Лета — у падарожжах і прыгодах

- 11:38Навіны рэгіёнаў

Навучэнцам чэрыкаўскіх школ летам прапануюць аздараўленне ў летніках. Асаблівую цікавасць у мясцовай дзятвы ўжо не першы год выклікае летнік “Турыст”, які арганізоўваецца раённым цэнтрам дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій.

Як паведаміла дырэктар Алеся Закоркіна, штогод пры арганізацыі лагера педагагічны калектыў установы прыдумвае нешта адметнае, абнаўляючы асноўную праграму адпачынку.

— Мы стараемся максімальна зацікавіць дзяцей. Кожны год распрацоўваем новыя або абнаўляем традыцыйныя маршруты падарожжаў, падчас стаянак ладзім тэматычныя дні, акцыі. Напэўна таму жадаючых аздаравіцца ў нас заўсёды многа. Сёлета ў нас чатыры аздараўленчыя змены. Перавагу пры наборы на адпачынак аддаём дзецям падулікавых катэгорый: сіротам, дзецям, якія стаяць на ўліку ў ІСН, чые сем’і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — расказала Алеся Сяргееўна.

Па яе словах, дні ў летніку праходзяць вельмі насычана. За дзве змены тут ужо аздаравіліся 40 навучэнцаў. Усіх дзяцей у лагеры чакаў актыўны і займальны адпачынак. Для іх былі прадугледжаны паходныя маршруты па цікавых турыстычных месцах Чэрыкаўшчыны і іншых раёнаў Магілёўшчыны. Акрамя гэтага, хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў водным паходзе на байдарках і катамаранах. Увогуле, удзельнікі летніка на працягу дзевяці дзён адкрывалі для сябе дзівосны свет прыроды і турызму, спасцігалі азы самастойнага жыцця, правяралі свае веды і ўменні, вучыліся жыць у калектыве.

— Такую ж цікавую праграму мы прадугледзелі для 70 дзяцей, якія будуць аздараўляцца ў трэцяй і чацвёртай лагерных зменах. Іх таксама чакаюць захапляльныя падарожжы і прыгоды, — запэўніла Алеся Закоркіна.

Час знаходжання ў летніку “Турыст” праходзіць для чэрыкаўскіх школьнікаў незаўважна. А атрыманых уражанняў у кожнага з іх з лішкам хапае на цэлы навучальны год.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены Чэрыкаўскім цэнтрам дзіцячага
і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій.