Малады спецыяліст сярэдняй школы № 2 Гарадка і прадстаўніца педагагічнай дынастыі ў чацвёртым пакаленні Ліка Шлюева шчыра расказвае пра выбар прафесіі, першае працоўнае месца і сямейныя каштоўнасці.

— Ліка Васільеўна, надыходзячы навучальны год для вас будзе другім у прафесійнай дзейнасці. З якім настроем чакаеце яго?
— З рабочым. Да новых умоў кожнаму чалавеку трэба адаптавацца. Вось і ў мяне так было, калі прыступіла да сваіх абавязкаў на пасадзе школьнага педагога-псіхолага. Я родам з Гарадка. Універсітэцкі дыплом з адзнакай даў мне магчымасць напярэдадні размеркавання выбраць першае працоўнае месца. Гэта істотны бонус, бо прывабных варыянтаў я тады бачыла адразу некалькі. Потым кожны з іх праманіторыла, узважыла. Галоўнае — я прыслухалася да сябе і зразумела, што хачу вярнуцца працаваць на малую радзіму. У ідэале — у родную сярэднюю школу № 1 імя І.Х.Баграмяна. Але там адсутнічала вакансія па маёй спецыяльнасці, затое мелася побач, у сярэдняй школе № 2 імя А.П.Сабалеўскага. Здавалася б, суседнія ўстановы адукацыі, але ў 2-й школе мне ніколі дагэтуль не даводзілася бываць. Адсюль вынікаюць звычайныя для маладога спецыяліста цяжкасці: не ведала як, што і дзе, якія людзі працуюць у гэтай установе.
З калектывам мне пашанцавала. За мной замацавалі аднаго педагога-куратара, але насамрэч іх было значна больш: наша дырэктар Ніна Яфрэмава, усе чатыры завучы, калегі. Дзякуючы ім неяк вельмі хутка я не проста адаптавалася, але і грунтоўна ўкаранілася. Зразумела, чаго ад мяне чакаюць, і прынялася за справу. Мінулы год прайшоў дастаткова плённа. Многае ўдалося зрабіць і многаму навучыцца. Акрамя таго, я атэставалася на другую кваліфікацыйную катэгорыю. З улікам набытага вопыту чакаю ў надыходзячым годзе паступальнага развіцця.
— Вам на старце яшчэ і класнае кіраўніцтва даверылі, прычым у выпускным класе. Цяжка маладому педагогу наладзіць кантакт з амаль равеснікамі?
— Канечне, адразу прысутнічаў лёгкі шок. Некалькі дзён прыводзіла думкі з пачуццямі ў парадак, бо разумела, наколькі няпроста могуць скласціся адносіны зыходзячы з таго, што ў нас з навучэнцамі невялікая розніца ва ўзросце і некалькі гадоў у іх быў іншы класны кіраўнік. Скажу больш, я ў гэтым класе сустрэла знаёмых, з якімі мы ў школьныя гады разам займаліся спевамі ў аб’яднанні па інтарэсах, ставілі спектаклі ў тэатральнай студыі. Яны ўзрадаваліся: “Ой, як крута!” У мяне ж адчуванні былі неадназначныя. Але я ўдзячна, што ўсе мае адзінаццацікласнікі строга вытрымлівалі субардынацыю. Нават тыя, з кім раней мы былі на ты, размяжоўвалі: у школе я для іх класны кіраўнік, у астатні час магчымы іншы фармат зносін. Тут важна, як педагог паставіць сябе. Мне дапамагала ўніверсітэцкая падрыхтоўка, найперш сямейная.
— Псіхалогіяй захапляліся са школы?
— Так, гэтае захапленне мне перадала маці Наталля Шлюева. Спачатку я проста цікавілася, прачытала многа кніжак па псіхалогіі. У старшых класах займалася ўжо мэтанакіравана, з намерам паступіць па профілі ў ВДУ імя П.М.Машэрава. Пайшла па мамінай сцежцы, якая калісьці там вучылася.
— Атрымліваецца, вы з педагагічнай сям’і?
— Дакладней, з педагагічнай дынастыі: у нас педагогі ў чатырох пакаленнях. Прабабуля Яўгенія — настаўніца фізікі і матэматыкі, прадзядуля Барыс узначальваў тэхнікум у Коханаве Талачынскага раёна. Потым яго перавялі па рабоце ў Гарадок, тут наша сям’я і асталявалася. Іх дачка і мая бабуля Валянціна — настаўніца пачатковых класаў. Маці — педагог з дзвюма вышэйшымі адукацыямі, яна выпускніца мастацка-графічнага і юрыдычнага факультэтаў ВДУ (раней — педагагічны інстытут імя С.М.Кірава). Як я ведаю па словах маці і бабулі, для іх пытанне выбару прафесіі не стаяла: толькі педагагічная, без ваганняў. А мне з дзяцінства чамусьці ўяўлялася, што ў адукацыю я не пайду. Збіралася прысвяціць жыццё службе ў сілавых структурах, нават паступленне ва ўніверсітэт успрымала як прыступку да мэты. Мае два браты, родны і стрыечны, — ваенныя, на іх прыклад і арыентавалася. Сямейны педсавет не спрачаўся, аднак дружна раіў: “Не заракайся”. Ведаеце, родныя мелі рацыю. Таму што я педагог, і, думаю, мне гэта вельмі падыходзіць — быць правадніком, весці дзяцей у правільным напрамку. На жаль, у сучасным свеце многа пагроз, небяспечных і шкодных альтэрнатыў, таму ўсе мы, педагогі, стараемся рабіць так, каб нашы вучні не збочылі з правільнага шляху.
— Вы ў дзяцінстве займаліся ў тэатральнай студыі. Згодны з класікам, што жыццё — тэатр, а людзі ў ім — акцёры?
— У тэатры ж не толькі акцёры. А быць абыякавым гледачом — пасіўным назіральнікам па жыцці — мне зусім не імпануе. Дзяцінства і юнацтва — пара, калі мы прымяраем на сябе розныя ролі, каб знайсці сваё і паўнавартасна рэалізавацца ў выбранай сферы дзейнасці. Па маім меркаванні, з узростам любому чалавеку — а педагогу асабліва — усё больш неабходны рэжысёрскія навыкі. Паміж прафесіямі педагога і акцёра даволі часта праводзяць паралель. Падабенства ёсць, але нам нельга забываць: дзеці вельмі чуйна ловяць ігру і хлусню. Спадзявацца, што наіўныя хлопчыкі і дзяўчынкі глядзяць на цябе з даверам, слухаюць і не разумеюць падману, — небяспечная памылка, бо дзеці нашу невярбаліку прачытваюць лепш за дарослых. Ты пачынаеш іграць, а дзіця пачынае іграць з табой. І куды тая ігра зацягне — вялікае пытанне. Таму педагогу заўсёды трэба быць шчырым і гаварыць праўду. Лепш сказаць дзіцяці непрыемную рэч і абгрунтаваць, чаму зараз адбываецца менавіта так, чым за падманам схаваць тое, што ў дзіцяці можна змяніць.
— Калі ты з’яўляешся часткай педагагічнай дынастыі, наколькі моцна гэта ўплывае на светаўспрыманне?
— Сапраўды, гэта адчувальна кожны дзень. Пачнём з таго, што нашы сямейныя каштоўнасці маюць выразны педагагічны ўхіл. Мае родныя пастаянна працавалі з дзецьмі і мне прывілі вялікую любоў да дзяцей. Дзякуючы сямейнаму выхаванню я лёгка знаходжу падыходы да школьнікаў, выбудоўваю эфектыўныя мадэлі адносін, і дзеці са мной ахвотна ідуць на кантакт. З сям’і выраслі мая цікавасць да грамадскіх падзей, грамадзянская пазіцыя, імкненне да пастаяннага развіцця — педагогу інакш немагчыма — і, зразумела, эмпатыя, спачуванне да людзей. Я ніколі не змагу праігнараваць чалавека, якому патрэбна дапамога. Тое ж і ў адносінах да каманднай работы: мне цяжка адмовіць калегам ці аднадумцам у прапанове, калі я магу зрабіць тое, што ў перспектыве дапаможа дасягнуць пэўнага карыснага выніку школе або гораду, раёну. Сямейная рыса — мэтанакіраванасць. Пры сутыкненні з цяжкасцямі, вобразна кажучы, не выпускаю з рук пачатае і не ўцякаю, схапіўшыся за галаву. Без крызісаў не бывае прагрэсу. Пасля кожнага пераломнага моманту, калі здаецца, нібы ўсё, больш не магу — разумею, што варта цвяроза прадумаць свае дзеянні і прыкласці намаганні. Тады будзе рост, які прывядзе мяне да чагосьці лепшага. Я ў гэта веру.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара





