Лістападзьё

Трэці і апошні месяц восені лістапад адназначна звязваецца ў айчынных аматараў культурнага адпачынку з Мінскім міжнародным кінафестывалем “Лістапад”. Неяк некалькі гадоў назад давялося сутыкнуцца з дзіўным словам “лістападзіцца”. Не, гэта зусім не тое, што вы падумалі. Гэта не завіруха жоўта-чырвонай лістоты. Мне нешта лістападзіцца — гэта значыць, мне мроіцца класнае фестывальнае кіно. Сёлета ў кулуарах давялося пачуць іншае: “У іх там месье Дэпардзьё, а ў нас — Лістападзьё”.
І зразумей тут, у каго ў іх: у Францыі ці Расіі… А ў нас давялося падслухаць яшчэ адну размову ў кулуарах. “Слухай, а хітры ўсё-такі гэты Сукманаў (маецца на ўвазе вядомы кіназнаўца праграмны дырэктар “Лістапада” Ігар Сукманаў. — М.Ч.)! Збірае лепшыя фільмы з усяго свету і паказвае сабе ў Мінску! Дзіва што гледачам падабаецца!” — “Дык жа не хітры, а проста разумны!”

Праўду казалі падслуханыя мной людзі — і на гэты раз не падмануў нас ММКФ “Лістапад”. Хоць і без чырвонага дыванка і запрошаных суперзорак, “Лістапад-2014” адкрыўся прыгожа і ўрачыста. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па традыцыі накіраваў сваё віншаванне фэсту (падчас афіцыйнага адкрыцця яго агучыў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Тозік), у якім, у прыватнасці, адзначыў: “Трэцяе дзесяцігоддзе сваёй гісторыі “Лістапад” пачынае як аўтарытэтны форум, чыя высокая місія захавання маральных і эстэтычных ідэалаў кінематографа, падтрымкі наватарскіх пошукаў сучасных рэжысёраў знаходзіць водгук ва ўсім свеце. Сённяшні фестываль сабраў у беларускай сталіцы як праслаўленых майстроў, так і таленавітых дэбютантаў, іх творы дэманструюць шырокую панараму сучасных мастацкіх дасягненняў. Упэўнены, што “Лістапад” і ў далейшым будзе служыць справе развіцця кіно як мастацтва, накіраванага на духоўнае ўзвышэнне чалавека, а таксама ўмацаванню дружбы і культурнага супрацоўніцтва паміж народамі”.
Міністр культуры Барыс Святлоў уручыў прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё духоўнасці ў кінамастацтве” народнаму артысту Расіі Станіславу Гаварухіну. З цёплымі словамі ў адрас фестывалю звярнуліся вядомыя расійскія акцёры Аляксей Пятрэнка і Святлана Святлічная.
Са знакавых афіцыйных “лістападаўскіх” падзей варта адзначыць таксама падпісанне пагаднення паміж ММКФ “Лістапад” і Дзяржфільмафондам Расійскай Федэрацыі аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве. Як падкрэслілі ў прэс-цэнтры фестывалю, супрацоўніцтва з гэтай расійскай структурай будзе садзейнічаць захаванню адзінай культурнай прасторы і ўзбагачэнню праграмы будучых фестывальных паказаў “Лістапада”.
А далей было суцэльнае кіно…
8 лістапада ў кінатэатры “Кастрычнік” паказалі фільм Станіслава Гаварухіна “Weekend — чорна-белы нуар”, зняты ў стылістыцы 60-х гадоў па матывах рамана французскага пісьменніка Ноэля Калефа “Ліфт на эшафот”. Падзеі з Парыжа сярэдзіны ХХ стагоддзя ў кінастужцы перанесены ў сучасную Маскву: напярэдадні выхадных менеджар буйнога маскоўскага холдынга Ігар Лебедзеў (яго ролю ў фільме выканаў Максім Мацвееў) з мэтай утойвання сваіх фінансавых злачынстваў забівае ў сваім офісе аўдытара кампаніі і спрабуе выдаць яго смерць за няшчасны выпадак, але, вяртаючыся потым па важныя паперы, якія ён забыў у офісе на стале, становіцца палоннікам ліфта на ўсе два дні ўік-энду; у панядзелак яго адтуль вызваляюць і тут жа прад’яўляюць абвінавачанне па падазрэнні ў забойстве сямейнай пары шведскіх турыстаў Ральфа і Марыі Юхансанаў, якія таксама былі забіты на выхадных; такім чынам, Лебедзеў апынаецца перад дылемай — прызнацца ў забойстве аўдытара і тым самым атрымаць алібі ў выпадку з Юхансанамі або не прызнавацца, але ўзяць чужую віну на сябе. Аднак ні адзін з гэтых варыянтаў не з’яўляецца выйсцем, бо ўсе доказы свайго сапраўднага злачынства Ігар Лебедзеў знішчыў.
Фільм Weekend, у якім, акрамя Максіма Мацвеева, сыгралі такія вядомыя расійскія акцёры, як Віктар Сухарукаў, Аляксандр Дамагараў, Кацярына Гусева і інш., быў зняты ў 2012 годзе. Цікава, што летась пасля прэм’еры гэтай карціны ў Расіі Станіслаў Гаварухін прылюдна зарокся здымаць кіно, бо быў вельмі збянтэжаны рэакцыяй гледачоў, якія смяяліся падчас сеанса. 8 лістапада 2014 года ў кінатэатры “Кастрычнік” у Мінску, здаецца, не смяяўся ніхто. Проста нікога не рассмяшыла трагедыя аднаго маленькага чалавека, які на два дні засеў у ліфце — у гэтым сімвале наскрозь злачыннага офіса ці нават мегаполіса. Хоць гэты чалавек ёсць забойца.
“Бывай, мова”, 3D, Францыя, 70 хвілін, рэжысёр Жан-Люк Гадар, 2012 год. Хто такі Гадар і што такое асацыіраваная з гэтым іменем з’ява “французскай новай хвалі” — адукаваным людзям, думаецца, тлумачыць не трэба. Прадстаўляючы гэты фільм у нядзелю на “Лістападзе”, Ігар Сукманаў быў наогул катэгарычны: “Абсалютнае пагружэнне ў кіно нам сёння забяспечана. Гаварыць нешта пра Гадара перад яго фільмам — гэта рэч зусім марная і, напэўна, няправільная. Бо дзве хвіліны вашай увагі не змогуць хоць у нейкай ступені растлумачыць гэты ўнікальны феномен. Але адно важнае паведамленне я зараз усё-такі хацеў бы вам перадаць: Гадар не здымае фільмы, ён робіць кіно. Гісторыя — гэта мана. А вось фільм, выява — гэта і ёсць тая самая ісціна, тыя 24 кадры ў секунду, якія толькі і існуюць. Абсалютна непарушныя. І з гэтага ракурсу для Гадара не існуе ніякага іншага бога, чым той бог, якому імя кінематограф. Гледзячы Гадара, мы не пагружаемся ні ў якую наратыўную структуру — мы проста атрымліваем асалоду ад выявы, ад той кінапаэтыкі, якая прынесла яму сусветную славу. Развітвайцеся з мовай! Вітайце рэальнае кіно!”
Да гэтага каментарыя спецыяліста хацелася б дадаць хіба тое, што Жан-Люк Гадар рабіў гэты фільм у 82-гадовым узросце, не пабаяўшыся здымаць яго ў фармаце 3D. Яшчэ кажуць, што галоўную ролю ў стужцы сыграў яго ўласны сабака. Сам рэжысёр на пытанне “Пра што яго кіно?” адказваў коратка: “Яно пра мужчыну і жанчыну, якія больш не гавораць на адной мове. І тады з імі пачынае размаўляць сабака, якога яны выгульваюць”. Зрэшты, Гадар тут, безумоўна, хітраваў. Развітанне з мовай — менавіта развітанне з прывычнай нам кінамовай і знаёмства з зусім новым светам кіно, на што намякаў Сукманаў. Ну, а “звычайная” мова, так званы наратыў? Яны ўсё ж таксама прысутнічалі ў фільме. Вось некаторыя з “цітраў”, якія найбольш запомніліся: “Мы жывём паміж ідэяй і метафарай, але ні адно, ні другое не з’яўляецца ісцінай”; “Ёсць толькі дзве абсалютныя велічыні — нуль і бясконцасць. Гэта — смерць і секс”; “Усё, пра што казаў Гітлер, ён рабіў”; “Мне сказаў мой сабака: “Толькі вы, людзі, ведаеце, што такое смерць”. На гэтым пра Гадара хопіць…
А трэцім фільмам, які пакуль мне давялося паглядзець на сёлетнім “Лістападзе”, была драма маладога амерыканскага рэжысёра Дэм’ена Шазела “Утрапёнасць” (з праграмы “Маладосць на маршы”). Шчыра кажучы, пачуўшы прэлюдыю ад усяго таго ж Ігара Сукманава — маўляў, гэта не проста фільм, а фільм-метафара пра ўзаемаадносіны вучня і настаўніка, які цалкам абвяргае пушкінскі тэзіс пра тое, што геній і злачынства — рэчы несумяшчальныя, — я западозрыў якісьці нядобры кантэкст. Але мае падазрэнні былі беспадстаўнымі. Фільм Дэм’ена Шазела насамрэч пра вучня, юнага джазмена Эндру Неймана, і яго настаўніка кіраўніка джаз-бэнда Тэрэнса Флетчэра, які… не проста настаўнік, але яшчэ і сапраўдны кат, які бясконца прыніжае, зневажае сваіх вучняў, асабліва самага любімага з іх — Эндру. Гэтакая амерыканская варыяцыя на тэму “Хто каго любіць, той таго чубіць (дзеля поспеху на сцэне)”. Сваю філасофію Тэрэнс Флетчэр фармуляваў прыблізна наступным чынам: “Ніякага развіцця не будзе без пераадолення непераадольнага. На сцэну, сабакі! За інструменты, быдла! Я з вас усё-такі зраблю новых Луі Армстрангаў і Чарльзаў Паркераў!” Рукі ў барабаншчыка Эндру Неймана пасля рэпетыцый былі ўсе ў крыві… Джаз, аказваецца, гэта не толькі музыка. Гэта яшчэ і трылер. Эх, як бы хацеў я ўзяць інтэрв’ю ў рэжысёра Дэм’ена Шазела!
Лістапад і “Лістапад” працягваюцца…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.