«Летам даглядаем кветкі, зімой дапамагаем птушкам». Як у ДЦРД № 2 Віцебска фарміруюць экалагічную культуру

- 13:10Образование

У дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 Віцебска экалагічная адукацыя з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў работы з выхаванцамі. Установа мае статус «Зялёная школа», атрымала дыплом I ступені. Работа па праекце тут ідзе на працягу ўсяго каляндарнага года, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

— На тэрыторыі нашай установы створана экалагічная сцежка, якая праходзіць праз розныя прыродныя аб’екты: кветнік, фруктовы сад, агарод, альпійскую горку, домік для насякомых і інш., — гаворыць загадчык цэнтра Ілона Марчанка. — Аб’екты для назірання прадуманы для кожнай пары года. Увесну педагогі і дзеці падрыхтоўваюць глебу для расады кветак і агародных культур, прадумваюць дызайн кветнікаў і рабатак. Улетку выхаванцы даглядаюць кветкі, назіраюць за насякомымі і птушкамі. Увосень збіраюць ураджай на агародзе і ў садзе. А зімой асаблівую ўвагу прыцягвае птушыная сталовая.

Нядаўна на тэрыторыі дашкольнага цэнтра з’явіліся кармушкі. Да іх вырабу бацькі і дзеці паставіліся адказна. У кожным доміку-сталовай ёсць дах, каб снегам не засыпала ежу, вялікія акенцы, каб птушкам можна было свабодна залятаць. Кармушкі выраблены з экалагічнага матэрыялу. У аўтарскім дызайне выкарыстоўваюцца семачкі, грэцкія арэхі, шышкі і жалуды.

Перад наведваннем птушынай сталовай выхавальніца старшай групы № 11 Марына Бабічава правяла гульню-віктарыну «Пакармі птушак зімой»:

— Выхаванцы даведаліся, што з кожным днём натуральны корм для многіх зімуючых птушак становіцца недаступным. Калі выпадзе снег, знайсці ежу практычна немагчыма. Таму крылатыя сябры маюць патрэбу ў дапамозе і зімовай падкормцы. Дзеці замацавалі правілы кармлення птушак, падабралі корм для іх, напоўнілі кармушкі семачкамі гарбуза і сланечніка, крошкамі белага хлеба, насеннем лёну, ягадамі рабіны і кавалачкамі несалёнага сала. Першымі такую сталовую наведалі верабі, затым прыляцелі сінічкі, якія з асаблівым задавальненнем дзяўблі шашлык з сала, прыгатаваны сямёй Ромы Гяч. Сарокі і галубы падбіралі насенне і крошкі, якія ўпалі на зямлю.

Выхаванцы старшай групы № 8 разам з педагогам Валянцінай Лёляй штодзень назіраюць за наведвальнікамі птушынай сталовай і дзеляцца ўражаннямі ў дзённіках назіранняў. Дзеці малююць іх каляровымі алоўкамі, гуашшу і акварэллю, лепяць фігуркі птушак з гліны, цеста, пластыліну і снегу.

Дзеці другой малодшай групы № 4 з дапамогай тэхнікі візуалізацыі інфармацыі інфаграфікі расказваюць аб зімуючых птушках па схеме на рускай і англійскай мовах. Педагог Таццяна Завадская распрацавала для гэтага мнематабліцы для складання апісальнага аповеду.

Па выніках цыкла тэматычных прагулак «Назіраем за птушкамі» з дзецьмі сярэдняй групы № 6 выхавальніца Ганна Таратыкіна стварыла інтэрактыўную гульню «Зімуючыя і пералётныя птушкі Віцебска і Віцебскай вобласці» і інтэрактыўны плакат «Экалагічная сцяжынка дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Віцебска».

Клапоцячыся пра птушак зімой, выхаванцы фарміруюць экалагічную культуру і пашыраюць кругагляд.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы