Лепшых знаўцаў гісторыі і грамадазнаўства сярод школьнікаў вызначылі ў горадзе над Бугам

- 12:10Образование

Лепшых знаўцаў гісторыі і грамадазнаўства сярод школьнікаў вызначылі ў горадзе над Бугам. Заключны этап рэспуб­ліканскай алімпіяды па гэтых прадметах праходзіў на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Інтэлектуальныя спаборніцтвы па гісторыі сабралі 72 удзельнікі, а па грамадазнаўстве — 77. Сярод іх былі не толькі старшакласнікі, але і вучні 8—9 класаў.

Алімпіяда па гісторыі складалася з двух тураў (тэарэтычнага і практычнага), на якія адводзіліся 4 і 3 гадзіны адпаведна, — расказаў старшыня журы Рэс­публіканскай алімпіяды па грамадазнаўстве, загадчык кафедры паліталогіі і сацыя­логіі БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат палітычных навук Яўген Скакун. — Тэарэтычны тур для дзесяцікласнікаў уключаў заданні, звязаныя з палітыкай, эканомікай, сацыяльнай структурай грамадства і светам культуры, а для адзінаццацікласнікаў — заданні, якія тычыліся ўнутранай і знешняй палітыкі Беларусі, навукі і адукацыі, эканамічнай і інфармацыйнай сферы грамадства, палітычных ідэалогій і асноў права. Найбольшыя цяжкасці ў алімпіяднікаў выклікалі заданні па сацыяльнай структуры грамадства і асновах права. Так, школьнікі добра ведаюць фармулёўкі з падручнікаў, але не заўсёды разумеюць іх сутнасць. Не ўсе змаглі вызначыць тэндэнцыі ў зменах сацыяльнай структуры беларускага грамадства. Што да практычнага тура, які прадугледжваў рашэнне тэставых задач і задач на суадносіны паняццяў, то з ім вучні справіліся даволі паспяхова. У прынцыпе школьных ведаў для алімпіяды было дастаткова, хіба за невялікім выключэннем.

Дыпломы І ступені атрымалі дзесяцікласнікі Руслан Карэва з сярэдняй школы № 15 Ліды, Андрэй Казлоў з гімназіі № 7 Мінска і Ганна Ганчар з гімназіі Петрыкава, адзінаццацікласнікі Валянцін Шыдлоўскі з сярэдняй школы № 204 Мінска, Міхаіл Апарын з гімназіі № 4 Магілёва і Захар Аўчыннікаў з Віцебскага кадэцкага вучылішча.

— У тэарэтычным туры алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі ўдзельнікам патрабавалася за 4 гадзіны выканаць заданні на пошук, аналіз і прычынна-выніковую сувязь розных гістарычных з’яў, выяўленне і тлумачэнне заканамернасцей гістарычнага развіцця, параўнанне і абагульненне гістарычных з’яў і працэсаў, веданне пэўнай факталогіі і кірункаў развіцця культуры, а таксама на праверку навыкаў работы з гістарычнымі крыніцамі, што выклікала найбольшыя цяжкасці ў многіх, — паведаміў старшыня журы Рэс­публіканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, галоўны рэдактар “Беларускага гістарычнага часопіса”, кандыдат педагагічных навук Аляксандр Корзюк. — У практычным туры неабходна было за 3 гадзіны выканаць тэставыя заданні рознага тыпу: на суадносіны гістарычных падзей і пабудову іх храналагічнай паслядоўнасці, на валоданне паняційным апаратам, расшыфроўку абрэвіятур, адпаведнасць візуальных крыніц, вызначэнне працягласці па­дзей. Алімпіяднікі часцей за ўсё дапускалі недакладнасці ў азначэннях паняццяў, памыляліся ў расшыфроўцы абрэвіятур і храналагічнай паслядоўнасці падзей.

Найбольшая колькасць атрыманых дыпломаў на рахунку гімназістаў і ліцэістаў. Сярод пераможцаў — дзесяцікласнікі Раман Рудамінаў з сярэдняй школы № 12 Жлобіна, Андрэй Несцер з сярэдняй школы № 2 Бярозаўкі і Ганна Рыбалка з гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна, адзінаццацікласнікі Мікалай Леанавец з сярэдняй школы № 1 Пінска, Раман Якута з сярэдняй школы № 4 імя П.І.Батава Слоніма і Аляксандр Лешка з гімназіі № 1 Ваўкавыска. Спецыяльныя прызы ад рэдакцыі “Беларускага гістарычнага часопіса” дасталіся дзевяцікласніку Івану Быліне з гімназіі № 1 Наваполацка і адзінаццацікласніку Антону Сяліцкаму з сярэдняй школы № 1 Ліды.

Журы выказала вялікую падзяку за прафесійную арганізацыю алімпіядных спаборніцтваў, іх суправаджэнне і цікавую культурную праграму гарадскому аддзелу па адукацыі і галоўнаму ўпраўленню па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, абласному ІРА і ўстановам адукацыі, на базе якіх праходзіў інтэлек­туальны марафон.

Адзінаццацікласнік Мікалай Леанавец з сярэдняй школы № 1 Пінска ў алімпіядным руху з 6 класа. Юнак захапіўся гісторыяй выпадкова, а потым, як кажуць, уцягнуўся, прычым вельмі паспяхова: у заключным этапе мінулагодняй і сёлетняй прадметнай алімпіяды стаў уладальнікам дыпломаў І ступені. Гэта вынік сумеснай плённай работы з настаўнікам Аляксандрам Вайтовічам, якому ўдалося пабудаваць эфектыўны фармат падрыхтоўкі на аснове даверу і сістэмнасці (на фота).

Алімпіядныя заданні падаліся хлопцу лягчэйшымі за леташнія. Адзінае, над чым давялося папацець, дык гэта над апісаннем уменняў лю­дзей на розных эвалюцыйных этапах іх развіцця.

У алімпіядным руху Мікалая прыцягваюць спаборніцкі дух і магчымасць праверыць веды, як, дарэчы, і ў лёгкай атлетыцы, якой юнак захапляецца не менш, чым гісторыяй. У планах — стаць студэнтам гістфака БДУ.

Дзевяцікласнік Дзяніс Маменчыкаў з сярэдняй школы № 8 Магілёва ўдзельнічаў у інтэлектуальных спаборніцтвах на роўных з дзесяцікласнікамі. Упершыню хлопец далучыўся да алімпіяднага руху яшчэ пяцікласнікам, калі дзеля цікавасці вырашыў праверыць эрудыцыю ў рускай, беларускай і англійскай мовах. Спадабалася настолькі, што цяпер Дзяніс не ўяўляе жыцця без пастаянных трэніровак і новых выпрабаванняў. Юнаком рухаюць азарт і цікаўнасць.

Васьмікласнікам ён пачаў сур’ёзна рыхтавацца да алімпіяды па грамадазнаўстве, бо ўжо зараз плануе звязаць далейшую прафесійную дзей­насць з сацыягуманітарнай сферай. Дзяніс лічыць узровень прапанаваных заданняў цалкам пасільным, паколькі яны пераважна не выхо­дзяць за межы школьнай праграмы. Праўда, не абышлося і без закавырыстых пытанняў, звязаных з паліталогіяй.

Юнак вельмі ўдзячны сваёй настаўніцы Ліліі Манкевіч, з якой мэтанакіравана і без уліку часу рыхтаваўся да алімпіяды. У сваю чаргу педагог не хавае гордасці за дапытлівага, стараннага і працавітага выхаванца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота аўтара