Лепей гор могуць быць толькі скалы і надзейнае плячо побач, упэўнена сям’я педагогаў з Мар’інай Горкі

- 14:26Учительский дуэт

Можна сказаць, што вядомая песня Уладзіміра Высоцкага “Развітанне з гарамі” стала лёсавызначальнай для сямейнай пары педагогаў дадатковай адукацыі Цэнтра турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна Дзмітрыя Ніканорава і Вольгі Рак. Лёсавызначальнай на свой лад: асалоду ад вышыні можна атрымаць не толькі ў гарах, але і на скаладроме. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагагічны квартэт

Педагог дадатковай адукацыі цэнтра, магістр педагагічных навук, майстар спорту па спартыўным скалалажанні Вольга Рак пры знаёмстве стварае ўражанне моцнай жанчыны. Невысокага росту, спартыўнага целаскладу, з пастаяннай усмешкай на вуснах, Вольга Сяргееўна расказвае пра сваю любоў да пакарэння вышыні, раз-пораз удзяляючы ўвагу чатырохгадовай дачушцы Машы і двухмесячнаму сыночку Максіму. У любой справе яе падстрахоўвае муж Дзмітрый Сяргеевіч — педагог дадатковай адукацыі цэнтра, кандыдат у майстры спорту па спартыўным скалалажанні. Такім чынам, я сустракаюся для інтэрв’ю ў рамках рубрыкі “Настаўніцкі дуэт” і не з дуэтам нават, а з сапраўдным квартэтам: татам, мамай і іх дваімі дзеткамі.

Вольга Рак — з Мар’інай Горкі, вучылася ў сярэдняй школе № 1, якую скончыла ў 2003 годзе, пасля чаго паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на факультэт аздараўленчай фізічнай культуры.

— Заканчвала кафедру “Дашкольнае выхаванне”, — гаворыць Вольга Сяргееўна. — Менавіта на гэтай кафедры я сустрэла свайго трэнера Іну Юр’еўну Грамяніцкую, якая пазнаёміла мяне са спартыўным скалалажаннем. Пад яе кіраўніцтвам я паспрабавала лазіць па сцяне, у мяне гэта атрымалася, і я вырашыла, што хачу быць падобнай на свайго трэнера. Так я і выбрала сабе прафесію — трэніраваць дзяцей, вучыць іх, паказваць ім, што такое спартыўнае скалалажанне. Напэўна, у многім дзякуючы Іне Юр’еўне, я стала тым чалавекам, які я ёсць зараз.

Калі была студэнткай, Вольга Рак удзель­нічала ў вялікай колькасці рэспубліканскіх спаборніцтваў, у тым ліку ў лажанні на хут­касць, лажанні на цяжкасць і ў боўлдэрынгу (від скалалажання, які ўяўляе сабой серыю кароткіх, па 5—8 перахватаў, гранічна складаных трас, назва паходзіць ад англійскага boulder (валун), bouldering — лажанне па валунах. — Заўвага аўтара.). Пры лажанні на хуткасць неабходна пераадолець трасу за мінімальна кароткі час, як мага хутчэй. Лажанне на цяжкасць — пераадоленне як мага большай адлегласці на трасе павышанай складанасці. Боўлдэрынг — самая любімая дысцыпліна маёй гераіні: неабходна пера­адолець 5—6 складаных трас і прайсці да канца. Зразумела, гэта максімальна відовішчна. У такім спаборніцтве ты паказваеш сваю сілу і за 5 хвілін, якія табе даюцца, можаш штурмаваць трасы зноў і зноў. Прычым пры боўлдэрынгу не выкарыстоўваецца страхоўка, яе замяняе гімнастычны мат. Падаючы са сцяны, Вольга засмучалася, аднак з’яўлялася ўнутраная злосць і спартыўная рашучасць рухацца больш дакладна і дынамічна.

— Па размеркаванні я прыйшла на работу ў Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна, калі ў 2008 годзе скончыла БДУФК, — працягвае педагог. — Для заняткаў спартыўным скалалажаннем у той час тут нічога не было, і мы пачыналі з дзецьмі, лазячы па шведскіх сценках. А па суботах ездзілі з выхаванцамі ў Мінск у Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства на скаладром. Першая сцяна для скалалажання ў нас з’явілася ў 2010 годзе, а пазней агульнымі намаганнямі мы адбудавалі наш скаладром да яго цяперашняга выгляду. У сярэдняй школе № 4 Мар’інай Горкі размешчаны наш высокі скаладром — 5,5 м, дзе ёсць блок для лажання на хуткасць і асобная сцяна, дзе мы трэніруем цяжкасць, каб выязджаць на міжнародныя старты і лазіць па сапраўдных скалах. У будынку цэнтра турызму знаходзіцца скаладром, вышыня якога 2,5 м.

У адной счэпцы

Педагог дадатковай адукацыі цэнтра Дзмітрый Ніканораў, гутарачы са мной, пакуль яго жонка гушкае сына, сціпла расказвае пра свой шлях на скалы. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 Мар’інай Горкі і Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка па спецыяльнасці “Тэхнік-­электрык” пайшоў служыць у армію. Скалалажаннем займаўся з 9 класа, прычым пачынаў у сваёй будучай жонкі. Спартыўнае скалалажанне захапіла юнака, і, вярнуўшыся з арміі, ён уладкаваўся ў цэнтр турызму на работу, скончыўшы неабходныя курсы. Праз некаторы час яго трэнер Вольга Сяргееўна стала для Дзмітрыя Сяргеевіча не толькі калегай, але і спадарожніцай жыцця. Ды і як інакш: увесь час разам — з дзецьмі на спаборніцтвах, у выездах на сапраўдныя скалы.

— Ці ёсць зоркі сярод вашых выхаванцаў? — пытаюся ў педагога.

— А як жа! Павел Астапчык прыйшоў да нас займацца ў 1 класе, гледзячы на свайго старэйшага брата Дзмітрыя, — адказвае Дзмітрый Ніканораў. — Хлопчык пачаў паказваць стабільна добрыя вынікі гадоў з 14: станавіўся лепшым на абласным этапе спаборніцтваў, потым пачаў перамагаць і на рэспубліцы. Трапляў у фінал дзіцячых спаборніцтваў першынства Расіі, у якіх бралі ўдзел каля тысячы чалавек. У 16 гадоў Павел удзельнічаў у дарослых спаборніцтвах, прычым даходзіў да паўфіналаў і фіналаў, быў ужо кандыдатам у майстры спорту. Сёлета на чэмпіянаце Беларусі стаў першым, зараз Павел Астапчык — майс­тар спорту па спартыўным скалалажанні. Акрамя таго, ён студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, вучыцца на трэнера па спартыўным скалалажанні.

Тое, што мы займаемся адной справай і працуем разам, — гэта несумненны плюс у сямейным жыцці. Мы можам падтрымаць адно аднаго, увесь час разам, сумесна плануем і ажыццяўляем паездкі. Калі нарадзілася дачушка Маша, яна пачала з намі хадзіць у паходы, ездзіць і нават лятаць на мерапрыемствы, як толькі гэта стала магчымым. Так, Маша пабывала з намі на спартыўных спаборніцтвах у Цюмені (Расійская Федэрацыя). Дарэчы, Машы вельмі падабаецца скаладром, яна заўсёды там, сябруе з дзецьмі, трэніруецца. Мы і дома абсталявалі дачцэ невялікую сценку для склалажання. Такім чынам, мы і дома, можна сказаць, на рабоце.

Там, дзе адпачываеш душой

— Наша каханне нарадзілася на скаладроме, — далучаецца да размовы Вольга Сяргееўна. — Пасля з’явілася дачушка Маша, а зусім нядаўна — сынок. Для нас з мужам спартыўнае скалалажанне ўжо не проста работа, а сумесны лад жыцця. Нам вельмі падабаецца накіроўвацца на скалы з выхаванцамі. Першы раз мы ездзілі на скалы ва Украіну ў 2013 годзе, пасля ў Карэлію — на Змяіную і Ястрабіную горы, двойчы былі ў Крыме — на Чырвоным камені і Нікіцкіх скалах. Мы пастараліся паказаць дзецям як мага больш у скалалажанні, растлумачыць, што гэта не толькі сцены з зачэпкамі, але і натуральны рэльеф, уласна скалы разам з прыродай.

— І гэта больш крута, чым скала­­дром? — задаю заканамернае пытанне Вользе Рак.

— Скажам так: для мяне скалы і скала­­дром — на адным узроўні, — адказвае яна. — Паколькі большасць спаборніцтваў у нас праводзіцца ў залах (прычым скалалажанне — алімпійскі від спорту), то мы і нацэлены на скаладром. На скалах больш адпачываеш душой, чым трэніруешся. Там можна добра падцягнуць тэхніку, але ўласна трэніроўку на скалах мы не праводзім, каб дзеці атрымалі задавальненне ад адпачынку.

Педагогу ўдаецца сумяшчаць сям’ю і надзвычай спецыфічную работу, прытым што і муж — трэнер па скалалажанні. Вользе Сяргееўне падабаецца яе жыццё, найперш працаваць з дзецьмі. Да выхаванцаў яна ставіцца, як да ўласных дзетак: можа абняць, пашкадаваць, выслухаць. Напэўна, гэта ўжо прадвызначана лёсам, што дзеці двух трэнераў па скалалажанні таксама будуць займацца гэтым відам спорту.

— Я хацела б, каб яны лазілі разам з намі, нават не таму, каб стаць вялікімі спарт­сменамі, а каб скалы і скаладром прысутнічалі ў іх жыцці як хобі, — дзеліцца Вольга Рак. — Наша Маша ў свае няпоўныя чатыры гады ўжо брала ўдзел у двух спаборніц­твах. З намі яна ездзіць з васьмі месяцаў, расце такім чынам на вачах усёй скалалазнай супольнасці не толькі Беларусі, але і Расіі. Дачка ўдзельнічала ў спаборніцтвах у Маскве на дзіцячым фестывалі “Тэрыторыя O’Skal” у самай малодшай узроставай групе, і яна шчаслівая ад таго, што ў яе атрымліваецца.

Чаму дзіця лезе на сценку?

У сямейнай пары трэнераў ёсць адказ на пытанне, чаму дзіцяці патрэбна займацца спартыўным скалалажаннем.

— Таму што гэта закладзена ў нас самой прыродай з ранняга дзяцінства, — адказвае Вольга Сяргееўна. — Я заклікаю баць­коў аддаваць дзяцей на скалалажанне, бо гэта спрыяе развіццю ўсяго цела, у малых фарміруюцца ўсе фізічныя якасці, развіваецца гібкасць, паляпшаюцца каардынацыйныя здольнасці. Я, дарэчы, пісала дысертацыю па тэме “Развіццё каардынацыйных здольнасцей у дзяцей дашкольнага ўзросту”. Зноў жа гэта не манатонныя заняткі накшталт бегу на 100 метраў, а кожны раз новы маршрут. Пачынаць займацца можна з 5—6 гадоў, заняткі ўмацоўваюць усе групы мышцаў.

— Дзіцячая прырода такая, што яны любяць усюды лазіць, — далучаецца да жонкі Дзмітрый Сяргеевіч. — Мілая справа — залезці на агароджу, дрэва, турнік і г.д. Спартыўнае скалалажанне дае ім легальную магчымасць гэта рабіць. Каб у дзіцяці атрымлівалася скалалажанне, не трэба нейкіх асаблівых задаткаў. Галоўнае, каб не перашкаджала фізіка цела, гэта зна­чыць, не было занадта лішняй вагі. Хаця ў нас займаліся дзеці рознай камплекцыі — і ўсё атрымлівалася. Зразумела, што паўнаватае дзіця не стане чэмпіёнам свету, але для сябе яно будзе добра займацца і пакажа прагрэс. Пажадана, каб рукі былі ўчэпістымі, каб дзіця наогул было фізічна актыўнае. Супрацьпаказанняў для заняткаў скалалажаннем, на мой погляд, няма.

— Якую вышыню на скале вы для сябе паставілі? — пытаюся напрыканцы сустрэчы ў Вольгі Рак.

— Мне заўсёды хацелася камандай выйграць чэмпіянат Беларусі, і мы з выхаванцамі гэтага дасягнулі. У нас зараз больш за 40 кубкаў, мы чэмпіёны Мінскай вобласці і рэспублікі. Наступнай маёй мэтай было выхаваць майстра спорту, і нядаўна яна спраўдзілася з Паўлам Астапчыкам. Галоўная ж мэта — трапіць на Алімпійскія гульні, пра што марыць кожны трэнер.

— Жадаю вам удачы, неверагодны настаўніцкі квартэт! І хай спраўдзяцца ўсе мары!

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара і з архіва Вольгі Рак