць яму. Яны гавораць з настаўнікам на той мове, на якой ён да іх звяртаецца, амаль з той жа інтанацыяй і тымі ж словамі.
У Вольгі Сысоеўны было шмат вучняў, многія з іх выбралі педагагічную сцежку. І сёння яны як аб высокім знаку якасці адзначаюць, што яны вучыліся ў Аўраменка.
Урокаў за 44 гады работы ў школе ў Вольгі Сысоеўны было шмат. І кожны, як адзначае гераіня, меў сваю вузкую скіраванасць — навучыць правапісу, сінтаксісу, але самай галоўнай задачай было выхаваць чалавека — творчага, працалюбівага, адказнага. Са сваімі вучнямі па праграмных творах Вольга Сысоеўна ставіла сцэнкі, для якіх самастойна рабілі касцюмы. Дзеці імкнуліся чытаць кнігі і сачыненні пісалі не менш чым на 12 лістоў.
За пісьменнасць настаўніца змагалася рознымі сродкамі. Аднойчы Вольга Сысоеўна сустракалася з міністрам адукацыі Міхаілам Гаўрылавічам Мінкевічам, які пацікавіўся, якія поспехі ў яе вучняў з пісьменнасцю. Настаўніца прызналася, што па-рознаму, і расказала пра хлопчыка Мішу, які перавёўся ва Уваравіцкую школу з іншай сельскай школы ўжо ў 8 класе. Сшытак хлопчыка пасля праверкі быў звычайна ўвесь у чырвоных чарнілах — амаль у кожным слове памылка. Як жа настаўнік вырашае гэтую праблему? Вучань атрымлівае на лета дамашнюю работу.
— Цэлае лета ён да мяне на веласіпедзе за 8 кіламетраў прыязджаў, — успамінае В.С.Аўраменка. — Сшытак скручаны, пакамечаны, сам увесь мокры ад спёкі і ад язды. Хлопец вельмі стараўся, але не ўдавалася яму пісаць без памылак. Відаць, нешта з пачатковай школы ў яго не пайшло або мала на яго звярталі ўвагі настаўнікі… Але чалавек ён быў добры і стараўся, не магла я яго пакінуць на другі год. Калі на выпускным экзамене Міша пісаў сачыненне, я прасіла дзяўчынку-выдатніцу яму падказваць. Ён стаў аграномам. Выдатным спецыялістам і чалавекам.
На працягу ўсёй работы ў школе Вользе Сысоеўне не раз прапаноўвалі кіраўніцкія пасады, і на ўсе прапановы ў яе быў адмоўны адказ.
— Мне заўсёды падабалася прыходзіць у клас да дзяцей, глядзець ім у вочы, бачыць іх узнятыя рукі, назіраць, як яны сталеюць. Я вучылася ў дзяцей, як трэба разумець людзей. Настаўнік нярэдка вучня абражае, праганяе, прыніжае, шукае сродак кары і забывае, што галоўнае ў педагогіцы — уменне разумець людзей, — заўважае В.С.Аўраменка.
Сэнс жыцця
Настаўніцкая прафесія масавая, і заўсёды так было, што ў школе працавала шмат людзей выпадковых, якія атрымалі прафесію за кампанію ці таму, што іншага выбару не было.
— Знешне праца настаўніка многім людзям можа здавацца вельмі прывабнай, — адзначыла Вольга Сысоеўна на маё пытанне, якое хвалюе розумы многіх работнікаў сферы адукацыі: як павысіць прэстыж педагагічнай прафесіі? — Мне ўспамінаюцца словы старажытнарымскага філосафа Сенекі: “Каго багі жадаюць пакараць, таго яны робяць педагогам”. Ён выдатна ведаў кошт настаўніцкага хлеба, бо быў настаўнікам Нерона. Педагагічная праца шматгранная і неабсяжная. У педагогіку павінны ісці людзі, здольныя пераносіць цяжкасці, якія любяць дзяцей, людзей. На прэстыж педагагічнай прафесіі шмат што ўплывае: і агульны эканамічны стан у краіне, і матэрыяльнае ўзнагароджанне, і стаўленне бацькоў да настаўніка, і паводзіны педагогаў. Сёння многія навучыліся прыгожа гаварыць, але з-за таго, што за іх размовамі не стаяць канкрэтныя справы, яны не маюць ніякага значэння.
Трэба павысіць заработную плату настаўніку. У яго павінна быць дастаткова сродкаў, каб паглыбіцца ў дзейнасць, пастаянна займацца самаразвіццём.
Шмат справаздач з’явілася ў рабоце настаўніка, з-за чаго ў яго застаецца мала часу на справы. Можна напісаць выдатную справаздачу, але за ёй нічога не будзе.
Мы бачым у жыцці шмат несумленных, нахабных людзей. І яны нярэдка пачынаюць змешваць настаўніка з брудам. Можа, бывае, настаўнік і не мае рацыю, але трэба разабрацца і даць правільную ацэнку падзеі.
Адзін час у школе было прынята, што педагогі выхоўвалі сабе пераемнікаў. Гэта важна, таму што настаўнік бачыць здольнасці дзяцей.
Калі вучань заўважае, што настаўнік на ўроку прыгожа гаворыць, а за вуглом дазваляе сабе нешта непрыстойнае, то не будзе даверу і павагі да такога чалавека. Педагог павінен не забываць, хто ён, і быць прыкладам ва ўсім, і не толькі для вучняў, бацькоў, але і для ўсяго грамадства.
Перш чым паступіць у педагагічную ВНУ, малады чалавек павінен усведамляць, чаму яму гэтай дзейнасцю трэба займацца, якія ў яго будуць абавязкі. Каб ён ведаў, да чаго яму рыхтавацца.
Прыклад Чалавека
У лістападзе на юбілейны, 80-ы, дзень нараджэння ў Вольгі Сысоеўны было шмат гасцей. Яе вучні ехалі з розных краін, каб падзяліцца сваімі ўспамінамі аб школе, уроках, сумесных справах, каб прызнацца ў сваіх перажываннях свайму настаўніку і, вядома ж, падзякаваць. У іх успамінах захаваліся розныя дэталі: як яна пісала на дошцы, якая ў яе была сукенка, як яна прыходзіла да іх дадому.
— Як захаваць здароўе на доўгія гады? — цікаўлюся ў Вольгі Сысоеўны. Вядома, у гэтым ёсць заслуга бацькоў, якія генетычна перадалі ёй здароўе. Сярод родных Вольгі Сысоеўны шмат доўгажыхароў. Яе бабуля і бацька пражылі па 90 гадоў, мама — каля 80.
А яшчэ на якасць жыцця ўплываюць думкі, пачуцці, стаўленне да ўсяго, што адбываецца навокал, зносіны з людзьмі. Вольга Сысоеўна не толькі прапагандавала здаровы лад жыцця сваім вучням, але і была яркім прыкладам.
— Я пражыла на сваёй вуліцы з дзяцінства да сённяшняга дня, — гаворыць Вольга Сысоеўна. — Але ніколі ні з кім не пасварылася, нікога не прынізіла, не абразіла. Было, што мяне крыўдзілі, але я на гэта старалася не звяртаць увагі, сыходзіла прэч, не мела зносін. У мяне сціплыя былі бацькі. Прыкладам была бабуля, хоць не пісьменная, але вельмі інтэлігентная.
Двух сыноў выгадавала Вольга Сысоеўна разам з мужам Васілём Цімафеевічам Кекелева. Ён таксама быў настаўнікам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ва Уваравіцкай школе. Васіля Цімафеевіча любілі і паважалі. Як і жонка, ён прысвяціў сябе школе, дзецям. Сыны бачылі бацькоў часцей у школе, чым дома.
Сёння Вольга Сысоеўна жыве разам з сям’ёй старэйшага сына, дапамагала яму гадаваць дзяцей, а зараз расказвае казкі праўнучцы.
Яна па-ранейшаму запатрабаваная, паважаная. І кожны яе прыход у грамадскае месца выклікае цікавасць і радасць. Чаму?
Выдатна пра гэта сказала вучаніца Вольгі Сысоеўны — цяпер педагог-псіхолаг Уваравіцкай сярэдняй школы — Ніна Уладзіміраўна Новікава:
— У жыцці кожнага з нас ёсць людзі, якія нас накіроўваюць, вядуць, сваім прыкладам дэманструюць, як трэба ставіцца да чалавека і жыцця ўвогуле. Для мяне і многіх маіх аднакласнікаў гэта былі нашы настаўнікі. Неаднойчы мы ўзгадваем іх добрым словам. Вялікае шчасце сустрэць на сваім шляху сапраўднага Педагога. Такой асобай была наша настаўніца рускай мовы і літаратуры Вольга Сысоеўна Аўраменка. Строгая і чуллівая, заўсёды карэктная, эрудзіраваная, яна цаніла чалавечую годнасць кожнага вучня. Дзякуючы ёй я не толькі стала пісьменным чалавекам, але і палюбіла мову настолькі, што пасля заканчэння школы стаяла перад выбарам: геаграфія або руская філалогія? Першая перасіліла. Але і філолагаў было з нашага класа некалькі. Нехта з іх працуе ў школе, нехта прысвяціў сябе журналістыцы. А як удумліва мы чыталі творы, вывучалі тыпажы… Вольга Сысоеўна магла нас захапіць любым праграмным творам. Мы, вучні, заўсёды з павагай глядзелі на сямейную пару дваіх выдатных педагогаў Вольгі Сысоеўны і Васіля Цімафеевіча. У іх склаўся саюз, які сваім стаўленнем адно да аднаго і да працы натхняў іншых педагогаў, з’яўляўся прыкладам для дзяцей. Радасна, што на тваёй малой радзіме ёсць людзі, якімі можна ганарыцца!
P.S. Вялікі дзякуй за аказаную дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу аддзелу адукацыі, спорту і турызму Буда-Кашалёўскага раёна і асабіста начальніку аддзела А.П.Парфененка, калектывам Цэнтра дзіцячай творчасці і сярэдняй школы Уваравіч.
Святлана КІРСАНАВА.
Фота аўтара.