Лідар у інавацыях

- 12:44Дашкольная адукацыя

З чаго пачынаецца адукацыя для дзіцяці? З першых кніжак, якія чытаюць малому маці і бацька. Далей эстафету пераймае дзіцячы сад, выхоўваючы, навучаючы і развіваючы здольнасці будучых школьнікаў.

Насамрэч, функцыі дашкольнай установы значна шырэйшыя, чым проста вывучыць з выхаванцамі літары і лічбы, зацікавіць маляваннем, танцамі ці іншай творчай работай. Дзіцячы сад — гэта, па сутнасці, важная прыступка, якая вядзе да школы, таму адна з галоўных задач педагогаў заключаецца ў тым, каб падрыхтаваць будучага школьніка да сур’ёзных змен у яго жыцці, садзейнічаць асобаснаму станаўленню дзіцяці, закласці пэўныя каштоўнасці маленькаму грамадзяніну, навучыць жыць у калектыве. Нельга забываць і пра тое, што разам з гэтым дашкаляты не павінны быць пазбаўлены радаснага дзяцінства.
У апошнія гады ў дашкольнай адукацыі адбыліся істотныя змены, выпрацоўваюцца прынцыпова новыя падыходы да пытанняў выхавання і развіцця дашкалят. Укараняюцца эфектыўныя тэхналогіі базавых здольнасцей дзяцей, пашыраны спектр выхаваўча-адукацыйных паслуг, якiя аказваюцца ў дашкольных установах, асаблівая ўвага ўдзяляецца харчаванню, асабістай гігіене, прафілактыцы эмацыянальных і інфармацыйных стрэсаў. Права выбару тэхналогій і методык развіцця дзяцей, якое сёння маюць установы дашкольнай адукацыі, дае магчымасць, па-першае, варыятыўных падыходаў да арганізацыі педагагічнага працэсу, па-другое, арыентавацца на задавальненне запытаў бацькоў.
— Развіццё даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі — гэта прыярытэт, на які нанізваецца шмат напрамкаў і форм работы, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чыгуначнага раёна Гомеля Ірына Казімірава.
Чыгуначны раён найбуйнейшы ў абласным цэнтры па колькасці дашкольных устаноў, а па колькасці выхаванцаў — ва ўсёй Гомельскай вобласці. 43 дзіцячыя сады наведваюць больш за 7200 выхаванцаў. Дыферэнцыраваны падыход дазваляе станоўча вырашаць многія пытанні развіцця і выхавання дзяцей, задавальняючы тым самым і запыты бацькоў. У раёне працуюць дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці і санаторны яслі-сад, два спецыяльныя яслі-сады. Зразумела, для вялікага раёна гэтага недастаткова, таму на базе ўстаноў дашкольнай адукацыі адкрыты і паспяхова дзейнічаюць санаторныя, спецыяльныя і інтэграваныя групы, пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Сёння ва ўмовах росту гарадоў, будаўніцтва новых жылых кварталаў і нават цэлых мікрараёнаў актуальнай застаецца праблема наяўнасці месцаў у дашкольных установах. Пакуль яшчэ не заўсёды атрымліваецца, каб дзіцячы сад быў за два крокі ад дома. Аднак па магчымасці гэта выпраўляецца.
— Да пачатку гэтага навучальнага года з мэтай развіцця даступнай і якаснай дашкольнай адукацыі, а таксама задавальняючы запыты бацькоў, у трох установах мы стварылі больш як 50 дадатковых месцаў, — тлумачыць Ірына Раманаўна. — Канечне, пры гэтым улічваліся нормы напаўняльнасці груп. Акрамя таго, па прычыне росту колькасці дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення сёлета на базе чатырох дзіцячых садоў былі адкрыты пункты карэкцыйна-педагагічнай дапамогі і спецыяльныя групы. Такім чынам, мы ахапілі карэкцыйнай дапамогай усіх без выключэння дзяцей, якія мелі ў гэтым патрэбу.
Час патрабуе ад дашкольнай адукацыі і ўкаранення новых форм работы. Вядома, нярэдка працоўны графік бацькоў не супадае са звычайным рэжымам работы дзіцячых садоў. Усё гэта аналізуецца і па магчымасці вырашаецца: ствараюцца групы ранішняга і вячэрняга надгляду, групы выхаднога дня.
Большасць бацькоў, а разам з імі педагогі, перажываюць няпросты працэс прывыкання дзіцяці да садка. Ды і самі бацькі нярэдка губляюцца ў выбары ўстановы, іншы раз баяцца, што іх чаканні не будуць апраўданы. Тут на дапамогу прыходзяць такія формы работы, як “матуліны школы” (для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў), адаптацыйныя групы. Усяго з верасня ў Чыгуначным раёне створана 85 груп з новымі формамі дашкольнай адукацыі для больш як 600 выхаванцаў.
Ёсць у дашкольнай адукацыі Чыгуначнага раёна і свая адметная рыса: усё больш педагогаў цікавіцца інавацыйнымі праектамі. Зараз у рамках інавацыйнай дзейнасці працуюць пяць устаноў дашкольнай адукацыі. Так, дзіцячыя сады №№ 111, 150, 153, 170 з’яўляюцца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. На іх базе рэалізоўваецца праект па духоўна-маральным выхаванні “Укараненне мадэлі фарміравання аптымістычнага тыпу светаўспрымання ў дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа”.
Праект накіраваны на фарміраванне пазітыўных жыццёвых установак і каштоўнасных арыентацый у выхаванцаў, бацькоў і педагогаў, стварэнне аптымальных умоў, спрыяльнага эмацыянальна-маральнага мікраклімату ва ўстанове і сям’і, а таксама фарміраванне аптымістычнага тыпу светаўспрымання ў выхаванцаў шляхам далучэння іх да айчынных духоўна-маральных традыцый.
Дашкольная ўстанова адукацыі “Яслі-сад № 28 Гомеля” рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання моўнакамунікатыўных уменняў у дзяцей з агульным недаразвіццём маўлення ў адукацыйны працэс установы дашкольнай адукацыі”. Мэта гэтага праекта заключаецца ў павышэнні ўзроўню культуры маўленчых зносін і нармалізацыі міжасобасных зносін дашкольнікаў. Гэты праект дасць магчымасць стварыць умовы спрыяльнай сацыялізацыі і інтэграцыі дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, а таксама дапаможа ім быць паспяховымі ў школе.
Варта адзначыць, што педагогі дашкольных устаноў раёна не толькі пастаянныя чытачы нашай газеты, а таксама і яе актыўныя аўтары, якія з задавальненнем дзеляцца сваім вопытам і пераймаюць вопыт калег з іншых рэгіёнаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.