“Лепшыя педагогі ў нашых сэрцах”

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Кніга пад такой назвай выдадзена ў Бабруйску. Яе выхад прымеркаваны да прысваення ў 2017 годзе гораду на Бярэзіне статусу культурнай сталіцы Беларусі. У зборнік увайшлі фотапартрэты і біяграфіі 100 чалавек — прафесіяналаў, чый вопыт, адказнасць, глыбокія веды і адданасць прафесіі ўнеслі вялікі ўклад у развіццё сістэмы адукацыі Магілёўшчыны і ўсёй краіны.


Па словах старшыні Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Русланы Уладзіміраўны Краўцовай, у тэкстах, дакументах і фотаздымках, сабраных аўтарамі выдання, адлюстраваны асноўныя падзеі ў развіцці навучальных устаноў Бабруйска, жывыя старонкі гісторыі на мяжы стагоддзяў, якія характарызуюць горад як буйны адукацыйны цэнтр.

— Ідэя стварэння кнігі належыць Бабруйскаму гарадскому камітэту Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, — гаворыць суразмоўніца. — На яе ўвасабленне ў жыццё спатрэбілася амаль 5 гадоў, на працягу якіх ішоў збор матэрыялу аб педагогах, вывучаліся архіўныя дакументы, літаратура і артыкулы ў перыядычным друку. Гэта была велізарная карпатлівая праца, у якой прынялі ўдзел практычна ўсе педагагічныя калектывы горада, галіновы Савет ветэранаў, краязнаўцы і проста выдатныя людзі. Мы выкарысталі даныя з архіваў, звесткі з Кніг памяці Бабруйска, Магілёва і Магілёўскай вобласці. Чым больш знаходзілі і сістэматызавалі матэрыялу, у тым ліку біяграфічных даных, тым выразней разумелі, што паставіць кропку ў гэтай справе немагчыма.

Сярод тых, чыя працоўная дзейнасць стала прыкладам для сапраўдных і будучых педагогаў, — Мікалай Мікалаевіч Удовін, якому ў гэтым годзе споўніўся 101 год. Дыплом настаўніка матэматыкі ён атрымаў у 1939 годзе ў Благавешчанскім педінстытуце, пасля заканчэння якога малады спецыяліст трапіў па размеркаванні на Далёкі Усход. Яго першае працоўнае месца знаходзілася за 60 кіламетраў ад Хабараўска, у сярэдняй школе ў раёне імя Лазо. Тут ён працаваў два гады, а затым трапіў у Хабараўскае ваенна-пяхотнае вучылішча.

У 1943 годзе Мікалая Мікалаевіча разам з іншымі курсантамі адправілі ў Маскву. Ён апынуўся ў 100-й гвардзейскай Свірскай Чырванасцяжнай паветрана-дэсантнай дывізіі, у складзе якой прайшоў усю вайну. На яго памяці — бітва з фінамі на Карэльскім фронце, прарыў лініі Манергейма… Дадому Мікалай Удовін вярнуўся толькі праз год пасля заканчэння Вялікай Айчыннай: 14 месяцаў праляжаў у шпіталі пад Венай пасля цяжкага ранення, якое ледзь не каштавала маладому педагогу жыцця.

Пасля дэмабілізацыі пачалося мірнае жыццё ў Бабруйску, у якім спатрэбіўся дыплом Благавешчанскага педінстытута. Праўда, давялося стаць не матэматыкам, а настаўнікам фізікі сярэдняй школы № 1, дзе Мікалай Мікалаевіч працаваў 30 гадоў — з ліпеня 1946 па ліпень 1976 года. Да сваёй прафесіі ён ставіўся з вялікай самааддачай і энтузіязмам. Дзякуючы яго намаганням, у 50-я гады ў школе з’явіўся спецыяльна абсталяваны кабінет фізікі і астраноміі — першы сярод гарадскіх навучальных устаноў.

Кожны ўрок Мікалая Мікалаевіча быў сапраўднай падзеяй для вучняў: падчас заняткаў ён запускаў дзеючы макет паравой машыны і нават імітаваў палёт на самалёце. Мікалай Мікалаевіч пастаянна ладзіў экскурсіі ў Маскву, Ленінград, Кіеў, Мінск. Вазіў школьнікаў на заводы, гідраэлектрастанцыі, ВДНГ, вадзіў у музеі. Для дзяцей такія паездкі літаральна адкрывалі акно ў новы свет. Напэўна, таму са сцен навучальнай установы выйшлі дзясяткі дактароў і кандыдатаў навук. Сам Мікалай Мікалаевіч узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Ордэнам Айчыннай вайны І ступені, мае 5 баявых медалёў, у тым ліку “За ўзяцце Будапешта” і “За ўзяцце Вены”, удастоены званняў выдатніка народнай адукацыі БССР і СССР.

Яшчэ адна старонка кнігі прысвечана Ганне Віктараўне Гудзінскай, лідару Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якую яна ўзначальвала больш як 20 гадоў.

Юная Ганна выбрала прафесію педагога: скончыла Полацкае педагагічнае вучылішча, затым — Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі Ганна Віктараўна працавала выхавальніцай у дашкольнай установе № 298 Мінска, дзе ўсім сэрцам і душой прырасла да любімай справы — работы з дзецьмі, супрацоўніцтва з калегамі-педагогамі. Праз 11 гадоў яна вярнулася ў родны Бабруйск. На пасадзе інспектара-метадыста ўпраўлення адукацыі гарвыканкама стала ўмелым каардынатарам дзейнасці дашкольных устаноў.

З 1993 года працоўная дзейнасць Ганны Гудзінскай цесна звязана з грамадскай работай: яна ўзначаліла 7-тысячную гарадскую арганізацыю галіновага прафсаюза, другую па велічыні ў Магілёўскай вобласці. Тут спатрэбіліся і яшчэ больш раскрыліся яе лепшыя якасці — спагадлівасць, дабрыня, суперажыванне, адказнасць, цвёрдасць духу, прынцыповасць. Дзякуючы яе актыўнай жыццёвай пазіцыі, гарадская арганізацыя галіновага прафсаюза працягнула дынамічна развівацца.

Асаблівую ўвагу Ганна Віктараўна ўдзяляла сацыяльнаму партнёрству, выдатна разумеючы, што супрацоўніцтва з наймальнікамі — аснова згоды і дабрабыту ў калектывах. Дзелавыя адносіны, выбудаваныя старшынёй гаркама галіновага прафсаюза з начальнікамі аддзелаў адукацыі і кіраўнікамі навучальных устаноў, дазволілі цвёрда стаяць на абароне прафесійных, працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў людзей.

За гады плённай працы ў сферы адукацыі Ганна Віктараўна была ўдастоена шматлікіх узнагарод, у тым ліку ганаровых грамат Міністэрства адукацыі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, нагрудных знакаў “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь” і “За адданасць галіноваму прафсаюзу”, юбілейным знакам “Федэрацыя прафсаюзаў: 100 гадоў прафсаюзнаму руху”.

Яшчэ адзін яскравы прыклад адданасці сваёй прафесіі — працоўны шлях выдатніка і заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь Святланы Уладзіміраўны Танасюк. Сэнс яе працоўнай дзейнасці заключаецца ў адной фразе: “Каб дзяцінства адбылося”. Пасля вучобы ў Мазырскім дзяржаўным педінстытуце імя Н.К.Крупскай (сёння — Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна) яна прайшла ўсе прыступкі кар’ернага росту — ад няні да загадчыцы ясляў-сада і інспектара па дашкольным выхаванні аддзела народнай адукацыі.

Асноўным этапам у яе працоўнай дзейнасці сталі 16 гадоў дырэктарскай работы ў Бабруйскім дашкольным дзіцячым доме для дзяцей-сірот. Многія да гэтага часу здзіўляюцца, колькі Святлане Уладзіміраўне трэба было выдаткаваць сіл, энергіі, здароўя і арганізацыйнага таленту, каб у цяжкіх фінансава-эканамічных умовах захаваць кантынгент дзяцей і калектыў супрацоўнікаў установы, завяршыць будоўлю і добраўпарадкаваць тэрыторыю дзіцячага дома, стварыць не толькі ўтульнасць, але і прадметна-развіццёвае асяроддзе, якое дазволіла паўнавартасна працаваць з дзецьмі.

На ўсіх этапах працоўнай дзейнасці Святлана Уладзіміраўна была ўдумлівым, ініцыятыўным і прынцыповым работнікам. Людзі ведаюць яе як тактоўнага і чулага чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Гэтыя якасці дазволілі ёй заслужыць аўтарытэт і пашану сярод калег. Дзейнасць Святланы Танасюк у якасці дырэктара дзіцячага дома адзначана 11 ганаровымі граматамі розных структур, а таксама знакам “Выдатнiк адукацыi Рэспублiкi Беларусь”. У 2001 годзе ўказам прэзідэнта краіны Святлане Уладзіміраўне прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнiк адукацыi Рэспублiкi Беларусь”.

Дарэчы, сёння ў Бабруйску 5 настаўнікаў носяць званне “заслужаны”. Біяграфія кожнага з іх адлюстравана ў зборніку “Лепшыя педагогі ў нашых сэрцах”. Таксама ў кнізе зафіксавана памяць аб 43 бабруйчанах, адзначаных нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”. З іх 13 чалавек да сённяшняга дня працягваюць сваю педагагічную дзейнасць.

— Жыццё ў педагагічнай прафесіі — гэта нястомная праца душы, якая сапраўды вартая ўсеагульнага прызнання і ўдзячнасці, — упэўнена Руслана Уладзіміраўна. — Выданнем гэтага зборніка педагагічная і прафсаюзная грамадскасць горада выказвае глыбокую павагу сваім старэйшым калегам, якія свядома і па прызванні выбралі прафесію педагога, прафесійна забяспечылі жывую сувязь часоў і пакаленняў. Сваім асабістым лёсам яны паказалі прыклад шматгадовага, вернага служэння справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення бабруйчан.

Па словах суразмоўцы, агульны тыраж кнігі “Лепшыя педагогі ў нашых сэрцах” склаў 100 экзэмпляраў. Частка з іх перададзена тым навучальным установам, дзе працавалі і працуюць лепшыя ў сваёй прафесіі настаўнікі. У планах — выпусціць другую частку зборніка: матэрыялу для гэтага назапашана дастаткова.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота прадастаўлена Бабруйскай гарадской арганізацыяй
Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.