Лепшыя праекціроўшчыкі – у ГДТУ імя П.В.Сухога

- 10:54Навіны рэгіёнаў

Студэнты энергетычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога паказалі выдатны вынік свайго ўдзелу ў І Рэспубліканскім конкурсе “Праект у будучыню — 2016”, ініцыятарам якога стала рэспубліканскае прадпрыемства “Навукова-даследчы інстытут “Белгіпратопгаз” — лідар на айчынным рынку праектавання сістэм газазабеспячэння.

У верасні мінулага года на сустрэчу са студэнтамі ГДТУ імя П.В.Сухога прыехалі прадстаўнікі праектнага навукова-даследчага інстытута “Белгіпратопгаз” на чале з яго кіраўніком, каб прэзентаваць будучым спецыялістам цікавы праект. Пачынаючы незвычайную ініцыятыву ў сферы газавага праектавання, арганізатары былі занепакоены. Як установы вышэйшай адукацыі прымуць гэтую ініцыятыву? Наколькі гэта будзе цікава студэнтам? Якім будзе водгук? Але ўжо з першых сустрэч з перадавой моладдзю стала зразумела: ёсць зацікаўленасць і гатоўнасць спрабаваць. Многія студэнты-старшакурснікі гомельскага палітэха адразу заявілі аб удзеле ў конкурсе.

Усяго ж па выніках першага этапу “Праекта ў будучыню” аб удзеле ў конкурсе заявілі 86 студэнтаў з чатырох УВА краіны: Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Брэсцкага і Гомельскага тэхнічных універсітэтаў і Полацкага дзяржуніверсітэта. Фіналістамі конкурсу сталі 9 самых таленавітых студэнтаў, менавіта яны атрымалі магчымасць паказаць свой талент і набыць прафесійныя навыкі пры стварэнні рэальнага праекта.

У маладых праекціроўшчыкаў на распрацоўку было менш за два месяцы, пры гэтым ад іх чакалі крэатыўнага падыходу да выканання задання, новых ідэй і рашэнняў. У судзейскую калегію конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства энергетыкі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, вядучыя спецыялісты “НДІ Белгіпратопгаз”.

Яшчэ падчас прэзентавання праекта ва ўстановах вышэйшай адукацыі дырэктар прадпрыемства “НДІ Белгіпратопгаз” Дзяніс Мароз адзначаў, што конкурс дае студэнтам шанс злучыць талент і магчымасці, імкненне і вопыт. Больш за тое, у маладых людзей з’явілася магчымасць праявіць сябе і набыць вопыт пры стварэнні рэальнага праекта ўжо ў якасці супрацоўнікаў інстытута — па ўмовах конкурсу, аўтары лепшых работ будуць працаўладкаваны ў адным з філіялаў вядучага праектнага прадпрыемства. Хто з удзельнікаў аказаўся сярод такіх шчасліўчыкаў — стала вядома ў студзені на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў І Рэспубліканскага конкурсу маладых праекціроўшчыкаў “Праект у будучыню — 2016”.

Усе чатыры ўніверсітэты былі адзначаны дыпломамі і ўзнагародамі за падтрымку ініцыятывы “НДІ Белгіпратопгаз” па правядзенні конкурсу маладых праекціроўшчыкаў. Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога атрымаў дыплом за высокі ўзровень падрыхтоўкі студэнтаў — удзельнікаў конкурсу. І не дзіўна, бо менавіта гомельскія студэнты паказалі лепшыя вынікі. Так, трэцяе месца ў конкурсе падзялілі студэнт 5 курса энергетычнага факультэта ГДТУ імя П.В.Сухога Павел Адаменка і студэнтка 5 курса факультэта энергетычнага будаўніцтва БНТУ Ірына Хомчанка. На другім месцы — студэнт 5 курса энергетычнага факультэта Гомельскага тэхуніверсітэта Дзмітрый Нікіценка. Першае месца таксама ў гомельскага хлопца — студэнта 5 курса энергетычнага факультэта ГДТУ імя П.В.Сухога Аляксея Варанкова. Падчас цырымоніі ўзнагароджання Аляксей і дырэктар прадпрыемства “НДІ Белгіпратопгаз” Дзяніс Мароз падпісалі пагадненне аб прадастаўленні пераможцу конкурсу пасля заканчэння ўніверсітэта месца працы на рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве “НДІ Белгіпратопгаз” у якасці маладога спецыяліста.

Наталля ЛУТЧАНКА.