Лінгвістычнае кафэ «Мова.by»: далучаем вучняў да моўнай спадчыны народа

- 12:18Журнал "Народная асвета", Образование
А. Ф. Кузьміч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Кушлікоўскай базавай школы Полацкага раёна

«Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і дасканала валодаць ёю», – такі запавет пакінуў нам класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Выхоўваць у школьнікаў зацікаўленае асобаснае стаўленне да роднай мовы дапамагае далучэнне іх да актыўнага эмацыянальна насычанага асэнсавання яе багаццяў.

Прапануем вашай увазе інтэлектуальную гульню ў форме лінгвістычнага кафэ «Мова.by» для вучняў 7–9 класаў.

Мэта: далучэнне вучняў да моўнай спадчыны беларускага народа, папулярызацыя беларускай мовы.

Задачы:

  • садзейнічаць фарміраванню цікавасці да вывучэння беларускай мовы;
  • спрыяць развіццю моўнай культуры і творчых здольнасцей падлеткаў;
  • стварыць умовы для адпрацоўкі камунікатыўных навыкаў вучняў.

Абсталяванне: кабінет беларускай мовы аформлены ў выглядзе кафэ: тры столікі, засланыя абрусамі з нацыянальным арнаментам, вазы з кветкамі, карты меню, карткі з заданнямі для кожнай каманды, мультыборд, прэзентацыя.

Умовы правядзення: удзел у гульні бяруць тры каманды па пяць чалавек; пераможцай становіцца каманда, якая атрымае найбольшую колькасць балаў.

Адзін вучань выступае ў ролі афіцыянта.

Ход гульні

І. Уступная частка

Гучыць беларуская музыка, каманды займаюць свае месцы за столікамі.

Вядучы вітае ўдзельнікаў і коратка распавядае гісторыю прыняцця рэзалюцыі ААН аб святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы.

Капітаны прадстаўляюць «візітоўкі» сваіх  каманд: абвяшчаюць дэвіз, тлумачаць значэнне эмблемы. «Афіцыянт» пасля прывітання каманд разносіць меню.

Вядучы прадстаўляе ўдзельнікам «шэф-повараў» – членаў журы і «кулінараў-мовазнаўцаў», якія будуць даваць розныя заданні. 

Гучыць песня «Беларуская мова» (словы і музыка В. Карпанава) у выкананні школьнага вакальнага гуртка.

ІІ. Асноўная частка

  • Халодная закуска «Слоўнікавая нарэзка»

Вядучы. З лёгкай рукі таленавітага філолага, знаўцы роднай мовы прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага ў беларускім мовазнаўстве прыжыўся выраз «гаваркія словы». Яны самі расказваюць пра сябе. Прапануем паспрабаваць нашу халодную закуску «Слоўнікавая нарэзка». На слайдзе вы бачыце малюнкі і словы. Задача – суаднесці назвы з прадметамі. На абмеркаванне – 3 хвіліны. За правільны адказ – 1 бал.

Адказы: 1 – Б, 2 – Ё, 3 – Г, 4 – З, 5 – А, 6 – Д, 7 – В, 8 – Ж, 9 – Е.

Вядучы. Слова «далькажык» (ад «далёка казаць») у гэтым шэрагу самае маладое. Так паэт Леанід Дранько-Майсюк прапанаваў называць мабільны тэлефон па-беларуску.

  • Салата «Лексічны вінегрэт»

Заданне 1. «Лепей не скажаш»

Падбярыце да перыфраз (апісальных выразаў) адпаведныя назвы з’яў, якія яны азначаюць. Дапаможа вам воблака слоў, у якім сярод розных назваў знаходзяцца і правільныя адказы. За кожны правільны адказ – 1 бал.

Заданне 2. «Беларускія стравы». Разгадай­це філворд – знайдзіце назвы беларускіх страў. За кожную правільную назву – 1 бал.

Адказы: верашчака, наліснікі, бабка, зразы, зацірка, дранікі, жур, калдуны, мачанка, халаднік, кісель.

Пакуль журы падводзіць вынікі, вучань выразна чытае верш Пімена Панчанкі «Родная мова».

  • Зацірка «Лінгвістычны крос»

Вядучы прапануе ўдзельнікам граматычны бліц. За правільны адказ – 1 бал.

  • Колькі літар у беларускім алфавіце? (32.)
  • Займеннікі паводле значэння падзяляюцца на 7 разрадаў? (Не, на 9 разрадаў.)
  • Спражэнне дзеясловаў бегчы, есці, даць. (Рознаспрагальныя.)
  • Слоўнік, у якім раскрываецца лексічнае значэнне слова. (Тлумачальны.)
  • Тысяча ў творным склоне. (Тысяччу.)
  • Зменная частка слова. (Канчатак.)
  • Сінонім да слоў раць, арда, войска. (Армія.)
  • Назоўнік дамавік адушаўлёны ці не? (Адушаўлёны.)
  • Антонім да слова арашэнне. (Асушэнне.)
  • Ежевика па-беларуску. (Ажыны.)
  • Дзясятая літара беларускага алфавіта. (І.)
  • Шафа з дуба або з дубу? (З дубу.)
  • Раздзел мовазнаўства, які вывучае словы як часціны мовы. (Марфалогія.)
  • У назоўніка таксі ёсць канчатак? (Няма.)
  • Тыпы сказаў па мэце выказвання. (Апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя.)
  • Маладая істота, якая нарадзілася ў авечкі? (Ягня.)
  • Алфавіт, створаны хрысціянскімі асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. (Кірыліца.)
  • Множны лiк назоўнiка чалавек. (Людзi.)
  • Колькі галосных гукаў у беларускай мове? (6.)
  • Даданы член сказа, які адказвае на пытанні: дзе? калі? куды? як? колькі? (Акалічнасць.)
  • Віды сувязі слоў у словазлучэнні. (Дапасаванне, прымыканне, кіраванне.)
  • Галоўныя члены сказа. (Дзейнiк і выказнiк.)
  • Склоны, акрамя назоўнага. (Ускосныя.)
  • Слова дзве пішацца з мяккім знакам? (Не.)
  • Пералічыце лады дзеяслова. (Абвесны, загадны, умоўны.)
  • Значэнне фразеалагізма «на шапачны разбор». (Позна.)
  • Надрадковы знак у выглядзе коскі. (Апостраф.)
  • Род назоўнікаў боль, надпіс, медаль, жывапіс. (Мужчынскі.)
  • Пералічыце стылі маўлення. (Мастацкі, навуковы, гутарковы, публіцыстычны, афіцыйны.)
  • Зваротак з’яўляецца членам сказа? (Не.)
  • Назоўнік дзверы мае адзіночны лік? (Не, толькі множны.)
  • Часціна мовы, якая не адносіцца ні да самастойных, ні да службовых. (Выклічнік.)
  • Аднакаранёвыя словы, якія належаць да адной часціны мовы і маюць блізкае гучанне, але рознае значэнне. (Паронімы.)
  • Сказ, граматычная аснова якога складаецца толькі з дзейніка або толькі з выказніка. (Аднасастаўны.)
  • Пытанні, на якія адказвае азначэнне. (Які? якая? чый? чыя? чыё?)
  • Складаны сказ, часткі якога звязаны пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў. (Складаназалежны.)
  • Слова клоўн пішацца з у ці ў? (З ў.)
  • Горад, у якім знаходзіцца адзіны ў свеце помнік ў. (Полацк.)
  • Раздзел мовазнаўства, які вывучае правілы вымаўлення слоў. (Арфаэпія.)
  • Тып маўлення, якому адпавядае схема: тэзіс – доказы – вывад. (Разважанне.)
  • Рулет «Марфалагічная вясёлка»

Вядучы прапануе членам каманд «пакашта­ваць» рулет «Марфалагічная вясёлка» – знайсці ў яго слоі-радку чацвёртае лішняе слова з пункту гледжання марфалогіі, вызначыць часціну мовы і патлумачыць свой выбар. За кожны правільны адказ – 2 балы.

  • Абцугі, нажніцы, грошы, гузікі. (Гузікі, назоўнік, у адрозненні ад астатніх ужываецца у адзіночным і множным ліку.)
  • Вясёлы, снежаньскі, леташні, драўляны. (Вясёлы, прыметнік, якасны.)
  • Мільён, трыццаць, пятнаццаты, сямнаццаць. (Пятнаццаты, лічэбнік, парадкавы.)
  • Твой, свае, кожны, наша. (Кожны, займеннік, азначальны.)
  • Падмарозіла, світае, не спіцца, малюе. (Малюе, дзеяслоў, асабовы.)
  • Усміхнуўшыся, прачытаны, завостраны, вымыты. (Усміхнуўшыся, дзеепрыслоўе.)
  • Далёка, весела, па-свойму, уголас. (Далёка, прыслоўе, месца.)
  • На, праз, для, пасля. (Пасля, прыназоўнік, вытворны.)
  • Што, каб, але, пакуль. (Але, злучнік, злучальны.)
  • Вось, менавіта, дзякуй, няўжо. (Дзякуй, выклічнік.)

Пакуль журы падводзіць вынікі, аб’яўляецца «рэкламная паўза» – удзельнікі мусяць прарэкламаваць квас «Хатні» з дапамогай аднакаранёвых слоў.

Варыянт адказу: смаката, смачненька, смачна, пасмакаваць.

  • Калдуны «Фразеалагічны калейдаскоп»

Вядучы прапануе ўдзельнікам аб’яднаць пераблытаныя кампаненты фразеалагізмаў, каб узнавіць правільную форму. За кожны правільны адказ – 1 бал.

Заданне 1. Знайдзіце пару

  • Аўгіевы пакуты. (Аўгіевы стайні.)
  • Хадзячая авечка. (Хадзячая энцыклапедыя.)
  • Заварыць табаку. (Заварыць кашу.)
  • Танталавы стайні. (Танталавы пакуты.)
  • Тачыць лапу. (Тачыць лясы.)
  • Блудная энцыклапедыя. (Блудная авечка.)
  • Важыць кашу. (Важыць табаку.)
  • Дамоклава грамата. (Дамоклаў меч.)
  • Смактаць лясы. (Смактаць лапу.)
  • Фількаў меч. (Фількава грамата.)

Заданне 2. Конкурс капітанаў

«Афіцыянт» на падносе выносіць карткі з заданнямі. Капітаны каманд па чарзе выцягваюць карткі і даюць адказы. За правільны адказ – 3 балы.

  • Пад імі блытаюцца, калі замінаюць; іх бяруць у рукі, калі хутка ўцякаюць; іх не чуюць пад сабою тыя, хто бягуць. (Ногі.)
  • У няўмелага, нязграбнага чалавека яны дзіравыя; у схільнага да крадзяжу – доўгія; у майстра – залатыя; імі нават можна заграбаць жар, калі яны чужыя. (Рукі.)
  • Ён гладка ходзіць у чалавека, які ўмее лёгка і прыгожа гаварыць, і заплятаецца ў таго, хто гаворыць невыразна. (Язык.)
  • Ёю можна біцца аб сцяну, яна можа ісці кругам, без яе можна застацца, калі страціць асцярожнасць. (Галава.)
  • Бессаромны чалавек пазычае іх у сабакі, на іх іншы раз лепей не паказвацца, з іх могуць сыпацца іскры. (Вочы.)
  • Міма іх можна ўсё прапусціць, яны могуць завянуць, за імі можа трашчаць. (Вушы.)
  • Гарнір «Літаратурны пачастунак»

Вядучы просіць удзельнікаў дапамагчы кухару літаратурнай кухні «прыгатаваць» байку, санет, паэму, баладу. Усе «стравы» складаюцца з 5 інгрэдыентаў, кожны з якіх можна выкарыстаць толькі адзін раз. За кожны правільна вызначаны інгрэдыент – 1 бал.

Інгрэдыенты:

  1. М. Багдановіч «Замёрзла ноччу шпаркая крыніца».
  2. Якуб Колас «Новая зямля».
  3. У. Корбан «Малпін жарт».
  4. А. Куляшоў «Маці».
  5. Павучальны сэнс.
  6. Сюжэтны верш.
  7. Вялікі вершаваны твор.
  8. Толькі 14 радкоў.
  9. Наяўнасць дзвюх абавязковых частак: сюжэт і мараль.
  10. Прыналежнасць або да французскай, або да італьянскай літаратурнай традыцыі.
  11. Наяўнасць элементаў фантастыкі.
  12. Спалучэнне рысаў эпасу і лірыкі.
  13. Часцей чатыры страфы (два катрэны і два тэрцэты).
  14. Гераічнасць або легендарнасць зместу.
  15. Магчымасць складацца ў вянкі і вянкі вянкоў.
  16. Паказ важных гістарычных падзей.
  17. Алегорыя.
  18. Наяўнасць лірычных адступленняў.
  19. Герой – незвычайны чалавек, выключная асоба.
  20. Прысутнасць выкрывальнага смеху.

  • Наліснікі «Незабудка» з загадкавай начынкай

Кожнай камандзе прапануецца па чарзе даць адгадкі на пяць загадак. За правільны адказ – 1 бал.

  • Нам патрэбна ў ядзе гэта беляніца, нарадзілася ў вадзе, а вады баіцца. (Соль.)
  • На градцы – доўгі і зялёны, а ў бочцы – жоўты і салёны. (Гурок.)
  • Сядзіць пані ў чырвоным жупане, хто жупан здзірае, той слёзы пралівае. (Цыбуля.)
  • Зялёная – ды не елка, чырвоная – ды не дзеўка, з хвастом – ды не мыш. (Буряк.)
  • Круглы хлявец поўны белых авец. (Гарбуз.)
  • Ён у самы санцапёк падстаўляе сонцу бок. Колерам зеленаваты, у цяльняшцы паласатай. (Кавун.)
  • Круглае, як сонца, гарыць пад ім донца; зарумянены бачок – шух на ручнічок! (Блін.)
  • Чырвонае цельца, каменнае сэрца, вінная на смак, а завецца як? (Вішня.)
  • Белы, як снег, салодкі, як мёд. (Цукар.)
  • Стаіць паненка, на ёй белая сукенка, а яшчэ шэсцьдзясят адзёжак і ўсе без засцёжак. (Капуста.)
  • Вадкае, а не вада, белае, а не снег. (Малако.)
  • Бывае чорны, белы і нават калі-нікалі падгарэлы. (Хлеб.)
  • У свінні яго нямала.

    Я вазьму сабе кавалак.

    Каб закуску згатаваць,

    Засталося мне дадаць

    Палавінку слова ТАТА –

    І гатовая… (Салата.)

  • Я ў свой рондаль пакладу

     Лес хваёвы. І пайду

     На градзе нарэжу шчаўя

     І дзве літаркі прыбаўлю.

     Ці не цуд? Анягож!

     Налівай чырвоны … (Боршч.)

  • Конь мой спрытны – самакат –

     Даў мне свой апошні склад.

     А надалей пойдзе ў нас

     Самы лепшы ў годзе час.

     Солім, перчым, смажым гэта –

     Атрымалася … (Катлета.)

ІІІ. Заключная частка

«Афіцыянт» раздае камандам рахунак у выглядзе колькасці балаў, якія набралі ўдзельнікі за кожную «страву». Журы падводзіць вынікі гульні і абвяшчае пераможцу. Вядучы аналізуе ход гульні і ступень падрыхтаванасці каманд.

ЛІТАРАТУРА

1. Беларускія загадкі / склад. Я. Саламевіч. – Мінск: Юнацтва, 1989. – 62 с.

2. Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы / склад. Ф. Янкоўскі. – 3-е выд., дапрац., дап. – Мінск: Навука і тэхніка, 1992. – 491 с.

3. Кажура, В. В. Скажы так, каб я зразумеў / В. В. Кажура. – Мінск: Выдавецкі цэнтр БА «Конкурс», 2022. – 128 с.