Мілагучная, чыстая, звонкая… Менавіта такой мы ведаем нашу родную мову. А стала яна такой дзякуючы нам, носьбітам, і толькі з-за нас яна можа страціць сваю веліч і прыгажосць. Многія паэты і пісьменнікі нашай краіны заклікаюць беларусаў да захавання таго адзінага непарушнага, што засталося нам у спадчыну ад бацькоў і прадзедаў, — свайго маўлення. У Смаргонскім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці праводзіцца вялікая работа па далучэнні дзяцей да моўнай спадчыны беларусаў.
Мы вырашылі ўнесці свой невялікі ўклад у станаўленне і развіццё беларускага маўлення.
Большую частку ўражанняў чалавек выносіць са свайго дзяцінства. Гэтыя ўражанні застаюцца з ім на ўсё жыццё. Адзін з найважнейшых набыткаў дзіцяці — авалоданне роднай мовай як сродкам зносін і пазнання навакольнай рэчаіснасці. Дашкольны ўзрост лічыцца найбольш спрыяльным у гэтым плане. Найбольшую цяжкасць выклікае фарміраванне ў малышоў звязнага маўлення, умення ажыццяўляць паўнавартасныя зносіны з дарослымі і равеснікамі.
Дзякуючы таму, што сінтаксіс рускай і беларускай моў у асноўным супадае, працэс навучання дашкольнікаў беларускаму звязнаму маўленню аблягчаецца: дзеці могуць карыстацца тымі структурнымі схемамі, якія ўжо ёсць у іх памяці, запаўняючы іх беларускай лексікай у адпаведнай граматычнай форме. Здольнасць звязна выказваць свае думкі патрабуе ад дзіцяці ведання неабходнага мінімуму лексічных адзінак і ўмення актыўна імі карыстацца. Для дасягнення гэтага трэба не толькі адабраць словы, якія найбольш дакладна падыходзяць для выказвання пэўнай думкі, але і ўмець іх вымавіць у адпаведнасці з арфаэпічнымі нормамі, правільна выкарыстаць інтанацыйныя сродкі, лагічны націск. На звязнасць маўлення ўплывае ўзровень развіцця яго граматычнага ладу, асабліва сінтаксічнага. Трэба ўмець будаваць розныя тыпы сказаў, а таксама выкарыстоўваць розныя маўленчыя сродкі для сувязі сказаў паміж сабой, пераходу ад аднаго сказа да другога.
Нельга вывучаць мову пад прымусам, яна павінна ўвайсці ў сэрца і думкі дзяцей непрыкметна, лёгка. А для гэтага выхавальніку неабходна спалучаць разнастайныя формы работы, якія б не прымушалі дзіця завучваць, а падштурхнулі да свядомага жадання запомніць новае слова, паэтычны радок, падзяліцца радасцю свайго адкрыцця з сябрамі, бацькамі.
У групы нашага дашкольнага цэнтра была набыта адпаведная дзіцячая літаратура. Выхавальнікі распрацавалі шэраг памятак, парад для бацькоў на роднай мове, кансультацый для бацькоў па захаванні роднай мовы. Мы заклікаем бацькоў і дзяцей гаварыць па-беларуску дома. Менавіта ў сям’і дзіця далучаецца да лексічнага, граматычнага і, што вельмі важна, да фразеалагічнага слоўніка (парады “Мудраслоўе на кожны дзень”, “Як выхаваць беларуса”, папка-перасоўка “Любі сваю хатку, як родную матку”). Праводзяцца гутаркі з бацькамі па гэтай тэме.
З бацькамі і дзецьмі арганізоўваецца сумесная рознабаковая дзейнасць. Выпускаюцца сямейныя газеты, ствараюцца рукатворныя кнігі, пішуцца міні-сачыненні пра дзяцей, інсцэніруюцца беларускія казкі на роднай мове, ідзе знаёмства з мастацкай літаратурай на беларускай мове, праводзяцца сумесныя святы (“Свята ўраджаю. Багач”, “Яблычны Спас”, “Мядовы Спас” і іншыя), экскурсіі. Бацькі разам з дзецьмі выпускаюць газеты на роднай мове (“Беларусачка”, “Шляхамі Смаргоншчыны”, “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “З якога я краю”), куды ўключаюць фотаздымкі сваёй сям’і, уласныя вершы. Бацькі таксама складаюць свае радаводы. Некаторыя сем’і прыходзяць у такое захапленне ад гэтай работы, што ствараюць сапраўдныя шэдэўры.
Не абыходзіцца і без напісання творчых сачыненняў пра свайго любімага наведвальніка дзіцячага сада. Пра каго яшчэ бацькі могуць напісаць так шчыра, эмацыянальна і цёпла, як не пра сваё дзіця. А калі гэтае сачыненне напісана на роднай мове, то і чытаць яго яшчэ цікавей. Творчыя сачыненні бацькоў пра сваіх дзяцей аб’яднаны ў вялікую папку “Штрыхі да партрэта майго дзіцяці”, якая пастаянна папаўняецца новымі работамі.
Выхавальнікі падрыхтавалі кнігу для бацькоў “Любі, браток, родны куток!”, якая змяшчае вершы беларускіх паэтаў. Інфармацыя ў кнізе пастаянна абнаўляецца. Бацькі з задавальненнем знаёмяцца з творамі не толькі класікаў беларускай літаратуры, але і сучасных аўтараў. Яны малююць разам з дзецьмі на беларускую тэматыку. Да гэтых работ далучаецца “подпіс мастака”, яны суправаджаюцца вершамі і апавяданнямі пра родную старонку. З такіх малюнкаў была створана рукатворная кніга “Мой родны кут, як ты мне мілы!”.
Вядома, што словы, якія чалавек чуў з маленства, ад родных людзей, не забываюцца ніколі. Выхавальнікі праводзяць абагульненне адпаведнага сямейнага вопыту. Матэрыялы афармляюць на беларускай мове і распаўсюджваюць сярод бацькоў.
Для развіцця маўлення дзяцей сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту выкарыстоўваюцца таксама камунікатыўныя гульні, якія далучаюць іх да народнай спадчыны, развіваюць звязнае маўленне, фантазію, выхоўваюць пачуццё калектывізму. Беларускія народныя гульні ўключаюцца ў спецыяльна арганізаваную дзейнасць, праводзяцца падчас прагулак, пры падрыхтоўцы народных свят. Нашы выхаванцы маюць выдатную магчымасць мець зносіны з выхавальнікам на беларускай мове не толькі падчас заняткаў, але і ў нерэгламентаванай дзейнасці, што спрыяе фарміраванню здольнасці да моўных абагульненняў.
Педагогі знаёмяць дзяцей з вобразна-выяўленчымі магчымасцямі мовы — ужываннем сінонімаў, паўтораў, выкарыстаннем лексіка-семантычных груп. Дзеці павінны зразумець, што моўныя сродкі трэба выкарыстоўваць у адпаведнасці з мэтай выказвання, у суаднесенасці кампазіцыі і формы. Выхаванцаў знаёмяць з беларускай мастацкай літаратурай. Ім чытаюць шмат казак, вершаў, пацешак на роднай мове. Захапленне казкамі дапамагае актывізаваць вуснае маўленне дзяцей. Пры гэтым выхавальнік павінен накіроўваць станоўчыя эмоцыі дзяцей у рэчышча свядомага асэнсаванага моўнага навучання.
У практыку работы Смаргонскага ДЦРД актыўна ўвайшлі тэматычныя бацькоўскія сходы “Да сваіх каранёў”, на якіх бацькі маюць магчымасць абмяняцца з выхавальнікамі і іншымі бацькамі вопытам патрыятычнага выхавання ў сваіх сем’ях. Закранаецца і праблема суб’ектыўнага ўспрымання мовы, прычыны недасканаласці валодання ёю і пошуку стымулаў для актывізацыі моўнай дзейнасці ў дзяцей.
Беларускі народ мае дастаткова багатую вусную народную спадчыну. Тое, што стагоддзямі збіраў народ, захавана нашымі нашчадкамі для нас у многіх зборніках, энцыклапедыях. Мы вырашылі падзяліцца з бацькамі тым матэрыялам, які тычыцца беларускага календара. Народ прыдумаў шмат прыказак, прымавак, чыстагаворак, вершаў пра жыццё прыроды, яе суіснаванне з чалавекам. Складзены яны на аснове назіранняў за зменамі надвор’я, паводзінамі жывёл у розныя поры года. З гэтай нагоды намі была створана калонка “Вытокі народнай мудрасці”. Там змешчана цікавая інфармацыя для бацькоў і дзяцей, якая размеркавана па месяцах.
Выхавальнікі і дзеці не маглі застацца абыякавымі да такой цікавай работы. Дзеці з задавальненнем ужываюць у маўленні беларускія ветлівыя словы. Дапамагаюць выхавальнікам, дзецям і бацькам у вывучэнні беларускай мовы лялька Бульбашык і папяровая лялька — вясковая дзяўчынка Алеся, якія прыходзяць на заняткі. Усё новае, з чым знаёмяцца дзеці на занятках, выхавальнікі запісваюць на аркуш паперы, кладуць у кішэнь. Бацькі могуць зазірнуць туды і даведацца, што вывучаюць іх дзеці, і дома працягнуць работу па запамінанні новай інфармацыі.
Гэта далёка не ўвесь пералік той работы, якая вядзецца ў Смаргонскім ДЦРД па папулярызацыі беларускай мовы. Хацелася б адзначыць і развіццёвае асяроддзе, якое створана агульнымі намаганнямі бацькоў і выхавальнікаў у групах. Гэта і мадэль сялянскай сядзібы, і міні-куток “Гаспадынька запрашае”, і выстава новай дзіцячай літаратуры на беларускай мове, і куток беларускай сімволікі, беларускай архітэктуры, міні-музей беларускай народнай творчасці.
Мова тоіць у сабе шмат чараўніцтва, шмат невядомых таямніц. Вучыцеся, фантазіруйце, шукайце. І тады вам адкрыецца не толькі цуд мовы, але і цуд мыслення, цуд пазнання, цуд жыцця.
Вера БУЯКЕВІЧ,
выхавальнік-метадыст Смаргонскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці.