Лета з прафарыентацыяй

- 12:07Навіны рэгіёнаў

Крок насустрач прафесіі можна рабіць і летам. Менавіта лета з прафарыентацыяй правялі навучэнцы двух лагераў: лагер працы і адпачынку Start.up дзейнічаў у Нягневіцкай сярэдняй школе Навагрудскага раёна, школьнікаў Ваўкавыска аб’яднаў лагер Ped@gog. Аб рабоце лагераў расказваюць Марына Сявец, Аляксандр Лічык і Ларыса Касінская.

Марына СЯВЕЦ, начальнік лагера Start.up Нягневіцкай сярэдняй школы Навагрудскага раёна:

— Лагер працы і адпачынку прафарыентацыйнай накіраванасці Start.up быў адкрыты для старшакласнікаў Нягневіцкай сярэдняй школы і стаў лагічным працягам той прафарыентацыйнай работы, якая вялася з вучнямі старшых класаў падчас навучальнага года.

Перад педагогамі стаяла няпростая задача: аказаць прафарыентацыйную падтрымку выхаванцам у выбары сферы будучай прафесійнай дзейнасці, вучыць іх бачыць станоўчыя бакі любой прафесіі, аналізаваць свае здольнасці і магчымасці пры выбары прафесіі.

Сваю тэматыку і вядучую ідэю меў кожны тыдзень. Так, першыя шэсць дзён змены вучні прысвяцілі тэме “Шукаю сябе ў свеце прафесій”. Вопытныя педагогі правялі анкетаванне па методыках “Карта інтарэсаў” і “Карта схільнасцей”, па методыцы Л.А.Ёвайшы.

Зацікавіла дзяцей апытанне “Якары кар’еры”, падчас якога было выяўлена, што для адных вядучай кар’ернай арыентацыяй стала “служэнне”, асноўнымі каштоўнасцямі якога з’яўляюцца работа з людзьмі, служэнне чалавецтву, дапамога іншым, жаданне зрабіць свет лепшым. Для другіх вядучай кар’ернай арыентацыяй стаў “выклік” — гэта значыць, што галоўным будзе імкненне перамагаць, пераадольваць цяжкасці, вырашаць складаныя задачы. Большасць вызначылі для сябе “стабільнасць” і “прафесійную кампетэнтнасць”, асобныя — “менеджмент” і “аўтаномію”. Такім чынам, старшакласнікі яшчэ раз атрымалі цэласнае ўяўленне аб тых прафесійных перадумовах, якія ўжо маюць.

Выхаванцы лагера падчас віртуальных падарожжаў па кабінетах і лабараторыях пазнаёміліся з навучальнымі ўстановамі нашага раёна і вобласці. Арганізоўваліся сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій: пабывалі вучні ў бухгалтэрыі СВК “Нягневічы”, бальніцы, гандлёвым цэнтры, на камбінаце бытавога абслугоўвання, у паштовым аддзяленні і ў аптэцы.

Наступны тыдзень называўся “Прафінтэлектуал” і быў прысвечаны знаёмству з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны, умовамі паступлення, спецыяльнасцямі і спецыялізацыямі, якія можна ў іх атрымаць. Вучні арганізавалі і правялі спартыўна-інтэлектуальныя гульні “Прафазбука” і “Хто гэта стварыў?”, гадзіну зносін “Прафесіі з вялікай перспектывай”, ролевыя гульні “Банк страчанага часу” і “Мы — абітурыенты”, шмат іншых цікавых мерапрыемстваў.

Не засталіся ў баку ад актуальных праблем прафарыентацыі і бацькі выхаванцаў лагера. Сумесна праведзенае ў атмасферы цеплыні і даверу ток-шоу “Выбар” стварыла ўмовы для збліжэння дзяцей і дарослых. На ток-шоу разглядаліся выпадкі, калі пазіцыя дарослых у адносінах да падлетка нядобразычлівая для яго развіцця. Дарослыя праявілі шчырую зацікаўленасць да лёсу кожнага ўдзельніка ток-шоу, а дзеці былі ўдзячны бацькам за карысныя парады і падтрымку. Усе зразумелі, што менавіта бацькі могуць і павінны дапамагчы дзецям знайсці сваё месца ў жыцці, рэальна ацаніць свае здольнасці і магчымасці.

Апошні тыдзень змены “Праф-art” быў прысвечаны творчасці, таму вядучай стала ідэя “Чалавек — прафесія: чалавек — мастацкі вобраз”. Асноўны акцэнт быў зроблены на фарміраванне дапрофільных творчых працоўных уменняў і на актыўную дзейнасць саміх старшакласнікаў па фарміраванні асобаснага выбару працягу адукацыі. Значнай падзеяй для падлеткаў стала праведзеная майстэрня зносін “Шлях да поспеху”, гасцямі якой былі дырэктар школы Г.А.Ісаенка і намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Т.М.Нагорная. Яны расказалі аб тым, што толькі веды, добрасумленная праца, творчасць і вялікае жаданне працаваць на карысць іншым прывядуць да поспеху.

Многае паспелі за змену нашы школьнікі ў лагеры працы і адпачынку Start.up: правялі акцыі “Клопат”, “Помнікі”, пабывалі на экскурсіях, здзейснілі велапаход “Сцяжынкамі знакамітых землякоў”. І хаця сёлета дажджлівых дзён больш чым сонечных, настрой ва ўсіх па-летняму радасны і бадзёры: летнія канікулы працягваюцца!

Аляксандр ЛІЧЫК, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 2 Ваўкавыска:

— Тры гады запар у Ваўкавыску арганізоўваецца раённы лагер Ped@gog, у якім ствараюцца ўмовы для канструктыўнага і развіццёвага адпачынку выхаванцаў, фарміравання ў іх пазітыўнага вобраза педагога, прымянення атрыманых пачатковых педагагічных ведаў на практыцы. А дапамагалі дзецям у лагеры Ped@gog вопытныя настаўнікі гімназіі № 2 В.Л.Лапека, Л.Р.Кічкайла, М.Ч.Торч.

Ужо з першых дзён разгарнулася актыўная дзейнасць: дзецi наведалі музей “Жанчына-маці” ў гімназіі № 2, пабывалі на экскурсіі ў Ваўкавыскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе ім прэзентавалі прафесію настаўніка, пазнаёмілі з педагогамі і навучэнцамі, правялі экскурсію ў этнаграфічным музеі. На працягу ўсёй змены нашы выхаванцы цесна супрацоўнічалі з дзіцячым садам № 10 — дапамагалi арганізоўваць вольны час дзяцей у групе і на гульнявых пляцоўках. Пачуцці спачування і міласэрнасці выказалі вучні да дзяцей-інвалідаў з ЦКРНіР.

Работа ў лагеры праводзілася па двух асноўных напрамках — у групах “Праектная лабараторыя” і “Псіхалогія лідарства”. У групе “Праектная лабараторыя” дзеці знаёміліся з азамі праектавання, стваралі свае праекты і рэалізоўвалі іх на практыцы. Кожны дзень меў пэўную тэматыку. Асабліва цікава прайшлі дні творчасці і спорту. У рамках тэмы гендарнага выхавання быў праведзены круглы стол “Мастацтва быць сям’ёй”.

Ларыса КАСІНСКАЯ, дырэктар лагера Ped@gog:

— Шмат прагулак і экскурсій прайшло па родным Ваўкавыску. Не забыліся ўспомніць беларускіх песняроў — Янку Купалу і Якуба Коласа, Францыска Скарыну і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. У літаратурнай гасцёўні чыталі вершы і разважалі аб жыцці і творчасці пісьменнікаў.

Ахвотна прымалі ўдзел выхаванцы ў мерапрыемствах, прысвечаных Дню навукі. Быў арганізаваны дыспут на тэму “Бронзавая скура: прыгажосць або небяспека?” Вельмі вялікая ўвага ўдзялялася пытанням фарміравання здаровага жыццёвага стылю. У рамках гэтай тэмы праводзіліся конкурс малюнкаў на асфальце “Мы супраць курэння!”, віктарына “Азбука здароўя”, лабараторыя нявырашаных праблем “Як захаваць зубы здаровымі?”. Нашы выхаванцы вельмі любілі наведваць трэнажорную залу гімназіі.

На працягу ўсёй змены з дзецьмi працаваў педагог-псіхолаг І.М.Шывiлько. У групе “Псіхалогія лідарства” яны вучыліся тонкасцям зносін, праводзілі трэнінгі і анкетаванне. Усім спадабалiся iнтэрактыўныя заняткi, на якіх дзеці развучвалі гульні на знаёмства, супрацоўніцтва, узаемаадносіны паміж сабой.

Кожны выхаванец вёў “Дзённік педагога”, у якім штодзень адзначаў дасягненне пастаўленых мэт. З выхаванцамі працавала і М.С.Заручэўская, мастак-педагог, якая дапамагла ім дакрануцца да прыгажосці мастацтва, знаёміла з рознымі мастацкімі тэхнікамі. Удзельнікі лагера стварылі некалькі відэаролікаў для гімназічнага тэлеканала “Гімназія.TV”, у якіх расказалі аб часе, праведзеным у ролі педагога і выхавальніка.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.