“Лінгафонны кабінет” у кішэні

- 12:22Інфармацыйныя тэхналогіі, Рознае партфолiо

Другі год у сярэдняй школе № 138 Фрунзенскага раёна Мінска рэалізуецца Рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі індывідуальнага навучання школьнікаў з дапамогай прыбора “Трэнажор маўленча-слыхавой памяці” — распрацоўкі беларускага навукоўца Пятра Васільевіча Філіпава. Пасля паспяховай апрабацыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі прыбор быў рэкамендаваны ў якасці індывідуальнага дыдактычнага дапаможніка для школьнікаў.

Хутка чытаць, надоўга запамінаць, упэўнена выказвацца

“Выкладаць эфектыўна настаўнікам дапамагаюць сучасныя педагагічныя тэхналогіі і методыкі, а таксама электронныя і тэхнічныя сродкі навучання — мультымедыйныя і камп’ютарныя праграмы і іншыя прыстасаванні. Але ў школьнікаў не заўсёды ёсць доступ да гэтых сродкаў. Вынаходнік Пётр Васільевіч Філіпаў, палкоўнік запасу, дацэнт, старшы выкладчык кафедры ідэалагічнай работы Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, прапанаваў даступную як для педагогаў, так і для навучэнцаў сучасную інавацыйную тэхналогію — спосаб паляпшэння памяці, канцэнтрацыі ўвагі і ўсебаковага развіцця мыслення з дапамогай трэнажора маўленча-слыхавой памяці. На базе нашай установы другі год працуе інавацыйная пляцоўка Міністэрства адукацыі па ўкараненні гэтай тэхналогіі, — гаворыць дырэктар школы № 138 Мінска кіраўнік інавацыйнай пляцоўкі Наталля Анатольеўна Сцецкая. — Чаму нас зацікавіла гэтае вынаходства? З кожным днём мы ўсё больш адчуваем, як павялічваецца аб’ём ведаў, якія неабходна засвоіць школьнікам, як растуць патрабаванні да іх уменняў і навыкаў. З гэтага года ў нашай школе былі адкрыты два профільныя 10-я класы, дзе дзеці на павышаным узроўні пачалі вывучаць фізіку, матэматыку, англійскую і рускую мову. Павышаюцца патрабаванні да вучняў — расце і адказнасць настаўнікаў за якасць навучання. Адваротны, не ўсім бачны бок такой сітуацыі не вельмі прывабны. Дзецям не хапае часу на авалоданне ведамі. Яны не паспяваюць грунтоўна асэнсаваць інфар-мацыю, стамляюцца і часта няўважлівыя, іншы раз проста не могуць пераказаць тое, пра што толькі што прачыталі. Як настаўніцу рускай мовы і літаратуры мяне, напрыклад, клапоціць, наколькі добра і ўважліва чытаюць нашы школьнікі, ці шмат яны запамінаюць. Калі чытанне арганізавана якасна, значыць, дзеці будуць пісьменнымі. Чытанне важна пры асваенні любога вучэбнага прадмета”.
Падобныя праблемы (толькі ў адносінах да студэнтаў) заўсёды знаходзіліся ў сферы навуковых інтарэсаў Пятра Васільевіча Філіпава. У 70-х гадах ён пачаў даследаваць методыкі хуткага чытання і трэніроўкі памяці і стаў распрацоўшчыкам камп’ютарнай праграмы па фарміраванні навыкаў хуткага чытання, якая дазволіла чытаць у два разы хутчэй. З 1996 года выкладае дысцыпліну “Псіхафізіялогія”, з’яўляецца аўтарам больш як 20 навуковых работ.
“Калі школьнік або студэнт самастойна рыхтуецца да заняткаў, ён, як правіла, чытае кнігі не ўголас, а сам сабе, — адзначае Пётр Васільевіч. — Пры гэтым, у асноўным, працуе яго зрокавая памяць, што не заўсёды дае плён. Пры самастойнай рабоце з літаратурай засвойваецца не больш за 50 працэнтаў інфармацыі. Калі выкладчык чытае лекцыю, на слых засвойваецца каля 20 — 30 працэнтаў патрэбнага аб’ёму. І толькі пры прагаворванні засвойваецца да 70 працэнтаў інфармацыі. А што, калі аб’яднаць усе каналы паступлення інфармацыі, каб адначасова працавалі зрокавы, слыхавы і маўленча рухальны аналізатары памяці? У гэтым і быў сэнс маёй задумы. Стварыў трэнажор, а па сутнасці пераносны “лінгафонны кабінет”, у склад якога ўвайшлі мікрафон, мініяцюрны ўзмацняльнік гуку і стэрэанавушнікі. Працуючы з вучэбным матэрыялам, навучэнец прачытвае тэкст уголас у мікрафон, маўленчы сігнал пераўтвараецца ў электрычны, які ўзмацняецца і перадаецца ў стэрэанавушнікі”.
Камплект устройства быў узгоднены з Рэспубліканскім цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь, быў унесены ў рэестр дзяржаўнай рэгістрацыі. Вынаходства выпрабоўвалася і працягвае выкарыстоўвацца на пагранічным факультэце Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, у Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, у філіяле Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. У большасці ўдзельнікаў эксперымента павышаўся ўзровень канцэнтрацыі ўвагі, узрастала выніковасць вучэбнай дзейнасці, паляпшаліся хуткасць запамінання інфармацыі, глыбіня яе засваення і працягласць захоўвання, больш актыўнымі станавіліся магчымасці яе ўзнаўлення. Эксперымент паказаў, што ў стандартнай сітуацыі (без выкарыстання трэнажора) ужо праз 3 гадзіны ў студэнтаў (навучэнцаў) страчвалася каля 30 працэнтаў інфармацыі (пачутай, прачытанай або ўбачанай), а праз 3 дні — 90 працэнтаў. Пры выкарыстанні прыбора забывалася толькі 15 працэнтаў інфармацыі, а праз тры дні — 35 працэнтаў.
Пётр Васільевіч неаднойчы прадстаўляў трэнажор маўленча-слыхавой памяці на розных выставах і кірмашах інавацыйных тэхналогій, дзе прыбор карыстаўся вялікай увагай з боку наведвальнікаў.

Адзнакі навучэнцаў палепшыліся

У інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі індывідуальнага развіцця навучэнцаў з дапамогай трэнажора маўленча-слыхавой памяці задзейнічаны на сёння пяць школ рэспублікі. Акрамя сярэдняй школы № 138 Мінска, прыбор выкарыстоўваецца ў мінскай сярэдняй школе № 104 імя Р.Н.Мачульскага, у гімназіі Мар’інай Горкі і гімназіі № 2 Наваполацка, а таксама ў дзіцячым садзе — сярэдняй школе № 23 Гомеля. У інавацыйным працэсе ўдзельнічаюць дзеці з рознымі магчымасцямі ў навучанні: дзеці з павышанай матывацыяй да вучобы; тыя, хто вучыцца не вельмі паспяхова; а таксама дзеці, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Навуковымі кансультантамі праекта выступаюць распрацоўшчык прыбора П.В.Філіпаў і кандыдат педагагічных навук дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі спецыялістаў адукацыі інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Ірына Уладзіміраўна Шасцітка.
“У нашай школе ў інавацыйным праекце задзейнічана каля 50 навучэнцаў, — гаворыць намеснік дырэктара сярэдняй школы № 138 Валянціна Дамінікаўна Астапчук. — Яны выкарыстоўваюць трэнажор на ўроках гісторыі, геаграфіі, рускай мовы і літаратуры. Папярэдне мы атрымалі дазвол бацькоў на рэалізацыю інавацыі. Планавалі адразу прымяніць прыбор у пачатковай школе, але, паколькі ён выпрабоўваецца ўпершыню, навуковыя кіраўнікі праекта парэкамендавалі нам задзейнічаць яго сярод старэйшых дзяцей. Былі выбраны два класы — 7-ы і 8-ы: адзін даволі слабы клас, другі — сярэдні па паспяховасці. Кожнае дзіця ў іх атрымала індывідуальны трэнажор. У эксплуатацыі прыбор вельмі просты. Вучню трэба толькі надзець навушнікі з мікрафонам, уключыць яго і адрэгуляваць гучнасць. Спачатку на трэнажоры рэкамендавана займацца не больш за 45 — 60 хвілін у дзень, а калі сфарміруецца звычка, то працягласць часу можа вызначацца кожным навучэнцам індывідуальна”.
Якія перавагі прыбора адзначаюць настаўнікі і вучні? Па-першае, ён змяншае разумовую напружанасць у класах, дзе займаецца шмат дзяцей. Школьніку, які сканцэнтраваны на матэрыяле, не перашкаджае старонні шум. Хтосьці лепш запамінае тое, што бачыць, хтосьці тое, што чуе. Прыбор дазваляе амаль на 100 працэнтаў задзейнічаць памяць, якая дамініруе. Карыстальнік прыбора чытае тэкст і чуе свой голас у навушніках, што асабліва важна пры падрыхтоўцы школьнікаў да выступленняў на сцэне, а таксама для маладых настаўнікаў, якія вучацца майстэрству красамоўства перад вучнямі. Прыбор дазваляе адчуць нюансы голасу, рэгулюе яго тэмбр, інтанацыйнае афармленне, дапамагае правільна рабіць паўзы, расстаўляць акцэнты, маўленне становіцца пераканаўчым.
“Звычайна падчас урокаў вучні размаўляюць мала, не кожнага настаўнік паспявае выклікаць, часцей дзеці моўчкі слухаюць настаўніка або самастойна чытаюць матэрыял падручніка, — гаворыць настаўніца рускай мовы сярэдняй школы № 138 Мінска Жанна Цімафееўна Наліўка. — Самастойнае чытанне — гэта добра, але пры гэтым не развіваецца маўленне дзяцей. Са з’яўленнем прыбора магчымасць чытаць уголас на ўроку з’явілася ў кожнага вучня. Адначасова з хуткім чытаннем развіваецца і арфаграфічная пільнасць, дзеці адразу вылучаюць арфаграмы, запамінаюць слоўнікавыя словы, вучацца правільна вымаўляць складаныя словазлучэнні, увогуле іх маўленне становіцца больш правільным. У навучэнцаў палепшыліся адзнакі за пісьмовыя работы — пераказы і асабліва за слоўнікавыя дыктанты, гэта вельмі адчуваецца менавіта ў слабым класе. Эфектыўнае ўздзеянне трэнажора праявілася і пры выкананні такой работы, як пісьмо па памяці. Напрыклад, я пішу на дошцы словы, вучні стараюцца іх запомніць (прагаворваюць у навушніках), потым дошка закрываецца і вучні па памяці ўзнаўляюць іх. Палепшылася і тэхніка чытання, а таксама пераказ тэкстаў па памяці. Дзеці сталі хутчэй завучваць вершы, а пры дэкламаванні дэманстраваць тактавае дзяленне фразы, яе інтанацыйнае афармленне. Нядаўна быў урок па паэзіі Пушкіна, дзе пры чытанні вершаў дзеці выкарыстоўвалі прыбор і самі, без майго тлумачэння, адчулі рытміку і мелодыю вершаў, а потым правільна адказалі на пытанні, якія тычыліся сэнсу вершаў. Трэнажор мы выкарыстоўваем не на кожным уроку. Усё залежыць ад складанасці і спецыфікі матэрыялу. Часцей за ўсё прымяняем яго пры вывучэнні новых тэм, пры самастойным разборы дзецьмі заданняў або пры замацаванні пройдзенага”.
Інавацыйны праект суправаджаюць школьныя псіхолагі. Адзін з іх — Дзіяна Уладзіміраўна Ніціеўская: “Каб ахарактарызаваць эфектыўнасць выкарыстання прыбора, праводжу дыягностыку навучэнцаў з дапамогай методык вызначэння паказчыкаў устойлівасці і канцэнтрацыі ўвагі, вымярэння аб’ёму кароткачасовай слыхавой памяці, вызначэння ўзроўню сэнсавай памяці і яе аб’ёму. Па ўсіх паказчыках у дзяцей станоўчая дынаміка, прычым як у моцных вучняў, так і ў слабых. Ёсць, напрыклад, такі дыяг-настычны тэст — узнаўленне аповеду. У пачатку мінулага навучальнага года ў класах, якія я курырую, існавалі сур’ёзныя праблемы: дзеці не маглі пераказаць прачытаны тэкст. У гэтым годзе больш як у 80 працэнтаў дзяцей са слабага класа павысіўся ўзровень развіцця сэнсавай памяці. Па крытэрыях “аб’ём адвольнай кароткачасовай слыхавой памяці” і “ўстойлівасць увагі” таксама адзначаецца сур’ёзны прагрэс: паказчыкі ўзраслі на 40 працэнтаў і больш. Ужо няма дзяцей з нізкім узроўнем развіцця па названых паказчыках”.
Развіццё ў дзяцей памяці, увагі і іншых псіхічных працэсаў мае значэнне не толькі для іх паспяховага навучання ў школе. Гэта важна і для іх штодзённага жыцця: сёння яны вучацца выбіраць галоўнае ў тэксце, заўтра ім будзе лягчэй выбіраць галоўнае ў жыцці. Сфарміраваныя ў школе ўменні і навыкі дапамогуць у будучым правільна ацаніць пэўную сітуацыю, сканцэнтравацца на вырашэнні важнай задачы, задзейнічаць грунтоўныя рэсурсы памяці і заўсёды адэкватна ацэньваць сябе і свае ўчынкі.
“У бягучым навучальным годзе заканчваецца работа па інавацыйным праекце, і мы зможам афіцыйна падвесці яго вынікі, зрабіць прапановы па далейшым выкарыстанні трэнажора, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 138 Мінска Наталля Анатольеўна Сцецкая. — На мой погляд, ён можа быць карысны дзецям ужо ў 5 класе, дзе мы і пла-нуем яго ўводзіць. Гэты спосаб развіцця памяці і мыслення навучэнцаў цалкам сумяшчальны з іншымі формамі і метадамі навучання і можа прымяняцца настаўнікамі падчас франтальнай, групавой або індывідуальнай работы ў класе. Дзеці ўжо выказалі ў анкетах жаданне працаваць з трэнажорам дома, а таксама на іншых вучэбных занятках, напрыклад, на матэматыцы, што дапаможа ім хутчэй спраўляцца з цяжкімі задачамі”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва ўстановы.