Лепшыя футбалісты — з Магілёва

- 14:41Спартыўныя падзеі

Розыгрыш Рэспубліканскай студэнцкай футбольнай лігі — 2021 сярод мужчынскіх каманд завяршыўся. Спаборніцтвы праходзілі ў рамках Рэспубліканскай універсіяды — 2021 і аб’ядналі зборныя з 20­-ці універсітэтаў нашай краіны.

Сёлета арганізатары чэмпіянату вырашылі правесці двухкругавы турнір, у якім кожнай камандзе трэба было згуляць па 14 матчаў (7 на сваім полі і 7 “у гасцях”). Па выніках першынства перамогу святкавала зборная Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій з Магілёва.

У барацьбе за “серабро” калектыў з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта атрымаў перамогу над студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з лікам 4:1. Гэта дазволіла каман­дзе БДУ размясціцца ў выніковай табліцы на 2 радку, тым самым адправіўшы Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на 3-е месца.

15 лістапада на спартыўных базах Мінска і Магілёва адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў Рэспубліканскай студэнцкай футбольнай лігі — 2021 сярод мужчынскіх каманд у рамках праграмы Рэспубліканскай універсіяды — 2021. Лепшымі гульцамі турніру сталі: нападаючы Арцём Байгот (ГрДУ), варатар Уладзімір Лойка (БДУ), абаронца Ягор Лобах (БДПУ імя Максіма Танка) і паўабаронца Раман Галанаў (БДУТ). Спецыяльнымі прызамі ад Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту былі адзначаны Дзяніс Хвастовіч (БДУ) і Уладзіслаў Лыско (БДУТ).

Матэрыялы Дзмітрыя АРХІПЕНКІ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.