Лепшы “Сюрпрыз”

- 14:38Навіны рэгіёнаў

Як стаць паспяховым? Удзельнікі першага фестывалю школьных бізнес-кампаній Шчучынскага раёна не толькі задавалі гэтае пытанне, але і дэманстравалі адказ на яго. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дзевяці бізнес-кампаній навучальных устаноў раёна.

— Мы ставілі мэту садзейнічаць развіццю дзелавой і творчай ініцыятывы вучняў у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, паказаць вопыт распрацоўкі і рэалізацыі бізнес-ідэй і праектаў, — гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Жанна Іванаўна Мяцько. —  Прадпрымальніцкая дзейнасць навучэнцаў у нас справа даволі новая, але яна мае вялікія перспектывы, а фестываль — гэта і выдатная магчымасць праверыць свае сілы і веды ў эканоміцы. Мы хацелі таксама паказаць дзецям, што ў раёне створаны ўмовы для цікавай работы, што тут ёсць магчымасць развівацца, працаваць. Мы зацікаўлены ў тым, каб маладыя людзі заставаліся на сваёй малой радзіме і будавалі тут сваю будучыню.

Удзельнікаў фестывалю вітаў начальнік упраўлення эканомікі Шчучынскага райвыканкама Юрый Мечыслававіч Вількевіч. Цікавай і карыснай была размова, якая прайшла ў форме адкрытага дыялогу, з прадстаўнікамі бізнес-структур — дырэктарам фірмы “ОреолСтар” Марыяй Анатольеўнай Арловай, намеснікам дырэктара па якасці прадпрыемства “Праймілк” Наталляй Аляксандраўнай Куц, старшынёй рады індывідуальных прадпрымальнікаў ГЦ “Захад” Юрыем Іосіфавічам Яхоўскім.

Вызначалі лепшыя бізнес-кампаніі самі ўдзельнікі фестывалю, папярэдне азнаёміўшыся з іх прэзентацыямі, прадукцыяй. Узнагароды пераможцам уручыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама Ж.І.Мяцько. У намінацыі “Лепшая бізнес-кампанія” перамагла бізнес-кампа­нія “Сюрпрыз” Ра­жан­каўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Лепшую прэзентацыю прадставілі члены бізнес-кампаніі “Лаўка сувеніраў Handmade” сярэдняй школы № 1.

У намінацыі “Якасны бізнес-план” адзначаны бізнес-кампаніі “Адукацыйны турызм” гімназіі Шчучына і “Фасолька” Галавічпольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, а ў намінацыі “Эфектыўнае прасоўванне вырабленага тавару або аказанай паслугі” — бізнес-кампанія “ЦветОК” Васілішкаўскай сярэдняй школы і  бізнес-кампанія “Тэкстыльныя фантазіі” сярэдняй школы № 3 Шчучына.

Як расказала дырэктар ражанкаўскай школы Аліна Тадэвушаўна Цівінская, бізнес-кампанія “Сюрпрыз” вырабляе сувеніры з прыдатнага матэрыялу: ключніцы, вазы, паштоўкі, скрыначкі для біжутэрыі. Асабліва такая прадукцыя карыстаецца попытам напярэдадні свят. Да таго ж, зрабіць яе можна па асабістым дызайне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Аксаны ДАШКЕВІЧ.