Логіка + матэматыка = інтэлект + маўленне: гульні логіка­-матэматычнага зместу для дашкольнікаў

- 17:14Образование

Гульні логіка­-матэматычнага зместу не толькі спрыяюць развіццю інтэлектуальных здольнасцей, але і ўдасканальваюць памяць, увагу, творчае мысленне, маўленне.

На жаль, сёння цяжка знайсці дашкольніка зусім без парушэнняў маўлення. Чаму так адбываецца? Адказ відавочны: жывыя зносіны, сумесныя гульні выцясняюцца камп’ютарнымі гульнямі і мульцікамі. Таму мая галоўная задача як настаўніка-дэфектолага, які працуе з дзецьмі з АПФР, — сфарміраваць у выхаванцаў жаданне, а затым патрэбу дзяліцца думкамі, выказваць свае просьбы, уменне слухаць і чуць суразмоўніка, а затым сябе.

Старажытны філосаф Канфуцый сцвярджаў: “Скажы мне — і я забуду, пакажы мне — і я запомню, дай мне зрабіць — і я зразумею”. Праводзячы карэкцыйна-педагагічныя заняткі з рознымі катэгорыямі дзяцей з АПФР у пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, стараюся стварыць такія ўмовы, пры якіх дзіця будзе адчуваць сваю паспяховасць, інтэлектуальную дасканаласць. Даказана, што развіццё маўлення непарыўна звязана з развіццём мыслення — найважнейшага псіхічнага працэсу, які забяспечвае чалавеку здоль­насць вырашэння любых пастаўленых перад ім задач. Вынікам мыслення з’яўляецца думка, выказаная ў словах.

Расказаць, паказаць, растлумачыць — сёння гэтага недастаткова. Важна наву­чыць выхаванцаў не чакаць гатовых рашэнняў, а шукаць і знаходзіць адказы самім. Таму, на мой погляд, развіваць разумовую дзей­насць, пазнавальныя здольнасці трэба з самага ранняга ўзросту.

Прыярытэтнай формай работы ў гэтым кірунку выступаюць гульні логіка-матэматычнага зместу, якія не толькі спрыяюць развіццю пазнавальных і інтэлектуальных здольнасцей, але і ўдасканальваюць памяць, увагу, уяўленне, лагічнае і творчае мысленне, а таксама, што вельмі важна, маўленне. Напрыклад, гульня “Злучы кропкі і атрымай малюнак” развівае арыенціроўку на лісце паперы (уверсе, унізе, справа, злева).

У гульні “Геаметрычныя дрэвы” прапаную дзецям размясціць на стале геаметрычныя фігуры ў такім парадку, як растуць дрэвы, у якіх крона ў выглядзе геаметрычных фігур. Асноўная задача — развіццё ведаў аб геа­метрычных фігурах.

Яшчэ адна гульня, накіраваная на развіццё інтэлектуальных здольнасцей, — “Чароўныя палачкі”. Падчас яе развіваецца ўменне адлічваць зададзеную колькасць прадметаў. Напрыклад, даю заданне дзецям, каб яны пабудавалі домік па інструкцыі: сцяна — квадрат з 8 палачак, трохвугольны дах з 4 палачак, квадратнае акно з 4 палачак, на гарышчы — трохвугольнае акно з 3 палачак.

Практыка маёй работы паказвае, што выкарыстанне гульняў логіка-матэматычнага зместу на занятках у дзіцячым садзе павышае пазнавальную цікавасць дашкольнікаў, актывізуе разумовую дзейнасць, развівае творчы падыход да справы. А галоўнае, такія заняткі характарызуюцца высокай маўленчай актыўнасцю.

Ганна АНДРЫЕЎСКАЯ,
настаўнік-дэфектолаг
дзіцячага сада № 1 Докшыц