Лепшых знаўцаў роднай мовы вызначылі на Міншчыне

- 15:05Образование

Дыплом І ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове сярод навучэнцаў 11 класа заваявала Бажэна Шалкоўская з Вілейскай гімназіі № 2. Да спаборніцтваў дзяўчына рыхтавалася разам са сваімі настаўніцамі Аленай Знак і Таццянай Матусевіч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Удзельнікамі абласной алімпіяды па беларускай мове, якая праводзілася ў Барысаўскім дзяржаўным каледжы, сёлета сталі 63 навучэнцы.

— Алімпіяда па беларускай мове складалася з двух тураў, — расказаў старшыня журы алімпіяды па беларускай мове рэктар Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Фёдар Драбеня. — Першы тур — гэта водгук на празаічны або вершаваны твор. Другі тур — комплексная работа, якая ўключала ў сябе заданні па ўсіх раздзелах мовазнаўства і па літаратуры. Традыцыйна аўтары дабавілі і творчыя заданні. Яны дазволілі навучэнцам прадэманстраваць узровень развіцця маўлення, крэатыўнасць і чытацкі вопыт.

Каб за комплексную работу атрымаць максімальную колькасць балаў — 60, трэба было правільна выканаць 10 заданняў. За напісанне водгуку вучні маглі зарабіць 40 балаў. На жаль, найвышэйшую колькасць балаў не атрымаў ніхто, але навучэнцы 11 класа максімальна наблізіліся да гэтага выніку.

— Максімальная адзнака, якую навучэнцы Міншчыны атрымалі за водгук, — 36 балаў з 40 магчымых, — акцэнтаваў увагу рэктар МАІРА. — Для такога тыпу заданняў гэта дастаткова высокі вынік. Пры ацэнцы водгуку журы звяртала ўвагу на мову, багацце лексічнага складу, а таксама на ўменне аналізаваць і супастаўляць тэксты. Безумоўна, улічваўся і чытацкі вопыт дзяцей. І так заўсёды павінна быць, бо водгук — гэта перш за ўсё дэманстрацыя ўмення прымяняць тыя веды, якія былі набыты падчас вывучэння літаратуры ў школе.

Коплексная работа, над якой працавалі алімпіяднікі, утрымлівала аднолькавыя па фармулёўцы заданні для ўсіх класаў. Адзінае адрозненне — лексічнае і граматычнае напаўненне тых ці іншых заданняў. Абавязковым быў пераклад з рускай мовы на беларускую.

— Мы верым, што вырасцім з нашых навучэнцаў  пераможцаў рэспубліканскага этапу алімпіяды, — зазначыў Фёдар Драбеня. — Для гэтага ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі будуць арганізаваны зборы па пад­рыхтоўцы да заключнага этапу інтэлектуальных спаборніцтваў па беларускай мове і літаратуры. Такая форма работы з навучэнцамі дазволіць сістэматызаваць іх веды. З гэтымі дзецьмі будуць працаваць настаўнікі-метадысты, выкладчыкі МАІРА і УВА краіны. Таксама мы прыцягваем да работы са школьнікамі псіхолагаў. Сёння вельмі важна, каб у дзяцей была матывацыя да ўдзелу ў алімпіядзе, каб яны ўмелі пераадольваць стрэс, калі трапля­юць у сітуацыю канкурэнцыі, а таксама маглі канцэнтравацца на заданнях алімпіяды.

На Міншчыне ўдзельнікамі абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сталі 899 навучэнцаў.

Сярод навучэнцаў 9 класа дыплом І ступені атрымаў вучань Стараюрковіцкай сярэдняй школы Любанскага раёна Мац­вей Прахорык. Беларускай мовай юнак захапляецца яшчэ з пачатковых класаў. Са слоў хлопца, падзякаваць за гэта трэба яго першай настаўніцы Галіне Васільеўне Радкевіч:

— Калі вучыўся ў 4 класе, я заняў 1-е месца ў раённай алімпіядзе па беларускай мове. Пасля таго як перайшоў у сярэднія класы, беларускую мову ў мяне пачала выкладаць Галіна Уладзіміраўна Пажамяцкас. Менавіта з ёй мы рыхтаваліся да абласнога этапу. Дарэчы, сёлета я таксама прымаў ­удзел у раённых алімпіядах па рускай мове, па гісторыі Беларусі і па сусветнай гісторыі сярод 10 класаў. Па гісторыі таксама стаў першым у раёне. Рэгламент абласной алімпіяды не дазваляе прымаць удзел у спаборніцтвах па двух прадметах, таму я выбраў беларускую мову.

На этапе падрыхтоўкі найбольшую цяжкасць у Мацвея Прахорыка выклікала словаўтварэнне. Што тычыцца непасрэдна алімпіяды, то хлопец прызнаўся, што самай складанай часткай стала напісанне водгуку.

Дыплом І ступені сярод навучэнцаў 11 класа заваявала навучэнка Вілейскай гімназіі № 2 Бажэна Шалкоўская. Дарэчы, у Бажэны гэта не першы вопыт удзелу ў абласным этапе. У папярэднія гады, калі вучылася ў 9 і 10 класах, навучэнка таксама станавілася пераможцай на вобласці і двойчы абараняла гонар Міншчыны на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

— Падрыхтоўка да алімпіяды ўключае ў сябе індывідуальныя заняткі з педагогамі і самастойную работу з матэрыяламі. Мы чэрпаем інфармацыю і з падручнікаў, і з часопісаў, якія выпісваюць выкладчыкі, і з інтэрнэт-рэсурсаў. Самымі складанымі на алімпіядзе для мяне былі лексіка і фразеалогія, — дзеліцца эмоцыямі навучэнка Вілейскай гімназіі № 2. — Кожны дзень я займалася па 5—7 га­дзін, таму ў канцы дня адчувала моцную стомле­насць. Тым не менш мае намаганні і праца настаўнікаў прывялі да бліскучага выніку.

Сёння дзяўчына рыхтуецца не толькі да рэспубліканскага этапу алімпіяды, але і да паступлення на гістарычны факультэт БДУ на спецыяльнасць “Музейная справа. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны”.

— Многіх здзіўляе такі выбар, яны былі ўпэўнены, што я буду паступаць на філалагічны факультэт. Але са сферай будучай прафесійнай дзейнасці я ўжо дакладна вызначылася, — запэўнівае Бажэна Шалкоўская. — Беларуская мова і літаратура назаўсёды застануцца маёй любоўю і захапленнем. Менавіта дзякуючы мілагучнасці роднага слова я захапілася пісьменніцкай дзейнасцю і ў вольны час пішу вершы і апавяданні.

 Наталля САХНО
Фота прадастаўлена МАІРА