Лісты з фронту

- 10:34Год гістарычнай памяці

На працягу некалькіх гадоў калектыў Дубавіцкага дзіцячага сада — базавай школы працуе над праектам “Захаваем памяць пра Вялікую Айчынную вайну разам”. 

Намаганнямі навучэнцаў, педагогаў і баць­коў быў створаны і працягвае работу міні-музей “Назад у СССР”. Ён прысвечаны гісторыі вёскі Дубавіца: ад часу ўтварэння першага калгаса “Чырвоны дабраволец” да яго пераўтварэння ў КСУП “Дубавіца”.

Цэнтральнае месца ў нашым музеі займаюць экспазіцыі, прысвечаныя  героям Кармяншчыны, якія аддалі жыццё за Радзіму. Навучэнцы збіраюць літаратуру, прысвечаную падполлю Кармянскага раёна, дакументальныя крыніцы, сведчанні членаў сям’і, аднакласнікаў, паплечнікаў ветэранаў вайны, працаўнікоў тылу… Наш музей невялікі, але нам ёсць чым ганарыцца. У экспазіцыях сапраўдныя матэрыялы, якія раскрываюць самыя важныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцый некалькі: “На старой фатаграфіі салдат…”, “Пра што расказваюць старыя газеты і часопісы часоў СССР”, “Дзеці вайны”, “Яны прайшлі дарогамі вайны”, “Вялікая Айчынная вайна на старонках кніг і плакатаў”. 

Мы ганарымся тым, што ў нашым музеі захоўваюцца лісты з фронту. Кранае за душу гісторыя жыхара вёскі Івана Паўлавіча Сідарэнкі, які нарадзіўся ў 1908 годзе. У першыя дні вайны ён піша сям’і пра тое, што верыць — перамога не за гарамі: “Нас апранулі добра: выдалі новую бялізну, паўкажушкі і вучылі да 3 студзеня. А зараз адпраўляемся на фронт. Чакай наступнага ліста…” Іван Паўлавіч з вайны не вярнуўся. У яго засталіся жонка і двое дзяцей.

Захоўваюцца ў нашым музеі асабістыя рэчы ветэрана Анатоля Еўсцягнеевіча Жураўлёва. Сярод іх — Па­дзячны ліст Сталіна, сямейныя фатаграфіі, дакументы да ордэнаў і медалёў за ўдзел у штурме і ўзяцці Берліна і вызваленні Прагі.

Калі мы збіраем матэрыял аб знаёмых людзях, стаўленне да далёкіх ваенных падзей мяняецца. З творчых і даследчых работ навучэнцаў мы даведаліся пра лёсы такіх выдатных аднавяскоўцаў, як Ціхан Васільевіч Конанаў. Ён быў першым дырэктарам нашай школы, партызаніў у гады вайны ў атра­дзе імя Варашылава ў нас на Кармяншчыне. А вось Мікалай Васільевіч Гарбачоў у складзе СМЕРШа браў удзел у ліквідацыі банд фашысцкіх памагатых у Заходняй Беларусі, а пасля вайны — у Эстоніі і Літве. Кузьма Кандрацьевіч Нікіцін — першы старшыня нашага калгаса “Чырвоны дабраволец”. Ён ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай і ў Маньчжурыі, пасля вайны пад яго кіраўніцтвам калгас быў цалкам адноўлены і выйшаў у перадавікі…

Мы імкнёмся запісаць і захаваць аповеды малалетніх сведак, дзяцей вайны пра той страшны час. Жыццё сведак вайны — прыклад самаахвярнасці і гераічнасці для нас, таму работа будзе працягвацца і далей. 

Аксана ЛАШКЕВІЧ, 
кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Гісторыкі-краязнаўцы”.