«Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і дасканала валодаць ёю», – такі запавет пакінуў нам класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Выхоўваць у школьнікаў зацікаўленае асобаснае стаўленне да роднай мовы дапамагае далучэнне іх да актыўнага эмацыянальна насычанага асэнсавання яе багаццяў.
Прапануем вашай увазе інтэлектуальную гульню ў форме лінгвістычнага кафэ «Мова.by» для вучняў 7–9 класаў.
Мэта: далучэнне вучняў да моўнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыя беларускай мовы.
Задачы:
- садзейнічаць фарміраванню цікавасці да вывучэння беларускай мовы;
- спрыяць развіццю моўнай культуры і творчых здольнасцей падлеткаў;
- стварыць умовы для адпрацоўкі камунікатыўных навыкаў вучняў.
Абсталяванне: кабінет беларускай мовы аформлены ў выглядзе кафэ: тры столікі, засланыя абрусамі з нацыянальным арнаментам, вазы з кветкамі, карты меню, карткі з заданнямі для кожнай каманды, мультыборд, прэзентацыя.
Умовы правядзення: удзел у гульні бяруць тры каманды па пяць чалавек; пераможцай становіцца каманда, якая атрымае найбольшую колькасць балаў.
Адзін вучань выступае ў ролі афіцыянта.
Ход гульні
І. Уступная частка
Гучыць беларуская музыка, каманды займаюць свае месцы за столікамі.
Вядучы вітае ўдзельнікаў і коратка распавядае гісторыю прыняцця рэзалюцыі ААН аб святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы.
Капітаны прадстаўляюць «візітоўкі» сваіх каманд: абвяшчаюць дэвіз, тлумачаць значэнне эмблемы. «Афіцыянт» пасля прывітання каманд разносіць меню.
Вядучы прадстаўляе ўдзельнікам «шэф-повараў» – членаў журы і «кулінараў-мовазнаўцаў», якія будуць даваць розныя заданні.
Гучыць песня «Беларуская мова» (словы і музыка В. Карпанава) у выкананні школьнага вакальнага гуртка.
ІІ. Асноўная частка
- Халодная закуска «Слоўнікавая нарэзка»
Вядучы. З лёгкай рукі таленавітага філолага, знаўцы роднай мовы прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ў беларускім мовазнаўстве прыжыўся выраз «гаваркія словы». Яны самі расказваюць пра сябе. Прапануем паспрабаваць нашу халодную закуску «Слоўнікавая нарэзка». На слайдзе вы бачыце малюнкі і словы. Задача – суаднесці назвы з прадметамі. На абмеркаванне – 3 хвіліны. За правільны адказ – 1 бал.
Адказы: 1 – Б, 2 – Ё, 3 – Г, 4 – З, 5 – А, 6 – Д, 7 – В, 8 – Ж, 9 – Е.
Вядучы. Слова «далькажык» (ад «далёка казаць») у гэтым шэрагу самае маладое. Так паэт Леанід Дранько-Майсюк прапанаваў называць мабільны тэлефон па-беларуску.
- Салата «Лексічны вінегрэт»
Заданне 1. «Лепей не скажаш»
Падбярыце да перыфраз (апісальных выразаў) адпаведныя назвы з’яў, якія яны азначаюць. Дапаможа вам воблака слоў, у якім сярод розных назваў знаходзяцца і правільныя адказы. За кожны правільны адказ – 1 бал.
Заданне 2. «Беларускія стравы». Разгадайце філворд – знайдзіце назвы беларускіх страў. За кожную правільную назву – 1 бал.
Адказы: верашчака, наліснікі, бабка, зразы, зацірка, дранікі, жур, калдуны, мачанка, халаднік, кісель.
Пакуль журы падводзіць вынікі, вучань выразна чытае верш Пімена Панчанкі «Родная мова».
- Зацірка «Лінгвістычны крос»
Вядучы прапануе ўдзельнікам граматычны бліц. За правільны адказ – 1 бал.
- Колькі літар у беларускім алфавіце? (32.)
- Займеннікі паводле значэння падзяляюцца на 7 разрадаў? (Не, на 9 разрадаў.)
- Спражэнне дзеясловаў бегчы, есці, даць. (Рознаспрагальныя.)
- Слоўнік, у якім раскрываецца лексічнае значэнне слова. (Тлумачальны.)
- Тысяча ў творным склоне. (Тысяччу.)
- Зменная частка слова. (Канчатак.)
- Сінонім да слоў раць, арда, войска. (Армія.)
- Назоўнік дамавік адушаўлёны ці не? (Адушаўлёны.)
- Антонім да слова арашэнне. (Асушэнне.)
- Ежевика па-беларуску. (Ажыны.)
- Дзясятая літара беларускага алфавіта. (І.)
- Шафа з дуба або з дубу? (З дубу.)
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае словы як часціны мовы. (Марфалогія.)
- У назоўніка таксі ёсць канчатак? (Няма.)
- Тыпы сказаў па мэце выказвання. (Апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя.)
- Маладая істота, якая нарадзілася ў авечкі? (Ягня.)
- Алфавіт, створаны хрысціянскімі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. (Кірыліца.)
- Множны лiк назоўнiка чалавек. (Людзi.)
- Колькі галосных гукаў у беларускай мове? (6.)
- Даданы член сказа, які адказвае на пытанні: дзе? калі? куды? як? колькі? (Акалічнасць.)
- Віды сувязі слоў у словазлучэнні. (Дапасаванне, прымыканне, кіраванне.)
- Галоўныя члены сказа. (Дзейнiк і выказнiк.)
- Склоны, акрамя назоўнага. (Ускосныя.)
- Слова дзве пішацца з мяккім знакам? (Не.)
- Пералічыце лады дзеяслова. (Абвесны, загадны, умоўны.)
- Значэнне фразеалагізма «на шапачны разбор». (Позна.)
- Надрадковы знак у выглядзе коскі. (Апостраф.)
- Род назоўнікаў боль, надпіс, медаль, жывапіс. (Мужчынскі.)
- Пералічыце стылі маўлення. (Мастацкі, навуковы, гутарковы, публіцыстычны, афіцыйны.)
- Зваротак з’яўляецца членам сказа? (Не.)
- Назоўнік дзверы мае адзіночны лік? (Не, толькі множны.)
- Часціна мовы, якая не адносіцца ні да самастойных, ні да службовых. (Выклічнік.)
- Аднакаранёвыя словы, якія належаць да адной часціны мовы і маюць блізкае гучанне, але рознае значэнне. (Паронімы.)
- Сказ, граматычная аснова якога складаецца толькі з дзейніка або толькі з выказніка. (Аднасастаўны.)
- Пытанні, на якія адказвае азначэнне. (Які? якая? чый? чыя? чыё?)
- Складаны сказ, часткі якога звязаны пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў. (Складаназалежны.)
- Слова клоўн пішацца з у ці ў? (З ў.)
- Горад, у якім знаходзіцца адзіны ў свеце помнік ў. (Полацк.)
- Раздзел мовазнаўства, які вывучае правілы вымаўлення слоў. (Арфаэпія.)
- Тып маўлення, якому адпавядае схема: тэзіс – доказы – вывад. (Разважанне.)
- Рулет «Марфалагічная вясёлка»
Вядучы прапануе членам каманд «пакаштаваць» рулет «Марфалагічная вясёлка» – знайсці ў яго слоі-радку чацвёртае лішняе слова з пункту гледжання марфалогіі, вызначыць часціну мовы і патлумачыць свой выбар. За кожны правільны адказ – 2 балы.
- Абцугі, нажніцы, грошы, гузікі. (Гузікі, назоўнік, у адрозненні ад астатніх ужываецца у адзіночным і множным ліку.)
- Вясёлы, снежаньскі, леташні, драўляны. (Вясёлы, прыметнік, якасны.)
- Мільён, трыццаць, пятнаццаты, сямнаццаць. (Пятнаццаты, лічэбнік, парадкавы.)
- Твой, свае, кожны, наша. (Кожны, займеннік, азначальны.)
- Падмарозіла, світае, не спіцца, малюе. (Малюе, дзеяслоў, асабовы.)
- Усміхнуўшыся, прачытаны, завостраны, вымыты. (Усміхнуўшыся, дзеепрыслоўе.)
- Далёка, весела, па-свойму, уголас. (Далёка, прыслоўе, месца.)
- На, праз, для, пасля. (Пасля, прыназоўнік, вытворны.)
- Што, каб, але, пакуль. (Але, злучнік, злучальны.)
- Вось, менавіта, дзякуй, няўжо. (Дзякуй, выклічнік.)
Пакуль журы падводзіць вынікі, аб’яўляецца «рэкламная паўза» – удзельнікі мусяць прарэкламаваць квас «Хатні» з дапамогай аднакаранёвых слоў.
Варыянт адказу: смаката, смачненька, смачна, пасмакаваць.
- Калдуны «Фразеалагічны калейдаскоп»
Вядучы прапануе ўдзельнікам аб’яднаць пераблытаныя кампаненты фразеалагізмаў, каб узнавіць правільную форму. За кожны правільны адказ – 1 бал.
Заданне 1. Знайдзіце пару
- Аўгіевы пакуты. (Аўгіевы стайні.)
- Хадзячая авечка. (Хадзячая энцыклапедыя.)
- Заварыць табаку. (Заварыць кашу.)
- Танталавы стайні. (Танталавы пакуты.)
- Тачыць лапу. (Тачыць лясы.)
- Блудная энцыклапедыя. (Блудная авечка.)
- Важыць кашу. (Важыць табаку.)
- Дамоклава грамата. (Дамоклаў меч.)
- Смактаць лясы. (Смактаць лапу.)
- Фількаў меч. (Фількава грамата.)
Заданне 2. Конкурс капітанаў
«Афіцыянт» на падносе выносіць карткі з заданнямі. Капітаны каманд па чарзе выцягваюць карткі і даюць адказы. За правільны адказ – 3 балы.
- Пад імі блытаюцца, калі замінаюць; іх бяруць у рукі, калі хутка ўцякаюць; іх не чуюць пад сабою тыя, хто бягуць. (Ногі.)
- У няўмелага, нязграбнага чалавека яны дзіравыя; у схільнага да крадзяжу – доўгія; у майстра – залатыя; імі нават можна заграбаць жар, калі яны чужыя. (Рукі.)
- Ён гладка ходзіць у чалавека, які ўмее лёгка і прыгожа гаварыць, і заплятаецца ў таго, хто гаворыць невыразна. (Язык.)
- Ёю можна біцца аб сцяну, яна можа ісці кругам, без яе можна застацца, калі страціць асцярожнасць. (Галава.)
- Бессаромны чалавек пазычае іх у сабакі, на іх іншы раз лепей не паказвацца, з іх могуць сыпацца іскры. (Вочы.)
- Міма іх можна ўсё прапусціць, яны могуць завянуць, за імі можа трашчаць. (Вушы.)
- Гарнір «Літаратурны пачастунак»
Вядучы просіць удзельнікаў дапамагчы кухару літаратурнай кухні «прыгатаваць» байку, санет, паэму, баладу. Усе «стравы» складаюцца з 5 інгрэдыентаў, кожны з якіх можна выкарыстаць толькі адзін раз. За кожны правільна вызначаны інгрэдыент – 1 бал.
Інгрэдыенты:
- М. Багдановіч «Замёрзла ноччу шпаркая крыніца».
- Якуб Колас «Новая зямля».
- У. Корбан «Малпін жарт».
- А. Куляшоў «Маці».
- Павучальны сэнс.
- Сюжэтны верш.
- Вялікі вершаваны твор.
- Толькі 14 радкоў.
- Наяўнасць дзвюх абавязковых частак: сюжэт і мараль.
- Прыналежнасць або да французскай, або да італьянскай літаратурнай традыцыі.
- Наяўнасць элементаў фантастыкі.
- Спалучэнне рысаў эпасу і лірыкі.
- Часцей чатыры страфы (два катрэны і два тэрцэты).
- Гераічнасць або легендарнасць зместу.
- Магчымасць складацца ў вянкі і вянкі вянкоў.
- Паказ важных гістарычных падзей.
- Алегорыя.
- Наяўнасць лірычных адступленняў.
- Герой – незвычайны чалавек, выключная асоба.
- Прысутнасць выкрывальнага смеху.
- Наліснікі «Незабудка» з загадкавай начынкай
Кожнай камандзе прапануецца па чарзе даць адгадкі на пяць загадак. За правільны адказ – 1 бал.
- Нам патрэбна ў ядзе гэта беляніца, нарадзілася ў вадзе, а вады баіцца. (Соль.)
- На градцы – доўгі і зялёны, а ў бочцы – жоўты і салёны. (Гурок.)
- Сядзіць пані ў чырвоным жупане, хто жупан здзірае, той слёзы пралівае. (Цыбуля.)
- Зялёная – ды не елка, чырвоная – ды не дзеўка, з хвастом – ды не мыш. (Буряк.)
- Круглы хлявец поўны белых авец. (Гарбуз.)
- Ён у самы санцапёк падстаўляе сонцу бок. Колерам зеленаваты, у цяльняшцы паласатай. (Кавун.)
- Круглае, як сонца, гарыць пад ім донца; зарумянены бачок – шух на ручнічок! (Блін.)
- Чырвонае цельца, каменнае сэрца, вінная на смак, а завецца як? (Вішня.)
- Белы, як снег, салодкі, як мёд. (Цукар.)
- Стаіць паненка, на ёй белая сукенка, а яшчэ шэсцьдзясят адзёжак і ўсе без засцёжак. (Капуста.)
- Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако.)
- Бывае чорны, белы і нават калі-нікалі падгарэлы. (Хлеб.)
- У свінні яго нямала.
Я вазьму сабе кавалак.
Каб закуску згатаваць,
Засталося мне дадаць
Палавінку слова ТАТА –
І гатовая… (Салата.)
- Я ў свой рондаль пакладу
Лес хваёвы. І пайду
На градзе нарэжу шчаўя
І дзве літаркі прыбаўлю.
Ці не цуд? Анягож!
Налівай чырвоны … (Боршч.)
- Конь мой спрытны – самакат –
Даў мне свой апошні склад.
А надалей пойдзе ў нас
Самы лепшы ў годзе час.
Солім, перчым, смажым гэта –
Атрымалася … (Катлета.)
ІІІ. Заключная частка
«Афіцыянт» раздае камандам рахунак у выглядзе колькасці балаў, якія набралі ўдзельнікі за кожную «страву». Журы падводзіць вынікі гульні і абвяшчае пераможцу. Вядучы аналізуе ход гульні і ступень падрыхтаванасці каманд.
ЛІТАРАТУРА
1. Беларускія загадкі / склад. Я. Саламевіч. – Мінск: Юнацтва, 1989. – 62 с.
2. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / склад. Ф. Янкоўскі. – 3-е выд., дапрац., дап. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 491 с.
3. Кажура, В. В. Скажы так, каб я зразумеў / В. В. Кажура. – Мінск: Выдавецкі цэнтр БА «Конкурс», 2022. – 128 с.